Лукашэнка зноў насварыўся на ўрад. Навошта – каб здымаць прэм’ера? Разважае Дракахруст


Як заўжды, Лукашэнка «разносіць» урад. Гэтым разам ён можа рыхтаваць адстаўку Галоўчанкі. Але апазіцыі гэтымі «разносамі» наўрад ці ўдасца скарыстацца: і прыхільнікаў, і праціўнікаў апазіцыі Галоўчанка не цікавіць. Аб гэтым «Белсату» кажа палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юры Дракахруст.

Паседжанне Савету міністраў
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паседжанне Савету міністраў з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Менск, Беларусь. 10 сакавіка 2023 года.
Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка правёў нараду аб планаванні і кантролі стратэгічных праектаў. Казаў, як перадае дзяржаўнае інфармагенцтва «БелТА». Паводле Лукашэнкі, урад не займаецца канкрэтнымі справамі, а пачынае хлусіць і дэзынфармаваць яго, а нясвоечасовая рэалізацыя стратэгічных праектаў стала нормай.

«Гледзячы ў крывое люстэрка, мы краіну не ўтрымаем», – казаў Лукашэнка, насварыўшыся на прызначаны ім жа ўрад.

Маўляў, ужо не дзіва, што быдла дохне ў Віцебскай ці Магілёўскай вобласці, ды нават па ўсёй краіне падзёж!

Усе ўрады кепскія?

Здаецца, Лукашэнка падобным чынам сварыўся на кожны свой урад, Ці можа, быў нейкі ўрад які яму падабаўся? Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юры Дракахруст адказвае «Белсату»: можа, хтосьці калісьці і падабаўся, але сварыўся Лукашэнка і праўда на кожны.

Юрый Дракахруст
Юрый Дракахруст у эфіры «Белсату». 20 кастрычніка 2023 года. Скрыншот: Белсат

Але ў цяперашніх словах Лукашэнкі ёсць агульны і асаблівы складнік. Агульнае – гэта ўвогуле бачанне Лукашэнкам палітыкі і свету. Дракахруст згадвае, што знаёмыя распавядалі яму такія гісторыі.

Першая гісторыя. Лукашэнка аднойчы прыехаў на прадпрыемства аднаго з праўладных алігархаў, спытаў рабочых, чым ім дапамагчы. Тыя адказваюць: «Дзякуй, усё класна, добры бос, усё працуе». Бедны бос пакрыўся халодным потам, Лукашэнка стаў вельмі змрочны. На алігарха пайшлі праверкі.

Другая гісторыя. Пра аднаго міністра сталі добра пісаць медыі. Той прыйшоў да журналіста і пытае, што ж той робіць, бо хвальбамі «ты мяне ў труну кладзеш». Калі ўжо напісалі раз, другі, трэці, дык гэта кладзецца на стол Лукашэнку. За такое могуць і «башку сарваць».

«Вось бачанне: я ўсё даю! – тлумачыць Дракахруст. – Як гэта вы так без мяне? Гэта непарадак!»

Так і з урадам – з усімі падначаленымі, працягвае ён: «Тое недапрацавалі, гэта завалілі, каровы абасраныя». Часам такія наезды прыводзяць да арганізацыйных высноваў, часам не. Бывае, чыноўнікі разумеюць, што гэта «спектакль для народу», проста апускаюць вочы і слухаюць пасланне пра тое, што «без бацькі тут нічога б не расло».

Мо Лукашэнка рыхтуе Галоўчанку да адстаўкі?

Ды цяпер ёсць асаблівая частка, адзначае Дракахруст. Менавіта гэтая крытыка можа быць растлулмачаная «падзеннем у апалу» прэм’ер-міністра. Летам Лукашэнка ўжо «граміў» урад за правал з лічбамі валавага ўнутранага прадукту: казаў асабіста прэм’ер-міністру Раману Галоўчанку і першаму віцэ-прэм’еру Мікалаю Снапкову: калі сёлета не выканае паказнікі, пойдзеце ў адстаўку, а тое «смешна выглядае», а дасведчаныя людзі яму дакладваюць, што «чыноўнікам пофіг на гэта ўсё».

Але ж у мінулым годзе ВУП упаў амаль на 5 %, нагадвае Дракахруст. Такіх гучных разносаў ураду тады не было. Зразумела, што пачалася вайна ва Украіне і моцныя санкцыі. У 2023 годзе вайна працягваецца, санкцыі не слабнуць, а ВУП вырас за студзень-верасень на 3,5 % да таго ж перыяду мінулага года. Мо не на 8 %, як хацелася б, але вырас.

Каментар
«Прагнозы пераходзяць у праграмы, праграмы – у планы». Эканаміст пра тое, як рэжым будзе нарошчваць ВУП
2023.10.09 08:00

Дык што, пытае Дракахруст, сёлета завалілі, калі вырас на тры, а летась не завалілі, калі ўпаў на пяць? І адказвае: гэта азначае, што можа рыхтавацца адстаўка Галоўчанкі.

«Часам некаторыя аглядальнікі тлумачаць, што Лукашэнка хоча больш лаяльнага паставіць, – заўважае Дракахруст. – Ну-у, там усе лаяльныя. Там нелаяльных даўно няма, гадоў так дваццаць. Так што справа не ў лаяльнасці. Але ведаеце, сваё жыццё, свае інтрыгі, свая барацьба за ўладу, за доступ да цела – яна паўсюль адбываецца. Яна пры Сталіне была, яна зараз пры Кіме ёсць, яна і пад Лукашэнкам ёсць».

Злева направа: Андрэй Швед (злева) атрымлівае ганаровую грамату за забеспячэнне правоў і свабод грамадзянаў» ад Наталлі Качанавай (у цэнтры).
Фота: Prokuraturabelarus / Telegram

Пры Лукашэнку ёсць амбітныя людзі, працягвае ён і згадвае старшыню Савету Рэспублікі Наталлю Качанаву і «новага любімца» Лукашэнкі – Генеральнага пракурора Андрэя Шведа. Што да Галоўчанкі, лічыць Дракахруст, «ёсць адчуванне, што выгарэў мужык». Хоць той Галоўчанка, на думку суразмоўцы, далёкі ад выбараў і палітыкі, а проста «рабацяга, араты», Лукашэнка мог палічыць, што ўжо «не цягне». А можа, Галоўчанку абыгралі ў наменклатурнай барацьбе.

Так ці іначай, пачалася «кампанія апускання Галоўчанкі», лічыць Дракахруст. За прэм’ерам знаходзяцца ўсё новыя грахі, каб падрыхтаваць грамадства і апарат да адстаўкі Галоўчанкі. Можна было б і без такой падрыхтоўкі, бо не стане ж лукашэнкаўскі «парламент» пярэчыць! Але, на думку Дракахруста, на Галоўчанку могуць зваліць правалы, калі прызначаць новага прэм’ера: маўляў, ну так, не ўсё добра, але ж гэта Галоўчанка праваліў, не Лукашэнка, вось у 2023 годзе пералічвалі грахі экс-прэм’ера.

Ці можа апазіцыя гэтым скарыстацца?

Раз Лукашэнка сам прызначае людзей, якія потым «усё правальваюць», можа, дэмакратычныя сілы маглі б гэтым скарыстацца, каб пераканаць кагосьці ў нечым? Дракахруст смяецца: «Занадта складана для нашага цырку».

Людзі, якія і так не любяць беларускую ўладу, не любяць яе цалкам, тлумачыць ён. Для праціўнікаў Лукашэнкі ўсё адно, што Галоўчанка, што Качанава, што Лукашэнка. І прыхільнікам Лукашэнкі ўсё адно.

Дракахруст згадвае адно з апытанняў «Chatham House» (PDF), у якім выявілася, што пазнавальнасць дзяржаўных чыноўнікаў кшталту Галоўчанкі і Качанавай сярод прыхільнікаў улады аказалася ніжэйшай, чым сярод праціўнікаў. Маўляў, «вось ведаю бацьку, і мне дастаткова, а сёння адзін Галоўчанка, заўтра другі, ну добра».

Нарада ў Лукашэнкі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Нарада ў пытаннях адукацыйнай сферы. Менск, Беларусь. 21 верасня 2023 года.
Фота: president.gov.by

Да таго ж, самі чыноўнікі баяцца «высунуцца» – дык іх адпаведна ўспрымаюць і прыхільнікі ўлады, і праціўнікі, як «тупых і кепскіх выканаўцаў волі Лукашэнкі», кажа Дракахруст. Але яны не абавязкова «тупыя выканаўцы», нагадвае ён: вунь Мікіта Хрушчоў скакаў на дачы Іосіфа Сталіна, дык здавалася, «Мікітка-дурачок», а пасля 1953 года высветлілася, што зусім не «дурачок».

Разыграць у Беларусі тое, што выканаўцы кепскія, у апазіцыі наўрад ці выйдзе, рэзюмуе Дракахруст. Тым больш у Расеі спрабавалі «гуляць на розных пляцоўках – як Аляксей Навальны спрабаваў з выкрыццём карупцыі ў фільмах накшталт «Он вам не Димон», ды высветлілася, што ў Расеі «ўсё склеілася», усе акрамя Уладзіміра Пуціна гэта «ніхто».

Гісторыі
Лукашэнку будуюць новую раскошную рэзідэнцыю: «BELPOL» здабыў планы з «душам уражанняў»
2023.09.18 10:39

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў