У Данецкай вобласці ў выніку «прылёту» загінула 16-гадовая дзяўчынка і яе 10-гадовы брат


Днём 21 ліпеня расейскія войскі абстралялі сяло Дружба ў Данецкай вобласці. Ахвярамі абстрэлу сталі двое дзяцей – брат і сястра, паведаміў кіраўнік ваеннай адміністрацыі вобласці Павел Кірыленка.

Вынікі абстрэлу сяла Дружба Данецкай вобласці. Крыніца: pavlokyrylenko_donoda / Telegram

Загінулай дзяўчынцы было 16 гадоў, яе брату – 10 гадоў. Адзін са снарадаў патрапіў у двор, дзе знаходзіліся дзеці.

«Каля трох гадзінаў дня рашысты абстралялі пасёлак з артылерыі – адзін са снарадаў патрапіў у двор, дзе знаходзіліся дзеці, – 10-гадовы хлопчык і 16-гадовая дзяўчынка. Брат і сястра. Яны атрымалі раненні, несумяшчальныя з жыццём», – паведаміў Павел Кірыленка.

Акрамя таго, у тым жа пасёлку падчас абстрэлу была параненая пажылая жанчына – яна дастаўлена ў больніцу.

Кіраўнік ваеннай адміністрацыі вобласці заклікаў бацькоў непаўналетніх дзяцей вывозіць іх з небяспечнай зоны. «Дзеці не павінны жыць побач з вайной. За захаванасць іх жыцця вы адказваеце ў тым ліку і перад законам», – нагадаў ён.

Па афіцыйных дадзеных з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіне загінулі 494 дзіцяці, больш за 1562 дзяцей пацярпелі.

Таксама 2 чалавекі загінулі ў выніку начных абстрэлаў Канстанцінаўкі ў Данецкай вобласці.Расейцы ўдарылі па горадзе з «Градаў», якія патрапілі ў прыватны дом. Загінулі муж і жонка, дзіця засталося сіратой. Аскепкамі і ўдарнай хваляй пашкоджаны 20 прыватных дамоў, школа і газаправод.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў