Сёння мае вызначыцца статус работнікаў TUT.by, затрыманых 18 траўня


Раніцай 21 траўня мінаюць 72 гадзіны з моманту прыходу сілавікоў ды службы ДФР у офіс TUT.by і затрымання яго работнікаў, а таксама дырэктараў Hoster.by і «RocketData». На гэты момант трое з іх застаюцца ў СІЗА, астатнія – на Акрэсціна. Ім маюць або выставіць абвінавачанне, або адпусціць на волю.

Hавiны
У Еўропе і ЗША асудзілі разгром TUT.by
2021.05.19 10:35

Цяпер, паводле інфармацыі TUT.by, затрыманыя 12 яго працаўнікоў, а таксама дырэктары Hoster.by і «RocketData»:

  • галоўная бухгалтарка Анжэла Асад (СІЗА КДБ);
  • дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (СІЗА КДБ);
  • дырэктарка «RocketData» Дар’я Данілава (СІЗА КДБ);
  • галоўная рэдактарка Марына Золатава (Акрэсціна);
  • генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна (Акрэсціна);
  • намесніца дырэктара Ірына Рыбалка (Акрэсціна);
  • кіраўніца аддзелу распрацоўвання Ала Лапатка (Акрэсціна);
  • юрыстка Кацярына Ткачэнка (Акрэсціна);
  • журналістка Алена Талкачова (Акрэсціна);
  • рэдактарка Вольга Лойка (Акрэсціна);
  • менеджар Андрэй Аўдзееў (Акрэсціна);
  • намесніца галоўнага бухгалтара Марыя Новік (Акрэсціна);
  • намеснік генеральнага дырэктара ў тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнэка (месца перабывання невядомае);
  • былая юрыстка TUT.by Ірына Касцючэнка (Акрэсціна).

Таксама з 18 траўня не было інфармацыі пра месца перабывання Юліі Чарняўскай, удавы заснавальніка TUT.by Юрыя Зісера. Удзень 20 траўня ейная дачка паведаміла, што адвакатка Вольга Савіч «атрымала званок ад супрацоўнікаў ДФР, што цяпер над мамаю будуць адбывацца следчыя дзеянні. Верагодна, допыт».

Hавiны
Знайшлася ўдава заснавальніка TUT.by Юлія Чарняўская
2021.05.20 18:06

Пазней стала вядома, што Юлія Чарняўская ўдома пад хатнім арыштам. Адвакатка Юліі – пад падпіскаю пра неразгалашэнне.

Увечары 19 траўня адбыўся ператрус у кватэры галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча ды ягонай жонкі, журналісткі TUT.by Адар’і Гуштын. Яны на волі, але падрабязнасцяў не могуць раскрыць праз падпіску пра неразгалашэнне. Вядома, што ператрус быў у межах крымінальнай справы, не звязанай з «Нашаю нівай».

АД, belsat.eu

Стужка навінаў