Краіны захаду ў панядзелак прынялі рашэнні аб пашырэнні чорнага спісу ў дачыненні да фізічных і юрыдычных асобаў Беларусі. Афіцыйнай рэакцыі з Менску пакуль не прагучала. Рэжым далей вядзе пераслед грамадзянскай супольнасці ў краіне. Як прайшоў 317-ы дзень супрацьстаяння грамадства і рэжыма Лукашэнкі – у аглядзе «Белсату».
Кіраўнікі МЗС краінаў Еўразвязу 21 чэрвеня далі згоду на сектаральныя санкцыі. Абмежаванні закрануць нафтавую і калійную прамысловасць, а таксама банкаўскі сектар. Іх мусяць ухваліць 24–25 чэрвеня на паседжанні Еўрапейскай рады і афіцыйна зацвердзіць праз некалькі дзён.
ЗША пашырылі санкцыйны спіс, у які ўвайшлі 16 фізічных і 5 юрыдычных асобаў, паведамляе дэпартамент казначэйства ЗША. У спісе ЗША 21 персанальны або калектыўны суб’ект. Абмежавальныя захады Злучаныя штаты ўвялі ў дачыненні да Мікалая Карпянкова, Святланы Кацубы, Аляксандра Ласякіна, Ігара Плышэўскага, Марыны Рахманавай, Аляксандра Астрэйкі, Вольгі Дарашэнка, Наталлі Эйсмант, Андрэя Гуржыя, Міхаіла Грыба, Наталлі Качанавай, Сяргея Каліноўскага, Андрэя Шведа, Ірыны Цэлікавец, Івана Церцеля і Сяргея Зубкова.
З арганізацыяў у спіс увайшлі КДБ, унутраныя войскі, УУС Берасцейскага аблвыканкаму, ЦІП на Акрэсціна і ГУБАЗіК.
Да санкцыяў далучыліся Канада, Вялікая Брытанія і Украіна.
Яшчэ 4 чэрвеня Еўразвяз закрыў сваю паветраную прастору для авіякампаніяў з Беларусі і забараніў усім беларускім авіяперавознікам выкарыстоўваць аэрапорты ЕЗ.
«Да гэтых абмежавальных захадаў далучыліся краіны – кандыдаткі на ўступленне ў ЕЗ: Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Сербія і Албанія, а таксама партнёры ЕЗ з Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю: Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Нарвегія», – гаворыцца ў паведамленні ЕЗ.
Еўропа спыніла авіязносіны з Беларуссю і не выкарыстоўвае паветранай прасторы нашай краіны ў адказ на прымусовае прызямленне самалёта з Раманам Пратасевічам. Гэтыя абмежаванні – частка шырокіх эканамічных санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі.
У трэцім квартале бягучага году Расея не мае намеру пастаўляць нафту на беларускі «Нафтан», паведамляе «Інтэрфакс».
У трэцім квартале бягучага году Расея плануе экспартаваць 51,86 млн тон нафты. Паводле дакументаў, Наваполацкі НПЗ (ААТ «Нафтан») наагул не атрымае нафты, толькі 2,36 млн тон сыравіны паступіць на Мазырскі НПЗ.
У другім квартале сёлета беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы Наваполацкі НПЗ і Мазырскі НПЗ атрымалі з Расеі па 2,25 млн тон чорнага золата.
Беларуская асацыяцыя журналістаў за два дні мусіць падрыхтаваць тысячы дакументаў. Такое патрабаванне агучылі прадстанікі Міністэрства юстыцыі, якія пачалі маштабнае правяранне працы грамадскай арганізацыі, паведамляе БАЖ. Грамадскае аб’яданне мусіць падаць кантралёрам тысячы дакументаў за перыяд з 1 студзеня 2018 года і да сёння.
Сярод таго, што патрабуе Міністэрства юстыцыі, – спісы сябраў журналісцкага аб’яднання, заявы на ўступленне ў БАЖ, пратаколы пасяджэнняў выбарных органаў, усе ўваходныя і выходныя лісты за гэты час, уся фінансавая дакументацыя і шмат іншага.
Былога міліцыянта з Наваполацку Ягора Емяльянава, які адмовіўся ў жніўні ўдзельнічаць у падаўленні пратэстаў не выпусцілі з Акрэсціна і прысудзілі яму 10 содняў адміністрацыйнага арышту. Агулам экс-міліцыянт правядзе за кратамі 40 дзён, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
У КДБ Беларусі паступіў на ўзгадненне праект акту МУС «Аб устанаўленні пералікаў арганізацыяў і іншых структураў, нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі». Пра гэта паведамляе праўладны Беларускі саюз журналістаў.
Дакумент змяшчае пералік нацысцкай (калабарацыянісцкай) сімволікі і атрыбутыкі. У прыватнасці, адзначаецца, што вокліч «Жыве Беларусь» і «бел-чырвона-белы сцяг («БЧБ») – выкарыстоўваўся карнікамі і паліцаямі».
Аўтар воклічу «Жыве Беларусь» – народны паэт БССР Янка Купала. Упершыню ён быў ужыты ў вершы, напісаным у 1905–1907 гадах. Бел-чырвона-белы сцяг быў прызнаны афіцыйным сімвалам беларускага руху ў 1917 годзе, пасля чаго ў 1918-м ён стаў сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1991–1995 гадах ён быў сцягам незалежнай Беларусі.
У той час, як стваральнік бел-чырвона-белага сцяга Клаўдзій Дуж-Душэўскі ў 1943 годзе быў змешчаны нацыстамі ў канцлагер за тое, што ратаваў габрэяў, стваральнік чырвона-зялёнага сцягу Мікалай Гусеў маляваў вялікі партрэт Адольфа Гітлера для майскіх святаў у Менску.
Таксама адзначым, што нацыянальныя сцягі выкарыстоўвалі народы ледзь не ўсіх паняволеных нацыстамі краінаў Еўропы. У тым ліку расейскія калабарацыяністы, якія ладзілі карныя аперацыі і на тэрыторыі Беларусі пад расейскім трыкалорам, які цяпер афіцыйны сімвал Расеі.
СК belsat.eu