Фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі пра БелАЭС: «Энергаблок атрымаўся крывенькі»


Па стане на 1 ліпеня 2021 года на Беларускай АЭС было зафіксавана 14330 нявыпраўленых заўвагаў, і ажно 9 разоў станцыю з моманту ейнага пуску прыпынялі. Але, нягледзячы на ўсё гэта, неўзабаве плануецца запуск другога энергаблоку.

Пра тое, што насамрэч адбываецца на БелАЭС у праграме «Студыя Белсат» распавёў вядомы расейскі фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі.

Паводле фізіка-ядравіка Андрэя Ажароўскага, з такой колькасцю недаробак станцыю ўвогуле не мелі права ўводзіць у эксплуатацыю, бо яна сапраўды небяспечная.

«Тое, што мы бачым, і назіраюць людзі збоку, гэта сапраўды тое, што энергаблок атрымаўся крывенькі, што там не тысячы, а дзясяткі тысяч недаробак, неадпаведнасцяў праекту, няправільна падключаных датчыкаў, гэта гаворыць пра тое, што знакамітая Росатамаўская якасць – гэта не метафара, а сапраўды такі знак антыякасці.

І безумоўна, што з улікам усіх гэтых праблемаў, якія сталі вядомымі, гэта пацвярджае асцярогі праціўнікаў атамнай станцыі, пацвярджае меркаванне Беларускай антыядравай кампаніі, што станцыя небяспечная, што ўлады хлусяць, і ў прынцыпе з такой колькасцю недаробак акт аб уводзе ў эксплуатацыю атамнай станцыі не павінен быў быць падпісаны», – кажа Андрэй Ажароўскі.

Андрэй Ажароўскі.
Фота: Белсат

Андрэй Ажароўскі звяртае ўвагу на тое, што прыняцце станцыі ўказвае не на непрафесіяналізм беларускіх спецыялістаў, а на іх залежнасць ад Расеі і ў першую чаргу ад Росатама.

«Я нагадаю, што быў працяглы перыяд вопытна-прамысловай эксплуатацыі – гэта адмысловы час, калі ўсе гэтыя недаробкі павінныя быць выпраўленыя забудоўнікам – падраздзяленнем Росатама. Беларусь, відаць, не з’яўляецца ў поўнай меры незалежнай ад Росатаму цяпер, і беларускія органы нагляду не змаглі настаяць на тым, каб проста не падпісваць акт, трэба было працягваць перыяд вопытна-прамысловай эксплуатацыі, пакуль недаробкі не будуць выпраўленыя».

Спецыяліст выказаў меркаванне, што, улічваючы досвед запуску першага энергаблоку, запуск другога можа быць такім жа небяспечным.

«Атамная станцыя – аб’ект небяспечны. Цяпер мы чакаем з мужнасцю, што з такімі ж недаробкамі адбудзецца фізічны пуск другога энергаблоку ў бліжэйшыя дні ці да канта тыдня, а ўжо ўвод у эксплуатацыю чакаем на наступны год. Яшчэ раз паўтару, што ўсе праблемы павінны былі быць выяўленыя і ліквідаваныя ў перыяд воптына-прамысловай эксплуатацыі. Тое, што беларускія ўлады падпісалі акт прыёму – гэта няправільна».

Hавiны
Літва ўручыла Беларусі ноту пратэсту праз БелАЭС
2021.11.23 18:06

ВК, Belsat

Стужка навінаў