Улады збіраюцца істотна павысіць падаткі ў Беларусі, а для «дармаедаў» увядуць «падатак на даўгі»


У Беларусі збіраюцца істотна павысіць падаткі для рэпетытараў, цырульнікаў і касметолагаў, а для «дармаедаў» увядуць «падатак на даўгі». Гэта прапісанае ў праекце паправак у Падатковы кодэкс на 2023 год. Дакумент мае выданне «Зеркало».

Беларускія рублі. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Выданне «Зеркало» атрымала праект паправак у Падатковы кодэкс на 2023 год. Дакумент пакуль не ўхвалены і яшчэ абмяркоўваецца.

У прыватнасці, чыноўнікі хочуць узмацніць кантроль за даходамі і расходамі фізічных асобаў, якія афіцыйна не працуюць у Беларусі цягам пяці гадоў. Калі «дармаеды» атрымаюць ад сваякоў больш за 100 базавых велічынь цягам года (зараз гэта 3200 рублёў), то з сумы перавышэння прыйдзецца заплаціць 10% падатку.

Дзеючыя правілы прадугледжваюць, што калі асоба возьме грошы ад родных, то аніякіх збораў няма незалежна ад сумы пазыкі. Цяпер гэтая норма не будзе распаўсюджвацца на «дармаедаў».

Таксама ўлады плануюць істотна павялічыць з 2023 года адзіныя падаткі для індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асобаў, якія працуюць без ІП.

Напрыклад, для «іпэшнікаў», што займаюцца здачай у кароткатэрміновую арэнду нерухомасці, падатак за месяц могуць павялічыць да 620 рублёў у Менску (цяпер – 413 рублёў), а ў абласных гарадах – да 578 рублёў (цяпер – 385 рублёў). Гэта збор за кожную кватэру, дом або лецішча.

Падатак за рамонт прадметаў асабістага карыстання і бытавых тавараў могуць узняць у сталіцы да 612 рублёў (цяпер – 306 рублёў), а ў абласных гарадах – да 424 рублёў (цяпер – 212 рублёў).

Для фізічных асобаў, што працуюць без ІП (самазанятыя), павялічаць штомесячны адзіны падатак за рэпетытарства: з 82 да 164 рублёў у Менску і з 76 да 152 рублёў у абласных гарадах.

Для вядоўцаў вяселляў і юбілеяў унёсак вырасце ў Менску з 259 да 518 рублёў, а ў Менскім раёне і ў абласных цэнтрах – з 239 да 478 рублёў.

За відэаздымку падзей прыйдзецца штомесячна плаціць 526 рублёў замест 263 у Менску і 486 рублёў замест 243 – у рэгіёнах.

Касметолагі і цырульнікі будуць плаціць у Менску 339 рублёў замест 226, у рэгіёнах – 312 рублёў замест 208.

Для будаўнікоў, якія рамантуюць падлогі і сцены, усталёўваюць вокны і дзверы, займаюцца тынкавальнымі ды малярнымі работамі, падатак прапануюць павысіць у Менску з 292 рублёў да 438, у рэгіёнах – з 269 рублёў да 404.

Тыя, хто аказваюць паслугі клінінга, стануць плаціць у Менску 286 рублёў замест 143, у абласных цэнтрах – 260 рублёў замест 130.

Адзіны падатак за распрацоўку сайтаў, настройку камп’ютараў і ўстаноўку праграм складзе 593 рублі ў Менску (цяпер – 237) і 548 рублёў у рэгіёнах (цяпер – 219).

Раней улады анансавалі, што з 2023 года адменяць для індывідуальных прадпрымальнікаў спрошчаную сістэму падаткаабкладання, падаходны падатак для іх павялічаць з 16 да 20%, а з 2024-га – да 25%.

Аналітыка
Колькасць падаткаў для насельніцтва вырасла, але мэтазгоднасць гэтай захады пад пытаннем 
2022.08.12 19:05

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў