Грып надыходзіць. Хто ў зоне рызыкі


У Беларусі расце колькасць захварэлых на ВРІ і грып. Больш за 50 % – гэта дзеці і падлеткі ва ўзросце да 18 гадоў, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: 6487778 © Mykola Velychko – Dreamstime.com

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, вынікі лабараторных даследаванняў дазваляюць гаварыць пра цыркуляцыю вірусаў грыпу А(H1N1), A(H3N2), А(нетып.), В і негрыпозных рэспіраторных вірусаў, што абумоўлівае рызыку распаўсюджвання ўзбуджальнікаў і ўзнікненне выпадкаў захворвання, уключаючы лакальныя ўспышкі.

Паводле наяўных у краіне звестак, вірус пірола шырокага распаўсюду не атрымаў. На сёння працягваецца пераважная цыркуляцыя дзвюх рэкамбінантных формаў віруса – ХВВ.1.16 (Арктурус) і EG.5.1.1 (Эрыс).

Медыкі прагназуюць уздым захваральнасці на ВРІ ў найбліжэйшыя тыдні.

Сярод захварэлых будуць пераважаць дзеці, пераважна да 14 гадоў. Таксама ў зоне рызыкі цяжарныя і асобы старэйшыя за 65 гадоў.

У сувязі з надыходам перыяду ўздыму захваральнасці на ВРІ спецыялісты рэкамендуюць выконваць шэраг захадаў, накіраваных на мінімізацыю рызыкі распаўсюду рэспіраторных інфекцыяў.

  • Пазбягайце ці скараціце да мінімуму час, праведзены ў месцах масавага збору людзей.
  • Выкарыстоўвайце сродкі абароны органаў дыхання (маскі, рэспіратары) пры немагчымасці захавання сацыяльнай дыстанцыі 1–1,5 м, калі ў вас рэспіраторныя сімптомы (катар, кашаль, чханне) або вы знаходзіцеся ў месцах масавага збору людзей.
  • Пазбягайце цесных кантактаў з людзьмі, якія маюць прыкметы рэспіраторнай хваробы.
  • Рэгулярна і старанна мыйце рукі з мылам, абавязкова пасля вяртання з вуліцы і карыстання грамадскім транспартам. Выкарыстоўвайце пры неабходнасці антысептычныя сродкі.
  • Праводзьце рэгулярнае ветранне і вільготную ўборку памяшкання, у якім знаходзіцеся.
  • Прытрымлівайцеся здаровага, збалансаванага харчавання, фізічнай актыўнасці (часцей шпацыруйце на свежым паветры) і не забывайце пра паўнавартасны сон.

Пры зʼяўленні сімптомаў рэспіраторнай хваробы (павышэнне тэмпературы цела, кашаль, насмарк, галаўны боль, боль у горле і г. д.) неабходна заставацца ўдома і выклікаць доктара.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў