Правакацыі і мабілізацыя на Данбасе, расейскія войскі застаюцца ў Беларусі. Хроніка эскалацыі


Belsat.eu прапаноўвае агляд галоўных падзеяў апошніх дзён, звязаных з крызісам вакол Украіны і пагрозай вялікай вайны ў Еўропе.

Звесткі заходніх медыяў, якія паведамлялі пра тое, што ўварванне Расеі ва Украіну можа распачацца 16 лютага, не пацвердзіліся. Гэта дзень прайшоў якраз спакойна. Напярэдадні ў Мінабароны РФ нават заявілі пра адвядзенне падраздзяленняў Заходняй і Паўднёвай вайсковых акругаў у месцы пастаяннай дыслакацыі. Некаторыя журналісты і аналітыкі ўспрынялі гэта як сігнал аб змякчэнні сітуацыі. Але памылкова: пасля 16 лютага сітуацыя пачала пагаршацца.

Hавiны
Вайна ў «любы момант», эвакуацыя і перамовы. Хроніка вайсковай эскалацыі
2022.02.15 09:27

Эвакуацыя і абстрэлы

З 17 лютага на лініі размежавання на Данбасе рэзка ўзмацніліся абстрэлы з боку баевікоў. У Станіцы Луганскай, што на падкантрольнай Украіне тэрыторыі, пад абстрэл трапілі чыгуначная платформа і дзіцячы садок (тры чалавекі былі кантужаныя, але дзеці не пацярпелі). Таксама трапілі пад абстрэл падкантрольныя Украіне паселішчы Валнавахскага раёну каля Аўдзееўцы.

Кіеў і Масква абвінавацілі адзін аднога ў правакацыях (расейскія прапагандысты выдавалі дзіцячы садок у Станіцы Луганскай за садок на акупаванай тэрыторыі). На Захадзе. у сваю чаргу, адзначылі, што Расея бліжэйшымі днямі можа правесці на Данбасе «аперацыю пад чужым сцягам», каб апраўдаць уварванне.

На наступны дзень, 18 лютага, кіраўнікі груповак ДНР і ЛНР раптам абвесцілі эвакуацыю цывільнага насельніцтва ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі. Кіраўнік ДНР Дзяніс Пушылін заявіў, што «справа ідзе да поўнамаштабнай вайны» і Уладзімір Зяленскі ў бліжэйшы час нібыта аддасць загад перайсці ў наступ. У Кіеве зняпраўдзілі гэтыя заявы баевікоў.

Цэнтр часовага размяшчэння для эвакуяваных з кантраляваных сепаратыстамі рэгіёнаў усходняй Украіны. Спартовая школа, Таганрог, Растоўская вобласць, Расея. 21 лютага 2022 года.
Фота: Сяргей Півавараў / Reuters / Forum

Пазней эксперты «Bellingcat» звярнулі ўвагу на тое, што відэазвароты лідараў груповак ДНР і ЛНР наконт эвакуацыі былі запісаныя 16 лютага, калі прыкметаў пагаршэння сітуацыі на лініі размежавання яшчэ не было.

У Крамлі відавочна чакалі эвакуацыі і адрэагавалі імгненна. Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін у той жа вечар даў загад выплаціць кожнаму ўцекачу 10 тысяч расейскіх рублёў. Расейскія медыі на раніцу 21 лютага паведамлялі пра 61 тысячу ўцекачоў (у ДНР наогул заявілі, што плануюць эвакуяваць у Расею 700 тысяч чалавек). Восем расейскіх вобласцяў абвесцілі надзвычайнае становішча ў сувязі з прыбыццём уцекачоў.

Адначасова з эвакуацыяй была арганізавана серыя правакацыяў, якія мелі выразны прапагандысцкі характар. Расейскія дзяржаўныя медыі і інфармацыйныя рэсурсы баевікоў пачалі няспынна выдаваць фэйкавыя навіны пра абстрэл мірных жыхароў і атакі дыверсантаў. Напрыклад, у Данецку баевікі паказалі ўзарваны на пустой паркоўцы УАЗік кіраўніка мясцовай «народнай міліцыі», а пад Луганскам прадэманстравалі падарваную газавую трубу – у гэтых дзеяннях абвінавацілі Украіну. Такія навіны суправаджаліся самымі казачнымі падрабязнасцямі: напрыклад, што дыверсанты размаўлялі на польскай мове або што ўкраінскія вайскоўцы ўвайшлі на тэрыторыю Беларусі.

На выходных Расея абвінаваціла Украіну ў абстрэле сваёй тэрыторыі – нібыта абстраляны быў Тарасаўскі раён Растоўскай вобласці. 21 лютага ў ФСБ заявілі, што ўкраінскі снарад трапіў у расейскі пункт памежнай службы (на відэа пры гэтым паказалі дзіўны будынак сярод кустоў, больш падобны да хлява).

