«Мы прадаем за бясцэнак, а нехта нажываецца». Чаму альшанскія фермеры выкідваюць агуркі?


У інтэрнэце разышлося відэа, на якім мужчына расціскае нагамі і коламі грузавіка рассыпаныя гуркі і эмацыйна абураецца коштам 10 капеек. Адбываецца гэта нібыта ў гурковай сталіцы Беларусі – Альшанах. «Белсат» паразмаўляў з мясцовымі фермерамі пра гэты ролік і пра тое, што ж адбываецца сёлета з агуркамі.

Скрыншоты з відэа «Это не санкции: в Ольшанах давят огурцы, закупочная цена виновата». Крыніца: Першы Рэгіён / YouTube

«Прадаваць за 10 капеек – гэта бясплатна»

Іван Грыб займаецца фермерствам ужо больш за 20 гадоў. У 2000 годзе мужчына заснаваў фермерскую гаспадарку «Альшаны», якая цяпер – адна з найбуйнейшых у рэгіёне. Спадар Іван шмат што паспрабаваў вырошчваць: гародніну, ягады – шукаў, што будзе найбольш запатрабаваным. Займаўся і гуркамі, але апошнім часам вырашыў адмовіцца ад іх – нявыгадна.

– Мы цяпер вырошчваем таматы, і яны ў нас добра ідуць. А гуркоў не бяруць, няма пакупнікоў, кошты ўпалі, – кажа фермер. – А тым больш за 10 капеек людзі і прадаваць не хочуць, таму і выкідваюць. Бо крыўдна. Летась былі кошты 60–70 капеек – хоць нешта. А на гэтым тыдні ўпалі да 10 капеек. Такога яшчэ не было. А каб фермер мог хоць нешта зарабіць, мусіць быць хаця б 60–70 капеек. 10 – гэта бясплатна.

Спадар Іван лічыць, што прычына – у перанасычанасці рынку, што гуркоў вырошчваюць зашмат – і фермеры, і людзі на сваіх прыватных гаспадарках. Таматаў, зрэшты, таксама шмат, зазначае фермер, але ў сваёй гаспадарцы ён знайшоў выйсце абысці канкурэнцыю: пачаў вырошчваць малінавы тамат, якім пакуль ніхто ў рэгіёне не займаецца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына збірае ўраджай агуркоў у гаспадарцы «Азярыцкі-Агра». Менская вобласць, Беларусь. 7 красавіка 2019 года.
Фота: Наталля Фядосенка / TASS / Forum

– І ў выніку добра пайшло. У нас купляюць супермаркеты, ва Украіну адпраўляем фуры, – кажа спадар Іван. – Мы імкнемся ўсё прыгожа акуратна ўпакаваць, каб людзям падабалася. Закупачныя кошты на таматы цяпер у нас добрыя. Супермаркеты бяруць за 2 рублі 30 капеек, ва Украіну адпраўляем па 2 рублі 40 капеек. Раней і ў Польшчу вазілі, але растаможку паднялі. Яшчэ ягады прадаем – вельмі добра ідзе таксама.

Сёлета гуркоў не бяруць і кансервавыя заводы

Паводле спадара Івана, фермерам крыўдна, што закупачныя кошты такія нізкія, у выніку яны не хочуць нават збіраць агуркі.

– Бо гэта ж вялізная праца – вырасціць іх. Паліваць, даглядаць, – тлумачыць альшанскі фермер. – Цяпер людзі не хочуць абслугоўваць цяпліцы, рваць гэтыя гуркі. Збіраюць, каб свінням скарміць. Трымаюцца на тым, што змаглі ў траўні зарабіць.

Пры гэтым наш суразмоўца зазначае, што бліжэй да сярэдзіны жніўня сітуацыя з коштамі мусіць змяніцца – яны будуць расці. Заўсёды падаюць у сярэдзіне лета. Але так нізка, як сёлета, не змяншаліся ніколі.

Здымак мае ілюстарцыйны характар. Мясцовыя агуркі на цэнтральным рынку ў Берасці, Беларусь. 5 чэрвеня 2020 года.
Фота: Белсат

У папярэднія гады, калі гародніны было больш, чым можна было прадаць, выйсцем былі кансервавыя заводы, але сёлета і яны амаль не працуюць, зазначае спадар Іван. На засолку гародніну бяруць толькі прыватнікі.

«Альшанцы ніколі б не сталі ціснуць грузавіком гародніну»

Фермер з Альшан Васіль Грыб відэа з агуркамі лічыць правакацыяй.

– Той хлопец на грузавіку, здаецца, быў з Гомельскай вобласці, – кажа спадар Васіль. – Не ведаю, навошта ён гэта зрабіў, нібыта правакацыя нейкая. Я нават сумняюся, што гэта насамрэч у Альшанах. Бо нашыя альшанцы ніколі так не будуць рабіць. Яны лепш аддадуць бясплатна, чым стануць ціснуць машынай.

Спадар Васіль распавядае, што кожны раз, калі ўраджаю шмат, людзі выстаўляюць гародніну ўздоўж дарог і аддаюць мяхамі бясплатна. Раней, да 2020 года, зусім проста было ўсё дапрадаць ці раздаць, бо праз Альшаны праязджала шмат людзей з Украіны. Падчас пандэміі плынь спынілася, стала складаней.

Калі гэта «некандыцыя», то ёй кормяць жывёлу.

– Сітуацыя, калі не можаш прадаць усё, што вырасціў, не ўнікальная, яна паўтараецца амаль штогод, – зазначае фермер. – І ў нас усе ведаюць, што рабіць у такіх выпадках. Нават групы ёсць адмысловыя ў «Вайбэры», у якіх можна напісаць, што вось, аддаем гародніну.

«Свіней і курэй буду карміць агуркамі»

Тым не менш, такіх нізкіх закупачных коштаў на гуркі спадар Васіль яшчэ не бачыў, хоць таксама шмат гадоў у фермерстве. Паводле яго, справа тут не толькі ў тым, што гуркоў вырасцілі зашмат.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Трактар буксіруе навясное абсталяванне, на якім знаходзяцца зборшчыкі агуркоў. Яны ўручную збіраюць агуркі на палях кааператыва «Свіслач». Гарадзенская вобласць, Беларусь. 13 ліпеня 2020 года.
Фота: Наталля Фядосенка / TASS / Forum

– Я не магу сказаць, што сёлета надта вялікі ўраджай. У мяне гуркоў вырасла менш, чым звычайна, – кажа фермер. – Мы выразна бачым, што закупнікі рэгулююць кошты, трымаюць іх такімі. Пры гэтым у тых жа супермаркетах агуркі чамусьці не робяцца нашмат таннейшымі. Ім выгадная такая сітуацыя. У адрозненні ад фермераў.

Спадар Васіль распавядае, што альшанцы перастаюць збіраць ураджай агуркоў, аддаюць жывёле.

– Я, напэўна, таксама ўжо заўтра не буду збіраць, бо няма сэнсу, – кажа мужчына. – Няхай вісяць, а потым пазбіраю і аддам скаціне. У мяне яшчэ ў мяхах шмат агуркоў стаіць. Свінням, курам буду аддаваць – ведаеце, на адмысловай тарцы дзярэш гэта ўсё, і яны добра ядуць.

«Мы прадаем за бясцэнак, а нехта нажываецца»

Спадара Васіля вельмі абураюць кошты на гуркі ў крамах. Ён лічыць незаконным і несумленным прадаваць гародніну нашмат даражэй, чым яе купляюць у фермераў.

– Калі яны купілі гурок за 50 капеек, чаму ён у краме каштуе рубель? – пытаецца фермер. – Ён мог бы каштаваць 70 капеек, але навошта ставіць кошт рубель і вышэйшы? Мы прадаем за бясцэнак, а нехта нажываецца. І ў выніку не ўсім людзям даступныя нашыя гуркі, якія тут можам раздаваць нават бясплатна. Думаеце, у нас усе могуць дазволіць сабе гуркі па коштах у супермаркетах?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Працаўнікі фермы апрацоўваюць мяшкі з сабранымі агуркамі на палях кааператыва «Свіслач». Гарадзенская вобласць, Беларусь. 13 ліпеня 2020 года.
Фота: Наталля Фядосенка / TASS / Forum

Паводле спадара Васіля, каб фермерам было выгадна, агурок павінен каштаваць 30–50 капеек.

Акрамя падзення коштаў на ўнутраным рынку, асобнай праблемай, паводле спадара Васіля, стала адмова Расеі набываць агуркі.

– Каля 80 % усяго ўраджаю Альшанаў звычайна ехала ў Расею, – кажа фермер. – А цяпер нешта там здарылася ў іх, магчыма, ад спякоты, не ведаю, і Санкт-Пецярбург перастаў браць у нас агуркі, Масква менш купляе.

Спадар Васіль думае, што налета ўжо не будзе вырошчваць агуркі.

– З кожным годам усё горш і горш робіцца. Выдаткі вялікія, усё даражэе, а прадукцыя на выхадзе вельмі танная атрымліваецца. Напэўна, больш агуркамі займацца не буду, – рэзюмуе фермер.

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў