Футбалістам БАТЭ пасля паразы ў гульні са «Слуцкам» істотна знізілі заробкі


Гульцы БАТЭ ўжо пару месяцаў не бачылі заробкаў паводле кантракту, а 4 чэрвеня пасля паразы ад «Слуцку» (0:1) было абвешчана пра скарачэнне заробкаў, піша «Трыбуна».

Паўфінал Кубку Беларусі, гуляюць БАТЭ і «Нёман». Горадня, Беларусь. 19 красавіка 2023 года.
Фота: Fcbate.by

Заробкі футбалістаў упалі ў некалькі разоў. Паводле крыніцаў «Трыбуны», дайшло да таго, што тыя футбалісты, якія атрымлівалі 8 тыс. рублёў, будуць гуляць за 1,5–2 тыс. Зроблена гэта і ў якасці пакарання, і дзеля эканоміі. Ці часовы гэты крок, «Трыбуне» высветліць не ўдалося.

У выніку фінансавых праблемаў з БАТЭ могуць пачаць сыходзіць футбалісты.

«БАТЭ ўжо страціў футбалістаў з чорнага спісу, але могуць сысці і тыя, да каго ў лукашыстаў няма пытанняў. І зноў-такі праз грошы – у каманды назапасіліся даўгі перад гульцамі. Гаворка пра нападніка Дзмітрыя Анцілеўскага, паўабаронцаў Валерыя Грамыку і Валерыя Бачарова, абаронцаў Уладзіслава Малькевіча і Захара Волкава, а таксама брамніка Андрэя Кудраўца», – піша «Трыбуна».

Клуб да гэтага часу не падпісаў плану развіцця. Не стае апошняга подпісу – ад так званага міністра спорту Лукашэнкі, Сяргея Кавальчука. Чыноўнік марудзіць праз наяўнасць у клубе гульцоў з чорнага спісу, а таксама проста хоча ўскладніць жыццё канкурэнту «Дынама» ў чэмпіёнскай гонцы.

Адпаведна, барысаўцы сёння не могуць разлічваць на спонсарскую дапамогу, жывуць на старых запасах, якія, паводле інфармацыі «Трыбуны», блізкія да заканчэння. Дзеля эканоміі БАТЭ нават не спяшаецца вяртацца на «Барысаў-Арэну», дзе не гуляе з лістапада 2022 года: арэнда каштуе 8,5 тыс. рублёў за вечар.

У чэмпіянат БАТЭ вяртаецца 25 чэрвеня матчам з «Нафтанам», а ў Лізе чэмпіёнам стартуе ў сярэдзіне ліпеня, дзе супернікам клубу будзе албанскі «Партызані».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

 

Стужка навінаў