Беларускую мову лічаць роднай 54,1 % насельніцтва Беларусі


Белстат правёў апытанне да Дня роднай мовы і высветліў, што 54,1 % насельніцтва краіны называюць беларускую мову роднай.

Беларуская мова.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: svaboda.org

Згодна са звесткамі Белстату, на захадзе краіны беларускую мову прызнаюць роднай больш асобаў, чым на ўсходзе. Найбольш такіх людзей на Берасцейшчыне – 77 % апытаных, у Менскай і Гарадзенскай – 59,5 % і 54,5 % адпаведна.

У Гомельскай вобласці беларускую мову назвалі роднай 47 %, у Магілёўскай – 46,1 %, у Віцебскай – 45,3 % апытаных.

Найбольшую ўдзельную вагу насельніцтва, што ўважае беларускую мову за родную, складаюць людзі, старэйшыя за 70 гадоў, – 13,4 %. Ва ўзроставай групе ад 30 да 34 гадоў гэта 9,6 %, ад 60 да 64 гадоў – 9,4 %.

Адметна, што нядаўна загадчык сектару суправаджэння нацыянальнага даследавання якасці адукацыі і міжнародных даследаванняў у гэтай галіне Акадэміі адукацыі Вячаслаў Караткевіч адзначыў, што больш за 90 % выпускнікоў сярэдніх агульнаадукацыйных установаў называюць беларускую мову роднай. На ягоную думку, беларуская мова становіцца ўсё больш папулярнай сярод моладзі, бо гэта ёсць маркерам інтэлігентнасці.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў