Жыхар Берасцейскай вобласці скраў аўтамабіль і перакуліўся на ім


Трыццацігадовы жыхар вёскі Беразавічы скраў аўтамабіль і трапіў у ДТЗ 17 красавіка. Машына перавярнулася на дах. Тэст паказаў, што ў паветры, якое ён выдыхнуў, 3 праміле алкаголю, паведамляе УУС Гарадзенскага аблвыканкаму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ВО / Белсат

Мужчына адпачываў у вёсцы Корнадзь Свіслацкага раёну, а калі яму стала там сумна, вырашыў з’ехаць дадому. Паколькі грамадскага транспарту не было, ён вырашыў скрасці чужы аўтамабіль.

«Ён заўважыў прыпаркаваны “Renault Duster”. Уладальнік іншамаркі некаторы час таму перадаў яе для рамонту. А майстар па сваёй няўважлівасці пакінуў ключы ў замку запальвання. Таму маладому чалавеку не склала працы завесці аўтамабіль.

На чужой машыне ён праехаў звыш 50 кіламетраў, пакуль у вёсцы Шарашова Пружанскага раёну Берасцейскай вобласці не ўчыніў ДТЗ і перавярнуў аўтамабіль на спіну. У далейшым грамадзяніна затрымалі супрацоўнікі ДАІ Пружанскага РАУС. На момант затрымання канцэнтрацыя алкаголю ў паветры, якое ён выдыхнуў, склала 3 праміле», – піша прэс-служба УУС Гарадзенскага аблвыканкаму.

Пашкоджаную машыну вярнулі ўладальніку, які нават не ведаў пра крадзеж.

«Свіслацкім раённым аддзелам Следчага камітэту дзеянні падазраванага кваліфікаваныя па артыкуле “Угон”. Раней ён ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці», – заключае УУС Гарадзенскага аблвыканкаму.

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў