Паўстанне ціхай вады: ТОП-5 павадкаў у Беларусі ды свеце


Моцныя дажджы прывялі да затаплення шмат якіх тэрыторыяў у Еўропе. Толькі ў Нямеччыне загінулі 166 чалавек, 36 асобаў сталі ахвярамі воднай стыхіі ў Бельгіі, па адным чалавеку загінулі ў Аўстрыі, Італіі і Румыніі. Сотні атрымалі раненні. Як мінімум 320 чалавек дагэтуль лічацца зніклымі без вестак. Фінансавая шкода ацэньваецца на мільярды еўраў.

Затопленая вадой вуліца ў Люксембурзе. Крыніца Tristan Schmurr

Вада пачала адступаць, аднак улады захоўваюць стан павышанай гатовасці да новых удараў прыроды. Эколагі кажуць, што павадкі і навадненні сталі больш частымі ў Старым свеце, бо змяніўся клімат.

Аднак якімі былі найбольш моцныя павадкі ў вядомай нам гісторыі чалавецтва?

Што такое павадак?

Павадак – гэта значнае павелічэнне ўзроўню вады ў вадаёме, звычайна выкліканае дажджамі ці раставаннем снегу падчас адлігі. Вада можа выйсці з берагоў і затапіць вялікія абшары зямлі, забіваючы людзей і знішчаючы маёмасць. У адрозненне ад разводдзя, якое здараецца толькі ўвесну, павадак можа адбыцца ў любы час.

Самы вялікі і загадкавы

Найбольш вядомы ўсім нам павадак – гэта Сусветы патоп, аповед пра які сустракаецца не толькі ў Бібліі, але і ў шмат якіх паданнях розных дахрысціянскіх і нехрысціянскіх народаў. Звычайна Сусветны патоп апісваецца як катаклізм, выкліканы правінамі і злачынствамі людзей. На Зямлю абрынуліся залевы, ад чаго рэкі і акіяны выйшлі з берагоў, забіўшы амаль усіх людзей на планеце.

Гісторыкі, археолагі, геолагі дагэтуль не прыйшлі да агульнай версіі наконт таго, якім чынам звесткі пра Сусветны патоп захавалі многія народы, якія жылі за дзясяткі тысяч кіламетраў адзін ад аднаго.

Гістарычны графік пад’ёму вады ў Сусветным акіяне. Крыніца Robert A. Rohde

Фактам жа застаецца тое, узровень Сусветнага акіяну падымаўся ўвесь час з апошняга ледавіковага максіму – за 20 тысяч гадоў узровень вады ў свеце вырас больш чым на 120 метраў. Найбольш рэзкія падʼёмы (на дзясяткі метраў) адбыліся 14–15 тысяч гадоў таму і 9–11 тысяч гадоў таму.

Самы забойчы ў пісанай гісторыі

Людзі заўсёды любілі сяліцца па берагах рэкаў – там, дзе заўсёды ёсць вада для піцця і паліву палёў, а таксама можна перасоўвацца ў чоўнах. У гэтых рэгіёнах заўсёды жыла большасць насельніцтва. Аднак гэта ж прыводзіла і да найбольшых ахвяраў у выпадку павадкаў.

Ратуша гораду Хань-Коў падчас павадку 1931 года. Крыніца wikimedia.org

Гэтак у 1931 годзе паўднёва-цэнтральны Кітай стаў ахвярай серыі вялізарных павадкаў найбуйнейшых рэкаў краіны – Янцзы, Хўайхэ і Хўанхэ. Высокая вада дайшла да сталіцы краіны – Нань-Цзін – і амаль цалкам яго разбурыла. Узровень вады перавысіў норму аж на 16 метраў. Уначы 25 жніўня вада змыла дамбы ў Вялікім канале, за некалькі гадзінаў загінулі каля 200 000 чалавек.

У сувязі з велізарнай колькасцю трупаў у рэгіёне пачаліся эпідэміі халеры і тыфу, пачаўся голад. Агульная колькасць ахвяраў трагедыі ацэньваецца па-рознаму, ад 500 тысячаў да 4 мільёнаў чалавек.

Зямля, якая засталася пад вадой

Часцей за ўсё ў Еўропе магутныя павадкі з вялізарнымі стратамі адбываліся ў Нідэрландах і Бельгіі – краінах, вядомых складанай сістэмай пабудаваных каналаў і дамбаў, дзе людзі доўгі час займаліся асушэннем земляў, каб адваяваць больш тэрыторыі для гарадоў і пасеваў.

Горад Рэймэрсваал. Крыніца Goosen, H.W – Zeeuws Archief

Найбольш моцна стыхія ўдарыла па гэтым рэгіёне 5 лістапада 1530 года, калі вада затапіла вялікія часткі Фландрыі і Зеландыі. У тым ліку была цалкам страчаная і дагэтуль застаецца пад вадой зямля Рэймэрсваал – яна так і ўвайшла ў гісторыю як Затопленая зямля. Пад ваду сышлі каля 20 вёсак, гарадоў і замкаў. На нейкі час застаўся на выспе толькі горад Рэймэрсваал – які канчаткова апусціўся пад ваду ў 1634 годзе.

Лічыцца, што ад павадку 1530 года загінулі да 100 000 чалавек.

Самы моцны павадак у Беларусі

Найбольш падрабязныя звесткі засталіся пра павадак у Беларусі ў 1931 годзе, калі пасля позняй зімы рэзкае раставанне вялікіх абʼёмаў снегу і лёду прывяло да магутнага падʼёму вады ва ўсіх беларускіх рэках.

Гэтак, 21 красавіка ў сярэдзіне дня вада пачала заліваць Менск – будынкі ў ваколіцах вуліцаў Садовай, Пралетарскай, Татарскай, Першамайскай ды іншых. Таксама стала заліваць вадой гарадскую электрастанцыю Эльвод (у ваколіцах сучаснага цырку). Электрастанцыя выйшла са строю, у выніку чаго горад застаўся без свету і вады.

Павадак у Менску ў першай палове XX стагоддзя. Крыніца «Арт Сядзіба»

Многія дамы аказаліся ў вадзе амаль па дах – 22 красавіка ўзровень вады быў амаль на 4 метры вышэйшы за сярэдні гадавы ўзровень. Спыніліся амаль усе прадпрыемствы гораду. Перастаў хадзіць трамвай, знесла некалькі мастоў праз Свіслач, размыла чыгуначныя каляіны ў бок Барысава і Бабруйску.

Па ўсёй Беларусі былі пашкоджаныя дамбы, дарогі, масты, будынкі, лініі сувязі, гідракамунікацыі. Аднак, згодна з афіцыйнымі паведамленнямі, загінулі толькі некалькі чалавек.

Самы моцны павадак у XXI стагоддзі

Пакуль што найбольш людзей у нашым стагоддзі забіў павадак чэрвеня 2013 года ў паўночнай Індыі і Непале, які пачаўся з нечакана моцных дажджоў. Залевы не толькі перапоўнілі рэкі, але і выклікалі раставанне горных снягоў.

Спадарожнікавы здымак дажджавых хмараў над паўночнай Індыяй 17 чэрвеня 2013 года. Крыніца NASA, MODIS Rapid Response

Магутны рух вады выклікаў шматлікія апоўзні – зрушэнні ўніз грунту, які фармаваў схілы гораў і ўзгоркаў. Стыхія знесла цэлыя вёскі, а таксама мястэчка Рам-Бада. Агульная колькасць паселішчаў, закранутых катастрофай, перавысіла 4,5 тысячы. Загінули 5748 чалавек.

РЛ, belsat.eu

 

Стужка навінаў