У другой палове дня 21 лютага расейскія вайскоўцы заявілі пра знішчэнне пяці ўкраінскіх дыверсантаў, а таксама двух украінскіх БМП, якія нібыта ўварваліся на тэрыторыю Расеі.

Украінскі бок гэтыя абвінавачванні абвяргае і лічыць правакацыямі. У Кіеве кажуць пра анамальную колькасць абстрэлаў з боку ДНР і ЛНР: напрыклад, 17 лютага ўкраінскія вайскоўцы зафіксавалі 53 выпадкі, 18 лютага – 66, а 19 лютага – 136 (двое вайскоўцаў загінулі).

19 лютага лідары баевікоў ДНР і ЛНР абвесцілі ўсеагульную мабілізацыю мужчынаў ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў для «абароны Данбасу». Пазней у ЛНР была абвешчана і добраахвотная мабілізацыя мужчынаў, старэйшых за 55 гадоў. Паводле CNN, Расея сканцэнтравала на ўкраінскай мяжы да 75 % сваіх асноўных баявых падраздзяленняў. Амерыканскі бок лічыць, што агулам расейская групоўка разам з сіламі ЛНР/ДНР можа дасягаць 190 тысяч вайскоўцаў.

Жыхар вёскі Тарамчук Данецкай вобласці паказвае будынак, які, паводле яго, быў пашкоджаны абстрэлам. 20 лютага 2022 года.
Фота: Максім Левін / Reuters / Forum

Эксперты «Conflict Intelligence Team», аналізуючы інфармацыю з памежных раёнаў, прыйшлі 21 лютага да высновы, што характар руху расейскай тэхнікі ля межаў Украіны «рэзка змяніўся». На іх думку, перакідванне сілаў з іншых рэгіёнаў падышло да канца: «відаць, ідзе выхад на зыходныя пазіцыі для магчымага наступу».

«Беларускі фронт»

Рэзкае абвастрэнне сітуацыі на Данбасе супала з перамовамі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Маскве. Тэмай № 1 на перамовах 18 лютага быў украінскі крызіс і вайсковая супраца дзвюх краінаў. Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Расея выходзяць на «другі раўнд» супрацьстаяння з Захадам і папярэдзіў пра пагрозу канфлікту, які можа зацягнуць увесь кантынент. А Пуцін распавёў журналістам, што яны дамовіліся «надалей калектыўна прымаць усе неабходныя меры для запэўнівання бяспекі дзвюх краін у святле нарастальнай вайсковай актыўнасці краін NATO». На наступны дзень, 19 лютага, Лукашэнка і Пуцін назіралі за вучэннямі сілаў стратэгічнага стрымлівання, дзе адпрацоўвалася выкарыстанне ядравай зброі. Ва ўмовах абвастрэння сітуацыі вакол Украіны выглядала гэта як мэтанакіраваны ядравы шантаж Расеяй сваіх праціўнікаў.

Аналітыка
Сімвалічная пакорнасць. Пра што дамаўляліся Пуцін і Лукашэнка ў Маскве
2022.02.19 17:14

Яшчэ да візіту ў Маскву Лукашэнка папярэджваў, што лёс расейскіх войскаў у Беларусі будзе вырашаны падчас перамоваў з Пуціным. «Колькі трэба, столькі і будуць тут стаяць войскі Беларусі і Расеі», – падкрэсліваў ён. Непасрэдна падчас візіту ў Маскву рашэнне аб гэтым пытанні не было агучанае. Але на наступны дзень, 20 лютага, калі мусілі скончыцца расейска-беларускія вучэнні «Саюзная рашучасць», адпаведную заяву зрабіў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін. Ён абвесціў, што праверка сілаў рэагавання Беларусі і РФ будзе працягнутая ў сувязі з «нарастаннем ваеннай актыўнасці каля вонкавых межаў Саюзнай дзяржавы і абвастрэннем сітуацыі на Данбасе».

21 лютага першы начальнік Генштабу Узброеных сілаў Беларусі Віктар Гулевіч заявіў, што падраздзяленні расейскай армііі вернуцца ў пункты пастаяннай дыслакацыі «толькі тады, калі ў гэтым з’явіцца абʼектыўная неабходнасць». Ён дадаў, што ў немалой ступені гэта будзе залежыць ад паводзінаў заходніх краінаў і размяшчэння іх войскаў ва Усходняй Еўропе. Такім чынам, фактычна гаворка ідзе пра тое, што расейскія войскі застануцца ў Беларусі на нявызначаны тэрмін. Хаця раней кіраўнік МЗС Уладзімір Макей абяцаў, што ўсе расейскія вайскоўцы і тэхніка пакінуць Беларусь адразу пасля завяршэння «Саюзнай рашучасці».

Міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс абвінаваціў Менск у парушэнні гарантыяў вываду расейскіх войскаў. «Гэта яўнае рыхтаванне да нападу на Украіну ў бок Кіева і паўзучая анексія Беларусі», – лічыць ён.

Мітынг салідарнасці з Украінай у Вашынгтоне, ЗША. 20 лютага 2022 года.
Фота: SARAH SILBIGER / Reuters / Forum

Раней ЗША заяўлялі, што вучэнні ў Беларусі могуць выкарыстаныя Крамлём для ўварвання ва Украіну. Заходнія медыі ў тым ліку пісалі пра магчымы ўдар па Кіеве з тэрыторыі Беларусі. Пра гэта ў нядаўнім інтэрв’ю заявіў і прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан. Ён таксама сказаў, што Расея, мяркуючы з маштабаў рыхтавання, плануе самую вялікую вайну ў Еўропе з 1945 года.

Ідэя вялікага саміту аб Украіне

Уначы з 18 на 19 лютага, калі ўжо была абвешчана эвакуацыя цывільнага насельніцтва Данбасу, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выступіў з адмысловай заявай аб Украіне. Ён сказаў, што перакананы: Пуцін ужо прыняў рашэнне наконт вайны. Пры гэтым Байдэн заявіў, што не пакідае надзеі на тое, што сітуацыю можна ўрэгуляваць мірным шляхам. Аднак прэзідэнт ЗША падкрэсліў, што калі ваенныя дзеянні ва Украіне пачнуцца да сустрэчы кіраўніка МЗС Сяргея Лаўрова з амерыканскім дзяржсакратаром Энтані Блінкенам, прызначанай на 24 лютага, гэта будзе азначаць, што Расея «зачыніла дзверы для дыпламатыі».

Hавiны
Энтані Блінкен заявіў, што Расея знаходзіцца на парозе ўварвання ва Украіну
2022.02.20 20:08

У нядзелю, 20 лютага, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон правёў тэлефонныя перамовы з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, а потым з украінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім. У прэс-рэлізе палацу дэ ль’Элізэ па выніках размовы з Пуціным адзначалася, што прэзідэнты пагадзіліся «з неабходнасцю надаваць прыярытэтную ўвагу дыпламатычнаму развязанню», дамовіліся тэрмінова склікаць трохбаковую кантактную група для ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе і аднавіць працу ў рамках «нармандскага фармату». Але прагучала і прынцыпова новая ініцыятыва: у Парыжы падкрэслілі, што калі «ўсе ўмовы будуць выкананыя», можа быць арганізаваныя «сустрэча на найвышэйшым узроўні з мэтай вызначыць новы парадак міру і бяспекі ў Еўропе». У ноч з 20 на 21 лютага Макрон і Пуцін сазваніліся зноў.

На наступны дзень, 21 лютага, сэнс ініцыятывы стаў больш зразумелым. Макрон прапаноўвае Пуціну і Байдэну правесці саміт аб бяспецы ў Еўропе. Амерыканскі прэзідэнт заявіў, што «ў прынцыпе» згодны на такую сустрэчу, але толькі ў тым выпадку, калі не адбудзецца ўварвання ва Украіну. «Мы заўсёды гатовыя да дыпламатыі, – заявіла прэс-сакратарка Белага дому Джэн Сакі. – Мы таксама гатовыя прыняць хуткія і суровыя меры, калі Расея замест гэтага абярэ вайну».

Аднак у Крамлі падкрэслілі, што нейкіх канкрэтных планаў наконт саміту няма. У МЗС Украіны, у сваю чаргу, заявілі, што ў перамовах аб урэгуляванні крызісу мусяць удзельнічаць пастаянныя чальцы Рады Бяспекі ААН (ЗША, Вялікая Брытанія, Расея, Кітай, Францыя), а таксама Нямеччына і Турэччына.

Недалёка ад лініі фронту ля гораду Новалуганскае ў Данецкай вобласці, Украіна. 20 лютага 2022 года.
Фота: Глеб Гараніч / Reuters / Forum

Пуцін 21 лютага склікаў пазачарговае паседжанне Савету бяспекі Расеі. На 22 лютага прызначана пазапланавыя паседжанні Дзяржаўнай думы і Савету Федэрацыі, напэўна, таксама звязаныя з украінскім крызісам.

У 2008 годзе абедзве палаты расейскага парламенту склікалі дзеля таго, каб прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі па выніках вайны ў Грузіі. Праўда, для прызнання ДНР і ЛНР у паседжанні 22 лютага патрэбы фармальна няма, бо Дзярждума і так 15 лютага прыняла зварот да Пуцін з просьбай прызнаць незалежнасць гэтых псеўдарэспублік.

Але ў святле цяперашняй сітуацыі ёсць і больш трывожныя паралелі. Як вядома, у 2014 годзе на пазапланавым паседжанні Савету Федэрацыі было прынятае рашэнне «аб выкарыстанні Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі на тэрыторыі Украіны». Пасля гэтага адбылася анексія Крыму і распачалася вайна на Данбасе.

РР belsat.eu

Стужка навінаў