ЗША абвінавацілі генеральнага сакратара ААН у тым, што ён «саступіў расейскім пагрозам»


Генеральнага сакратара ААН Антонью Гутэрыша абвінавацілі ў тым, што ён «відавочна саступіў расейскім пагрозам» і не адправіў афіцыйных асобаў ва Украіну праверыць, ці сапраўды Расея выкарыстоўвае іранскія беспілотнікі для атак. Пра гэта паведамляе агенцтва «Reuters».

Антонью Гутэрыш.
Фота: Flickr

«Мы шкадуем, што ААН не зрабіла ніякіх крокаў дзеля правядзення нармальнага расследавання гэтай інфармацыі аб парушэнні. Мы расчараваныя тым, што сакратарыят, відавочна паддаўшыся пагрозам Расеі, не выканаў мандату на расследаванне, які дала яму гэтая рада», – заявіў намеснік сталага прадстаўніка ЗША пры ААН Робэрт Ўуд на паседжанні Рады Бяспекі ААН 19 снежня.

Вялікая Брытанія, Францыя, Нямеччына, ЗША і Украіна сцвярджаюць, што пастаўка беспілотнікаў іранскай вытворчасці ў Расею парушае рэзалюцыю Рады Бяспекі ААН ад 2015 года, якая замацоўвае ядравую ўгоду з Іранам. Яны хочуць, каб Гутэрыш накіраваў чыноўнікаў у Кіеў для расследавання.

Расея адмаўляе, што выкарыстоўвала іранскія беспілотныя лятальныя апараты ва Украіне, і сцвярджае, што службовыя асобы ААН не маюць мандату на паездкі ў Кіеў, каб расследаваць паходжанне беспілотных лятальных апаратаў. Раней Іран прызнаў, што пастаўляў Маскве беспілотныя лятальныя апараты, але заявіў, што яны былі адпраўленыя да таго, як Расея ўварвалася ва Украіну.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў