Міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс лічыць, што Еўразвязу неабходна дзейнічаць, а не проста назіраць за падзеямі ў Беларусі. Тым больш, што ў краіну можа «прыйсці» прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін. Пра гэта ён распавёў нямецкай газеце Der Tagesspiegel.
Таксама міністр заявіў, што нягледзячы на цяперашнія рэпрэсіі ўладаў супраць беларускага народу шляху назад ужо няма:
«Мы не можам сабе ўявіць, праз што праходзяць людзі ў Беларусі, колькі з іх трапілі ў турму, колькі зазналі жорсткае абыходжанне, колькі страцілі працу. У іх адабралі тыя маленькія свабоды, якія ў іх заставаліся. Але ў мяне склалася ўражанне, што ў Беларусі перайшлі рысу, пасля якой няма шляху назад. Людзі больш не давяраюць рэжыму. Пытанне толькі ў тым, як доўга пратрымаецца рэжым».
Ландсбергіс прыгадаў, што ў Літву пастаянна прыбываюць палітычныя ўцекачы з Беларусі, шмат якія з іх на радзіме перажылі катаванні.
У сувязі з гэтым ён нагадаў, што Літва пачала расследаванні некалькіх справаў супраць беларускіх сілавікоў і заклікаў еўрапейскія краіны, заканадаўства якіх прадугледжвае прынцып універсальнай юрысдыкцыі, далучыцца да расследавання.
АД, belsat.eu