Як зброю пастаўлялі з Еўразвязу ў Беларусь і ці ўвядуць эмбарга?


Выданне «EUоbserver» паведаміла, што тры еўрапейскія фірмы маглі экспартаваць зброю ў Беларусь і Расею. Такі гандаль незаконны, бо яшчэ ў 2011 і 2014 гадах ЕЗ увёў забарону на пастаўку зброі ў гэтыя краіны.

Якім чынам адбываецца закуп замежнай зброі? Якое ўзбраенне куплялі для беларускіх вайскоўцаў, спецслужбаў і міліцыі? Каб адказаць на гэтыя пытанні, мы прааналізавалі інфармацыю з Тэлеграм-каналу вайсковага эксперта Ягора Лебядка.

Што куплялі?

Што датычыць важнейшых відаў зброі, то ў Беларусі яны цяпер савецкай, расейскай ці беларускай вытворчасці. Купляць такую зброю ў краінах NATO не выпадае, бо афіцыйны план абароны разглядае Расею як саюзніка, а NATO як асноўнага суперніка, паведамляе Тэлеграм-канал Ягора Лебядка.

«У той жа час існуе шэраг выпадкаў, калі можна выкарыстоўваць замежную зброю. Перш за ўсё, гэта стралковая зброя для падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння. Так, у спецыяльных падраздзяленнях узброеных сілаў, МУС, Службы бяспекі прэзідэнта, Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі выкарыстоўваюцца як для навучання персаналу, так і для практычнай працы замежныя пісталеты «Glock 17 (Аўстрыя), «SIG-Sauer P226» (Нямеччына), «CZ-75» (Чэхія) і іншыя, шэраг снайперскіх вінтовак «Sako TRG» (Фінляндыя), «Accuracy International AXMC» (Вялікая Брытанія), «Victrix Gladius MilLE» (Італія) ды іншыя, пісталеты-кулямёты, такія як «H&K MP.5», гладкарульныя стрэльбы «Mossberg», «Рэмінгтан», «Бэнэлі», – напісаў эксперт у сваім блогу.

Затрыманні ў раёне станцыі метро Няміга 23 верасня 2020 г.
Фота: Белсат

Гэта робіцца з той прычыны, што некаторыя віды зброі расейскай і беларускай вытворчасці па-ранейшаму саступаюць замежным аналагам у шэрагу параметраў. Паколькі колькасць стралковай зброі ў спецыяльных падраздзяленнях не такая вялікая ў параўнанні з узброенымі сіламі, а важнасць яе параметраў у мірны час вельмі значная, шмат гадоў замежная стралковая зброя набывалася для спецыяльных падраздзяленняў.

«Зразумела, боепрыпасы да яе таксама закупляюцца, і менавіта пра іх «EUobserver» паведаміла, што ў Беларусь яны пастаўляюцца праз Малдову. Таксама для такіх падраздзяленняў набываюць розныя замежныя дробязі, у тым ліку асабіста супрацоўнікі: напрыклад, амуніцыю, ветрамеры з балістычным калькулятарам, сродкі сувязі і падобнае. Таксама варта адзначыць, што ў шэрагу відаў зброі, якая вырабляецца ў Беларусі і паступае на ўзбраенне, ёсць камплектныя дэталі і цэлыя вузлы заходняй вытворчасці», – інфармуе блог.

Як купляюць?

Звычайна закупы заходняй зброі ажыццяўляюцца праз расейскія фірмы-пасярэднікі або фірмы з іншых краінаў.

«Добры прыклад – закупка радыёстанцыяў «Motorola» для Міністэрства ўнутраных справаў, нягледзячы на тое, што ў Беларусі ёсць спецыялізаваныя кампаніі «Тэхніка сувязі», напрыклад. Гэта, вядома, не зброя, але добра ілюструе падыход. Добрыя палітычныя сувязі з Турцыяй і ААЭ, а таксама з Сербіяй, Румыніяй і Малдовай дазволілі набываць заходнюю зброю праз фірмы ў гэтых краінах, а таксама прадаваць савецкія запасы і беларускую зброю праз гэтыя краіны», – піша Тэлеграм-канал.

Уплыў на здольнасць змагацца з пратэстоўцамі

Момант, калі сілавікі кідаюць гранаты проста ў людзей. Вуліца Чарвякова, Менск, 15 лістапада 2020. Крыніца: чытачы @belsat

«Супрацьстаяць бяззбройным або слаба ўзброеным людзям можна лёгка, з выкарыстаннем усяго толькі звычайных дубінак і аўтамата Калашнікава. Залежнасць ад замежнага абсталявання і праграмнага забеспячэння для супрацьдзеяння інтэрнэт-камунікацыям тут больш уплывовая, чым ад узбраення, хоць і таксама не вялікая», – лічыць эксперт.

Зноў жа спецыяльныя сродкі можна купляць у Расеі. Больш за тое, асноўны гвалт ажыццяўляўся з выкарыстаннем толькі гумовых дубінак, рук і ног, а таксама праз умовы ўтрымання ў месцах ізаляцыі, паведамляецца ў блогу.

Уплыў на мясцовую вытворчасць зброі

Сілавікі Лукашэнкі цяпер будуць імкнуцца максімальна адысці ад закупаў еўрапейскай зброі. Гэта можа паўплываць на баяздольнасць, напрыклад, снайпераў, але ўсё ж не крытычна.

«Але купля камплектных дэталяў для зброі беларускай вытворчасці – больш сурʼёзная праблема. Нягледзячы на ўсю браваду, што камплектныя дэталі можна набыць у Кітаі і Расеі, такая замена прынамсі ўплывае на надзейнасць баявых сістэмаў, створаных на аснове камплектных з гэтых дзяржаваў. Нават Расея цалкам не змагла ліквідаваць сваю залежнасць ад замежных кампанентаў за шэсць гадоў актыўных захадаў для імпартазамяшчэння», – адзначае Тэлеграм-канал Ягора Лебядка.

Hавiны
АМАП выкарыстоўвае супраць пратэстоўцаў траўматычны пісталет: вырабляецца ў Беларусі і Расеі, з яго можна забіць
2021.03.20 15:00

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў