«Замяніць не атрымліваецца». Чыноўнікі прызналі, што ніяк не могуць вырашыць праблему тэтрапаку


Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Вадзім Шагойка распавёў БелТА, што ўлады ніяк не могуць вырашыць пытанне з тэтрапакам, якія з’явіліся з пачаткам вясны з прычыны саўдзелу рэжыму ў вайне з Украінай.

Прадукты харчавання. Менск, Беларусь. 1 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Шагойка адзначыў, што запасы ўпакоўкі былі на складах, планамерна выкарыстоўваліся. Таксама пачалі шукаць альтэрнатыву на кітайскім, індыйскім рынках.

«У гэты момант на шмат якіх заводах ужо зробленыя тэставыя разлівы прадукцыі, бо пакаванне тэтрапак прадугледжвае захаванасць прадукту на 6, 9, 12 месяцаў. Тэставы разліў прадугледжвае знаходжанне на вытрымцы прадукту на гэтыя месяцы плюс яшчэ 20-30%. Таму замяніць у раптоўна пакаванне не атрымліваецца. Недзе дапрацоўваецца ўпакоўка пад наша абсталяванне», – сказаў намеснік міністра.

Паводле яго, праблема вырашаецца, і пакуль «нейкіх крытычных пытанняў не ўзнікае»:

«Вядуцца перамовы з пастаўшчыкамі гэтай упакоўкі. Заводы ёсць і ў Расеі, ёсць намеры будаўніцтва заводу і ў Беларусі. Мы ўжо ў прынцыпе на Захад не глядзім», – заявіў Шагойка.

Чыноўнік падкрэсліў, што «тэтрапак – гэта проста адна з упаковак малочнага прадукту, яна не можа паўплываць на харчовую бяспеку нашай краіны, на экспартны патэнцыял». А людзі перадусім купляюць прадукт.

Раней казалі, што пытанне вырашылі

Адзначым, што месяц таму міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло заяўляў, што ўсе пытанні з тэтрапакам у Беларусі вырашаныя.

«Цяпер ніякіх пытанняў з тэтрапакам няма, усё вырашана. У нас няма ніякіх праблем з упакоўкай, гэта відаць на прылаўках. У нас ёсць намёткі па вытворчасці некаторых відаў упакоўкі ў краіне, мы над гэтым цяпер працуем. Ну, і пастаўкі ідуць – з Кітаю, Расеі, шэрагу еўрапейскіх краін».

Аб’ектыў
Эксперт: тэтрапак-абсталяванне адаптоўваюць пад бутэлькі
2022.11.09 21:21

Чыноўнікі прызнавалі, што брак упакоўкі нашкодзіў экспарту малочнай прадукцыі. На прыкладзе адной з расейскіх інтэрнэт-крамаў пацвярджаем – «часова адсутнічае» больш за палову беларускай малочкі.

За амаль тры дзясяткі гадоў рэжыму ўдалося пабудаваць дыктатуру, але не ўдалося – наладзіць вытворчасць сучаснай упакоўкі – слушна заўважыў эксперт «Белсату» Віталь Алейнік.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў