«Пакуль жыве мова, будзе жыць і нацыя» – Ціханоўская віншуе беларусаў з Днём роднай мовы


Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская павіншавала беларусаў у Дзень роднай мовы 21 лютага і распавяла, як беларускасць мацнее ў яе сям’і.

Святлана Ціханоўская віншуе беларусаў з Днём роднай мовы. Скрыншот: Белсат

«Дарагія мае, сёння, у Дзень роднай мовы я хачу прыгадаць, як пачынаўся мой шлях да беларускасці. Яшчэ тры гады таму я сама не вельмі ўпэўнена пачувалася, калі размаўляла на беларускай мове. Баялася зрабіць памылкі, саромелася нешта сказаць не так.

Увесь гэты час мяне падтрымлівалі беларусы, якія таксама пачыналі выкарыстоўваць беларускую мову ў паўсядзённым жыцці. Вы, дарагія мае, натхнялі мяне, дапамагалі, матывавалі», – кажа Святлана Ціханоўская.

Палітычная дзяячка расказвае, як цешыцца тым, што жаданне вучыць родную мову з’яўляецца не толькі ў дарослых, але і ў дзетак.

«Ведаеце, адным днём мая дачка Агнія прыйшла да мяне з просьбай набыць кнігі на роднай мове. Ёй вельмі падабаюцца рыфмаванкі Юрыя Несцярэнкі з кніжкі «Неверагодны свет», вершыкі Андрэя Скурко, а таксама гісторыі з «Ашуканак» Яны Вольскай. Агнія вывучае новыя словы, спрабуе размаўляць па-беларуску і нават чытае пакрысе.

І, як падаецца, гэта і ёсць тое, з чаго пачынаецца беларускасць. Калі ты пераходзіш на родныя словы ў побыце, у стасунках з блізкімі ці на працоўных сустрэчах. Калі абіраеш на паліцы кнігу і аддаеш перавагу беларускім аўтарам або глядзіш сусветна вядомы фільм у беларускай агучцы.

Дарагія, беларуская мова – гэта наш унікальны пароль, які ведаем толькі мы з вамі. Наш код, які дазваляе пазнаць адно аднаго ў натоўпе. Захоўвайце родную мову, аберагайце, перадавайце дзецям. Бо пакуль жыве нашая мова, будзе жыць і нашая нацыя.

Са святам, дарагія мае! Жыве Беларусь!», – кажа Святлана Ціханоўская.

Hавiны
21 лютага, у Дзень роднай мовы, пройдзе агульнанацыянальная дыктоўка
2024.02.19 17:28

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў