Апеляцыйны суд Горадні пакінуў у сіле рашэнне аб ліквідацыі культавай гарадзенскай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця»


Такое рашэнне 21 чэрвеня вынесла калегія суддзяў на чале з Сяргеем Ляхам.

«У нашай грамадска-палітычнай сітуацыі не прыходзіцца разлічваць на аб’ектыўнасць у гэтай справе. Але мы змагаліся да апошняга, бо рашэнне гэтага суда будзе ўплываць на крымінальную справу, заведзеную супраць мяне і Алеся Пушкіна. Для мяне ліквідацыя юрыдычнай асобы ў сённяшняй беларускай рэальнасці гэта ліквідацыя радка ў дзяржрэестры. А Цэнтр стваралі людзі, гарадзенцы, іх актыўнасць ліквідаваць немагчыма. Я вельмі ўдзячны ўсім тым, хто бараніў цэнтр увесь гэты час. Гэта рызыкоўна, небяспечна, страшна, але нас баранілі, за нас падпісваліся, нас падтрымлівалі. І мы вернемся!» – сказаў у каментары «Белсату» дырэктар і стваральнік Цэнтра Павел Мажэйка.

Павал Мажэйка.
Фота: Белсат

Цяпер ён мусіць ліквідаваць установу да 12 жніўня.

Гісторыі
«Такое не знішчыць. Гэта назаўжды». Чым увайшоў у гісторыю Горадні Цэнтр гарадскога жыцця
2021.04.23 08:00

12 траўня эканамічны суд Горадні прыняў рашэнне аб ліквідацыі культурна-асветніцкай установы «Цэнтр гарадскога жыцця». Суддзя Юлія Баклажэц задаволіла позву пракурора Уладзіміра Клішына, які пабачыў у карціне Алеся Пушкіна, якая выстаўлялася ў Цэнтры, прыкметы экстрэмізму.

Цэнтр гарадскога жыцця за 5 гадоў свайго існавання стаўся сапраўды культавым месцам для творчых і ініцыятыўных гарадзенцаў. У ім адбылося больш за 250 культурніцкіх і асветніцкіх імпрэзаў, больш за сотню прэзентацыяў кніг, сустрэчаў з выбітнымі літаратарамі, некалькі вялікіх фестываляў, такіх як фэст дакументальнага кіно «Watch Docs» і фестываль інтэлектуальнай кнігі «Pradmova», каля 70 мастацкіх і фотавыставаў. Стваральнікам і кіраўніком пляцоўкі зʼяўляецца наш калега Павел Мажэйка.

Праблемы ў Цэнтру зʼявіліся з адкрыццём выстава мастака Алеся Пушкіна «Пушкін у Гародні», на якой былі выстаўленыя мастацкія прапановы роспісаў гарадзенскага Старога замку і творы мастака розных гадоў. Пракурор гораду Уладзімір Клішын палічыў, што адна з працаў парушае заканадаўства Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Мастака Алеся Пушкіна ўзялі пад варту: ён праходзіць падазраваным у крымінальнай справе і прызнаны палітзняволеным.

Hавiны
Белымі ніткамі. Што не так у справе ліквідацыі гарадзенскага Цэнтру гарадскога жыцця
2021.05.13 17:07

Каб абараніць Цэнтр ад закрыцця, гарадзенцы запусцілі збор подпісаў пад адкрытым зваротам. Яго падпісалі 1272 чалавекі, сярод якіх мастакі, гісторыкі, навкоўцы, журналісты, айцішнікі і гэтак далей. Зварот падпісалі мастакі Сяргей Грыневіч, Валянціна Шоба, прафесар Алесь Смалянчук, рэжысёр і заслужаны артыст Беларусі Сяргей Курыленка.

Пасля вынясення рашэння пракурор Юрый Семянчук звярнуўся да Паўла Мажэйкі, маўляў, ну нічога, створыце новую арганізацыю, а мы вас яшчэ і пракансультуем.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў