«Слава Украіне» па тэлефоне – незаконнае пікетаванне. Хроніка палітычнага пераследу


Улады лічаць незаконным пікетаваннем нават тэлефонныя размовы і працягваюць парушаць правы беларусаў. «Белсат» расказвае пра рэпрэсіі ў краіне 21 студзеня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святкаванне Дня волі у Варшаве, Польшча. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Жыхара Наваполацку Барыса Казельскага пакаралі 15 суткамі арышту за тое, што ён патэлефанаваў у міліцыю і сказаў «Слава Украіне». Паводле праваабаронцаў, суддзя Наваполацкага гарсуду Зінаіда Бадаболава кваліфікавала гэта як «публічнае ажыццяўленне званка». І, адпаведна, як несанкцыянаванае пікетаванне.

Імаверна, сказаў ён не толькі гэта, бо ў Наваполацкім ГАУС праводзілі праверку па факце абразы, якую Казельскі нібыта нанёс «пасадовай асобе дзяржаўнага органа пры выкананні службовых паўнамоцтваў». Ці пацвердзіўся гэты факт і ці была распачатая з гэтай нагоды адміністрацыйная або крымінальная справа, пакуль не вядома.

Суддзя Чашніцкага раёну Ірына Кручыніна пакарала штрафам у памеры 740 рублёў беспрацоўнага бацьку двух малалетніх дзяцей Аляксандра Шнітко. Мужчына ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» на сваім акаўнце нібыта «…захоўваў у адкрытым для агляду іншым грамадзянам доступе, з даты прызнання экстрэмісцкім матэрыялам, з мэтай распаўсюджвання, інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Гаворка ідзе пра пасты суполкі «МЫ ЗА НЕЗАЛЕЖНУЮ БЕЛАРУСЬ» 2020 года. Аляксандр прызнаў віну на судзе і патлумачыў, што запісы ўжо выдаленыя, але Кручыніна ўжо адно прызначыла пакаранне.

«А цяпер маленькая рэмарка: тэлеграм-канал, блізкі да віцебскіх сілавікоў, рэгулярна змяшчае агітацыйныя ролікі, каб людзі прыходзілі ў міліцыю “прызнавацца” у сваіх “правінах” ( у тым ліку за “экстрэмісцкія” рэпосты), і ім, маўляў, за гэта нічога не будзе – толькі прафілактычная гутарка. Вы ў гэта верыце?», – пытаюць праваабаронцы.

У Ваўкавыску будуць судзіць палітвязня за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Вадзім Гусеў са Шчучына адбываў тэрмін у папраўчай установе адкрытага тыпу паводле артыкулу 328 КК, дзе яму замянілі пакаранне з абмежавання волі на пазбаўленне волі, піша «Вясна».

У ліпені 2023 года ён быў пакараны паводле артыкула 369 Крымінальнага Кодэксу. Гусеў нібыта напісаў «абразлівыя» каментары пра прадстаўнікоў улады. За гэта яго пакаралі 1 годам і 3 месяцамі пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму. 22 студзеня адбудзецца чарговы суд над палітвязнем. Гэтым разам яго абвінавачваюць у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі. Справу будзе разглядаць суддзя Мікалай Сяргейка.

Падтрымаць палітвязня можна па адрасе: ПК № 11. 231900, Ваўкавыск, Ракасоўскага, 118, Вадзім Валер’евіч Гусеў.

Меркаванні
Фізічны рэсурс палітвязняў мае абмежаванні. А ці мае бар’ер псіхалагічны рэсурс іх блізкіх?
2024.01.21 10:48

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў