«Белавія» вярнула яшчэ тры самалёты з флоту лізінгавай кампаніі


Беларуская авіякампанія «Белавія», якая 2 снежня патрапіла пад чарговыя санкцыі Еўразвязу, працягвае страчваць самалёты з флоту.

Так, тры самалёты Embraer E195-E2, якія належалі «Белавіі», вярнуліся да лізінгавай кампаніі AerCap. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «ОтВинта».

Самалёт Embraer авіякампаніі «Белавія».
Фота: belavia.by

З 26 кастрычніка па 17 снежня яны знаходзіліся на стаянцы ў аэрапорце казахскага Нур-Султана. У мінулую пятніцу самалёты змянілі рэгістрацыю на ірландскую і былі перагнаны ў іспанскі аэрапорт Кастэльён-Коста Азаар на захоўванне.

Па інфармацыі з сайту planespotters, яшчэ 7 самалётаў Embraer, якія раней былі ў «Белавіі», цяпер знаходзяцца на стаянцы ў Баку.

Акрамя гэтага з флоту беларускай авіакампаніі быў выведзены яшчэ адзін самалёт – Boeing 737-800, які на працягу месяца стаяў у аэрапорце Стамбула, а 16 снежня быў перададзены ірландскай лізінгавай кампаніі Genesis Aircraft Services.

Пазней ён атрымаў балгарскую рэгістрацыю і накіраваўся ў адну з найбуйнейшых базаў захоўвання самалётаў – амерыканскі Pinal Airpark.

На пачатку снежня ў кампаніі паведамлялі, што вымушана скарацілі парк паветраных суднаў да 15 самалётаў з ранейшых 29-і, «што іх цалкам дастаткова для выканання ўсіх запланаваных рэйсаў у зімовым сезоне – як рэгулярных, так і чартарных».

Hавiны
Авіяэксперт пра чарговыя санкцыі ў адносінах «Белавіі»: Гэта вельмі моцна ўдарыць па авіякампаніі
2021.12.06 22:43

АД, belsat.eu

Стужка навінаў