Расейскія крыніцы пішуць пра захоп сёлаў Пабеда і Крынкі. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 728-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 21 лютага чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Від на дарогу каля разбуранага Антонаўскага моста праз раку Дняпро ў Антонаўцы, Данецкая вобласць, Украіна. 19 студзеня 2024 года.
Фота: Wojciech Grzedzinski / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці працягваюцца сустрэчныя баі ў ваколіцах сяла Сынькоўка: расейскае камандаванне піша пра пяць адбітых атак праціўніка, Генштабу ЗСУ – пра дзве.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што таксама на купянскім кірунку абодва бакі атакуюць каля Табаеўкі, але зменаў лініі фронту не адзначаецца – сяло па-ранейшаму знаходзіцца ў так званай шэрай зоне.

На суседнім ліманскім кірунку ініцыятыва застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія цягам апошніх содняў прынамсі восем разоў атакавалі каля сёлаў Церны, Белагораўка і Выемка.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» паведамляе, што каля Белагораўкі на Луганшчыне сітуацыя застаецца складанай для ЗСУ, але пры гэтым сілам абароны Украіны ўдалося блакаваць праціўніка на тэрыторыі прамысловай зоны (на ўсходзе ад населенага пункту).

Каля Выемкі, паводле Пегава, войскі РФ крыху прасунуліся. Атакуючы на гэтым участку, расейцы імкнуцца выйсці да гораду Сіверск, які знаходзіцца ў сярэдзіне выступу па фронце на памежжы Данецкай і Луганскай вобласцяў.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку захоўваецца ціск з боку УС РФ на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру.

Тэлеграм-канал вайскоўцаў ЗСУ «Бахмутський Демон» піша пра адбіццё атак праціўніка на сяло Багданаўка (на захадзе ад Бахмуту).

Іншая крыніца – «Бахмутський Балу» – паведамляе пра цяжкую, але кантраляваную сітуацыю ў ваколіцах Іванаўскага (на паўднёвым захадзе ад гораду), таксама фіксуюцца пазіцыйныя баі каля суседняй Клішчыеўкі.

Зменаў лініі фронту не зафіксавана.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку расейскія вайскоўцы намагаюцца развіць поспех пасля захопу Аўдзееўкі і атакуюць у ваколіцах населеных пунктаў Стэпавое, Ластачкіна, Севернае і Невельскае.

Пегаў гаворыць, што каля Ластачкіна ім удалося прасунуцца ў лесапасадцы і выйсці наўпрост да самога сяла.

У гэты ж час прарасейскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик» сцвярджае, што УС РФ ужо занялі ўсходнюю частку населенага пункту, пры гэтым захад застаецца пад кантролем ЗСУ, а сярэдняя частка – у так званай шэрай зоне.

На суседнім мар’інскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, сілы абароны Украіны адбілі не менш за 20 атак праціўніка каля Георгіеўкі, Пабеды і Новаміхайлаўкі.

Разам з тым прарасейскія крыніцы паведамляюць пра захоп іхнымі вайскоўцамі сяла Пабеда. Пры гэтым адзначаецца, што ўкраінскія сілы ўсё яшчэ могуць прысутнічаць на ўскрайках населенага пункту.

Украінскі «Говорять Снайпер» сцвярджае, што пад кантролем РФ толькі палова Пабеды.

У тэлеграм-канале 46-й аэрамабільнай брыгады ЗСУ пішуць, што калі гэтая інфармацыя пра захоп Пабеды пацвердзіцца, можна будзе казаць пра перспектыву выхаду расейцаў у тыл украінскім падраздзяленням у Новаміхайлаўцы. Апошні населены пункт у сваю чаргу ўжо і так войскі РФ штурмуюць з усходу і поўдня.

Бярдзянскі, мелітопальскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

На бярдзянскім кірунку расейскія вайскоўцы, паводле Генштабу ЗСУ, сем разоў атакавалі каля населеных пунктаў Прачыстаўка і Залатая Ніва, але поспеху не дасягнулі.

У сваю чаргу самыя Збройныя сілы Украіны намагаліся прасунуцца на самым захадзе кірунку каля сяла Навазлотапаль, але і тут лінія фронту засталася нязменнай.

На мелітопальскім кірунку асноўныя баявыя дзеянні лакалізуюцца ў ваколіцах гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці: украінскі бок фіксуе сем безвыніковых атак праціўніка каля сёлаў Малая Такмачка і Работына.

Тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» удакладняе, што УС РФ назапашваюць сілы на паўночным захадзе ад Работына.

Прарасейскі «Два майора» піша, што ЗСУ выйшлі з самога сяла, якое знаходзіцца ў нізіне адносна наваколля, і цяпер трымаюць абарону на ўзвышшах па флангах.

У Херсонскай вобласці баявыя дзеянні ідуць на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў. Увечары 20 лютага Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што расейцы зачысцілі сяло Крынкі.

Між тым прарасейскія і праўкраінскія крыніцы пішуць, што Збройныя сілы Украіны могуць заставацца ў асобных частках населенага пункту.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў