Украінскі «Енергоатом» і МАГАТЭ паведамляюць пра абстрэлы Запарожскай АЭС


Магутныя выбухі скалынулі раён Запарожскай атамнай электрастанцыі (ЗАЭС) ва Украіне ўвечары 19-га і раніцай 20 лістапада. Пра гэта заявіў генеральны дырэктар Міжнароднага агенцтва ў атамнай энергіі (МАГАТЭ) Рафаэль Марыяна Гросі.

Запарожская атамная электрастанцыя ў Запарожскай вобласці Украіны.
Фота: wikipedia.org

Эксперты МАГАТЭ на ЗАЭС паведамілі ў штаб-кватэру агенцтва, што паблізу і на пляцоўцы найбуйнейшай у Еўропе атамнай электрастанцыі раніцай было чуваць больш як дзясятак выбухаў. Прадстаўнікі МАГАТЭ таксама бачылі некаторыя выбухі са сваіх вокнаў.

У выніку на пляцоўцы ЗАЭС былі пашкоджаныя некаторыя будынкі, сістэмы і абсталяванне, але ніводны з іх пакуль не крытычны для ядравай бяспекі. Паведамленняў аб пацярпелых не паступала.

«Навіны ад нашай каманды ўчора і сёння раніцай вельмі трывожныя. На пляцоўцы гэтай буйной атамнай электрастанцыі адбыліся выбухі, што зусім недапушчальна. Хто б ні стаяў за гэтым, ён павінен неадкладна спыніцца. Як я ўжо казаў шмат разоў, вы гуляеце з агнём!» – заявіў гендырэктар Гросі.

Ён настойліва заклікаў абодва бакі канфлікту ўзгадніць і як мага хутчэй увесці зону ядравай бяспекі вакол ЗАЭС.

«Енергоатом»: РФ перашкаджае аднавіць вытворчасць электраэнергіі

У сваю чаргу ўкраінскі «Енергоатом» паведамляе, што станцыю абстрэльвалі расейскія вайскоўцы. У выніку «зафіксавана сама меней 12 «прылётаў» на пляцоўку Запарожскай АЭС».

«Характар і пералік пашкоджанага абсталявання ЗАЭС сведчаць пра тое, што рашысты цэлілі і вывелі са строю менавіта тую інфраструктуру, якая была неабходна для запуску энергаблокаў 5 і 6 і аднаўлення вытворчасці электраэнергіі Запарожскай АЭС для патрэб Украіны», – заявілі ў прадпрыемстве.

Там адзначылі, што расейскія войскі, якія кантралююць станцыю, «усяляк спрабавалі не даць украінскаму персаналу станцыі запусціць энергаблокі».

«Аднак гэтага ім аказалася недастаткова, і сёння рашысты абстралялі і пашкодзілі менавіта тое абсталяванне, адмова якога робіць немагчымым любыя далейшыя дзеянні па запуску энергаблокаў ЗАЭС», – адзначылі.

«Енергоатом» заклікаў міжнародную супольнасць «прыняць меры для больш хуткай дэмілітарызацыі ЗАЭС, вываду з тэрыторыі станцыі і гораду Энергадару ўсіх расейскіх вайскоўцаў і вяртання Запарожскай АЭС пад поўны кантроль Украіны дзеля бяспекі ўсяго свету».

Hавiны
Запарожская АЭС цяпер без электрычнасці
2022.11.03 09:29

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў