Расейцы зайшлі ў Новаміхайлаўку на мар’інскім кірунку. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 665-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 20 снежня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія танкісты адпрацоўваюць эвакуацыю таварыша падчас вучэнняў непадалёк ад лініі фронту на бахмуцкім кірунку. Данецкая вобласць, Украіна. 15 снежня 2023 года.
Фота: Anatolii Stepanov / AFP / East News

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці працягваюцца сустрэчныя баі каля сяла Сынькоўка ў Купянскім раёне, пры гэтым ніводны з бакоў канфлікту не фіксуе зменаў па лініі фронту.

Таксама на купянскім кірунку, паводле Міністэрства абароны РФ, украінцы атакавалі каля сяла Церны, але поспеху не дасягнулі.

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на суседнім ліманскім кірунку сілы абароны краіны адбілі шэсць атак праціўніка на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва, а таксама з усходу ад сяла Церны (поўнач Данецкай вобласці).

У Мінабароны РФ пішуць пра дзве няўдалыя атакі ўкраінцаў каля Дзібровы і Торскага ў Луганскай і Данецкай вобласцях адпаведна.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

Украінскае камандаванне паведаміла пра 12 няўдалых атак войскаў РФ на бахмуцкім кірунку каля населеных пунктаў Багданаўка, Клішчыеўка і Андрэеўка.

Аднак прарасейскія ваенкор Сямён Пегаў сцвярджае, што Узброеныя сілы РФ маюць сур’ёзныя тактычныя поспехі на захадзе і поўдні ад Бахмуту. У прыватнасці, яны контратакавалі каля Курдзюмаўкі і вярнулі частку раней страчаных пазіцыяў. На паўночным захадзе ад Клішчыеўкі яны выбілі ЗСУ з часткі вышыня, а ў ваколіцах Іванаўскага расейцы прасунуліся на ўчастку фронту каля трох кіламетраў. Акрамя гэтага, паводле ваенкора, УС РФ пасунулі праціўніка каля Хромава і Багданаўкі.

Тэлеграм-канал «Белорусский силовик» піша пра павелічэнне інтэнсіўнасці штурмавых дзеянняў з боку войскаў на паўдневым захадзе ад Багданаўкі, а таксама з захаду ад Хромава, што ўказвае на спробы атачыць ЗСУ ў Багданаўцы.

У сваю чаргу ўкраінцы на бахмуцкім кірунку ў чарговы раз спрабавалі прасунуцца каля населенага пункту Шумы (на захадзе ад Горлаўкі, але поспеху не дасягнулі.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Ініцыятыва расейскіх вайскоўцаў захоўваецца і ў ваколіцах Данецку.

У Генштабе ЗСУ пішуць, што на паўночным фланзе адзееўскага кірунку сілы абароны краіны за содні адбілі 26 атак праціўніка каля Новабахмутаўкі, Стэпавога і Аўдзееўкі, на паўднёвым фланзе – дзевяць атак каля Севернага, Первамайскага і Невельскага.

На мар’інскім кірунку крыніца фіксуе 13 безвыніковых атак прасейцаў каля Краснагораўкі,Мар’інкі і Новаміхайлаўкі.

Між тым «Белорусский силовик» заяўляе аб прасоўванні УС РФ на поўначы ад Мар’інкі на адлегласць каля паўкіламетра.

Сямён Пегаў гаворыць, што расейцы занялі новыя пазіцыі на захадхе ад гораду, а таксама зайшлі ў паўднёвую частку Новаміхайлаўкі.

У тэлеграм-канале 46-й аэрамабільнай брыгадзе ЗСУ пацвярджаюць заход перадавых атрадаў расейцаў у Новаміхайлаўку і пераход часткі сяла ў так званую шэрую зону, але адмаўляюць поспехі расейцаў на захадзе ад Мар’інкі.

Аналітыкі праекту Deepstate удакладняюць, што ў Новаміхайлаўцы УС РФ замацоўваюцца на могілках, ферме і складах, адначасова з гэтым перактдаюцца дадатковыя сілы для баёў за самое сяло.

Агулам, на мар’інскім кірунку расейцы намагаюцца прасунуцца за лінію населеных пунктаў Мар’інка – Пабеда – Новаміхайлаўка – Канстатынаўка, каб у выніку выйсці ў фланг і тыл групоўцы ЗСУ ў Вуглядары.

Бярдзянскі і мелітопальскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай вобласці)

На поўдні Украіны найбольш актыўным участкам фронту застаецца выступ па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці.

Генштаб ЗСУ піша, што тут сілы абароны краіны адбілі прынамсі 12 атак праціўніка з захаду ад сяла Навапрокапаўка і каля Работына.

Пры гэтым прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што войскі РФ прасунуліся на некалькі сотняў метраў і захапілі апорныя пункты ЗСУ на ўчастку паміж сёламі Работына і Вэрбовае і прасу

Херсонскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне)

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша пра баі на левым беразе Дняпра ў ваколіцах сяла Крынкі, дзе Збройныя сілы Украіны ўтрымліваюць невялікі плацдарм.

Паводле крыніцы, расейцы пасля артылерыйскага ўдару выбілі праціўніка з пазіцыяў у лясным масіве каля цяпліцаў (з поўдня ад населенага пункту). У гэты ж час самыя ЗСУ намагаюцца прасунуцца ў шэрай зоне на заходніх і ўсходніх ускрайках Крынак.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў