Сузаснавальнік «Беларускага дому ва Украіне» Радзівон Батулін пра смерць Віталя Шышова


«Каб зразумець прычыну смерці Шышова, неабходна паглядзець на справу Паўла Шарамета», – кажа ў размове з карэспандэнтам “Белсату” сузаснавальнік «Беларускага дому ва Украіне» Радзівон Батулін пра смерць Віталя Шышова.

Радзівон Батулін.
Фота: Белсат

– Як вы пазнаёміліся з Віталем Шышовым?

– З Віталікам я пазнаёміўся ў канцы восені 2020 года. Гэтаму папярэднічала трагічная дата забойства Рамана Бандарэнкі. Пад кіеўскім пасольствам беларусы пачалі збірацца і рабіць стыхійны мемарыял. І ў першую ж ноч, калі беларусы разышліся, гэты мемарыял быў разбураны, усе гэтыя фатаграфіі, лампадкі – усё гэта было знішчана рукамі пасольскіх працаўнікоў. Адпаведна, беларусы пачалі каардынавацца, прымаць удзел у аднаўленні мемарыялу. Такім чынам мы распачалі зносіны з тымі, хто больш актыўна ўдзельнічаў. Адным з гэтых хлопцаў, уласна, і быў Віталік. Так мы і пазнаёміліся з ім.

– Вы казалі, што Віталь незадоўга да смерці перажываў за сваё жыццё: што вам пра гэта вядома?

– Я б не сказаў, што ён баяўся за сваё жыццё. Ён слушна разумеў, што ёсць пагрозы для жыцця. Мы на гэтую тэму размаўлялі і асабіста, і публічна, і ў агульных чатах з хлопцамі. Нас папярэджвалі пра рызыкі прадстаўнікі спецслужбаў Украіны, і, скажам так, былі інсайды з Беларусі, што «за вамі выехалі», груба кажучы. Таксама былі фактычна прыклады сачэння, калі, дапусцім, за нашай машынай доўга ехалі, нас суправаджалі. Гэта было зразумела, калі мы рабілі пэўныя маніпуляцыі, развароты-павароты, а за намі працягвала ехаць адна і тая ж машына. Былі выпадкі вонкавага назірання.

Падчас адной сустрэчы ў кавярні на Хрэшчатыку Бажэна, дзяўчына Віталя, выйшла пагуляць. І ў той час, пакуль яна гуляла па Хрэшчатыку, да яе падышоў маладзён і завёў размову. Яна спачатку падумала, што ён проста зацікаўлены ў ёй як у сімпатычнай дзяўчыне – і хоча пазнаёміцца. Але ён пачаў размаўляць пра беларускую тэму. Ён спытаў, ці беларуска яна, дзе можна пазнаёміцца з беларусамі, што даволі дзіўна ў горадзе-мільённіку. Бажэна ўжо западозрыла нешта нядобрае. Яна сядзела на лавачцы, ён сеў побач, яна паспрабавала яго адсекчы як патэнцыйнага залётніка і сказала, маўляў, у мяне наогул ёсць хлопец, мне нецікава з вамі камунікаваць. На што ён яшчэ бліжэй падсеў і кажа: «Дык можам разам і з вашым маладым чалавекам пагутарыць». І ў гэты момант у яго з-пад швэдра выпаў такі пераходнік ад мікрафона. Ён устаў, пачаў адыходзіць у бок яшчэ аднаго мужчыны, які здымаў усё гэта на відэа. І яны ўдвух пачалі адыходзіць далей. І трэці мужчына пайшоў за імі.

Кіраўнік Беларускага дому ва Украіне Віталь Шышоў.
Фота: beldomua / Telegram

– Ці лічыце вы, што за вамі і Віталём сачыла КДБ?

– Трэба разумець: што СБУ, што ФСБ, што КДБ – гэта з зусім нядаўняга мінулага адное савецкае КДБ, адкуль большасць вось гэтых палкоўнікаў і генералаў. Яны яшчэ калісьці там на пачатку сваёй кар’еры дзесьці разам бульбу капалі. А цяпер проста стэлефаноўваюцца, маюць зносіны. Нам дакладна вядома, што такія чаты ёсць у прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных справаў, дзе яны абменьваюцца інфармацыяй неафіцыйна.

І яны ў абыход усіх працэдураў лістуюцца ў гэтых чатах і кажуць: «Прабіце вось гэтага беларуса, ён у вас цяпер, а ў нас ён праходзіць паводле нападу на міліцыянта». Таксама нам даволі шмат вядома фактаў ад беларусаў пра спробы вербавання беларусаў Службай бяспекі Украіны. Ідзе вельмі моцны ціск з боку Службы бяспекі Украіны – і гэтаму шмат пацвярджэнняў можа быць сярод беларусаў, якія мусілі пакінуць Украіну і цяпер застаюцца ў Польшчы. У тым ліку наконт забойства Віталіка былі мне вядомыя выпадкі, калі хлопцы казалі, што з імі размаўлялі і намякалі, маўляў, давай неяк супрацоўнічаць, інакш вось ты ўдзельнічаў у пошуках Віталіка, гэта значыць, ты быў у момант ягонага знікнення побач і цалкам магчыма, што ты не толькі шукаў, але і датычны да самога забойства.

– А якая ў вас версія прычыны смерці Шышова?

– Я думаю, каб зразумець прычыну смерці Шышова, неабходна паглядзець на падобныя кейсы, што адбываліся ва Украіне. Адна з такіх гучных справаў, датычная таксама беларуса, – справа Паўла Шарамета. Я цяпер не параўноўваю фігуры Паўла і Віталя, яны працавалі абсалютна ў розных сферах. Але і Віталік, і Павел перад сваёй гібеллю займаліся пытаннямі, што былі нязручнымі, у тым ліку, і ўладам Украіны. Таксама можна паглядзець на такія супадзенні, як сачэнне, якое вялося за Паўлам Шараметам напярэдадні ягонай гібелі. Зноў жа, як прэзідэнт Парашэнка браў пад асабісты кантроль забойства Паўла, так і прэзідэнт Зяленскі браў пад асабісты кантроль забойства Віталя. Але воз і цяпер там.

Беларускія спецслужбы працуюць на захаванне таго рэжыму, які цяпер у Беларусі. А мы працавалі, каб максімальна скараціць жыццё гэтага рэжыму, у тым ліку праз выкрыццё ўсіх карупцыйных, эканамічных схемаў, якія дагэтуль адбываюцца ў гандлі паміж Украінай і Беларуссю. Я думаю, тут сышліся інтарэсы, магчыма, некалькіх гульцоў на гэтым брудным бізнесе. Я думаю, што магчымасці беларускіх спецслужбаў усё ж перабольшаныя. І, скажам так, без нейкіх узгадненняў, ці прынамсі таго, каб спецслужбы Украіны заплюшчылі вочы, немагчыма было ажыццявіць забойства Віталя. Спачатку, калі былі агучаныя дзве версіі, што гэта або забойства, або суіцыд, я ўсім хлопцам сказаў, што ўсё гэта звядуць да суіцыду. Натуральна, ніхто гэтаму не верыў, бо гэта відавочнае забойства. Але ўсё зводзіцца менавіта да гэтага. Ужо практычна паўгода прайшло з моманту ягонага забойства. Ніякіх дадзеных следства не прадставіла.

– Ці лічыце вы Шышова ахвярай беларускага рэжыму?

– Так, вядома. Уся ягонай дзейнасць паказвае, што ён ахвяра беларускага рэжыму.

АМ belsat.eu

Стужка навінаў