Першая ў гісторыі сучаснай Расеі місія на Месяц «Луна-25» пацярпела крушэнне


Расейская станцыя «Луна-25» 19 жніўня сутыкнулася з Месяцам і «спыніла сваё існаванне», паведаміў «Роскосмос».

Станцыя «Луна-25».
Фота: Роскосмос

19 жніўня, адпаведна з праграмай палёту «Луны-25», была прадугледжаная выдача імпульсу для фармавання перадпасадачнай эліптычнай арбіты, распавялі ў «Роскосмосе». Аднак, паводле папярэдніх разлікаў, станцыя перайшла на неразліковую арбіту і сутыкнулася з паверхняй Месяцу, пасля чаго ў 14:57 паводле маскоўскага часу сувязь перарвалася. Дзеянні для пошуку апарату і наладжванні з ім сувязі аказаліся безвыніковыя.

«У выніку папярэдняга аналізу, у сувязі з адхіленнем фактычных параметраў імпульсу ад разліковых, апарат перайшоў на неразліковую арбіту і спыніў сваё існаванне ў выніку сутыкнення з паверхняй Месяцу», – гаворыцца ў паведамленні «Роскосмосу».

Прычыны інцыдэнту будзе высвятляць міжведамасная камісія, якая цяпер фармуецца.

Напярэдадні, таксама 19 жніўня, пры пераходзе станцыі «Луна-25» на перадпасадачную арбіту, адбылася няштатная сітуацыя, праз якую не ўдалося выканаць манеўр з зададзенымі параметрамі, паведамляў «Роскосмос».

«Луна-25» была запушчаная ноччу 11 жніўня з касмадрому «Усходні». Першая карэктыроўка траекторыі палёту была праведзеная 12 жніўня, другая – 14 жніўня. 16 жніўня «Луна-25» выйшла на арбіту штучнага спадарожніка Месяцу, а на наступны дзень зрабіла першы здымак паверхні Месяцу, а менавіта, – кратару Зееман на адваротным баку Месяцу. 18 жніўня «Луна-25» скарэктавала арбіту пры падрыхтоўцы да пасадкі.

Запуск станцыі павінен быў адбыцца яшчэ ў 2015 годзе, але неаднаразова адкладаўся.

«Луна-25» стала першай місіяй на Месяц у гісторыі сучаснай Расеі. Планавалася, што станцыя здзейсніць мяккую пасадку ў раёне Паўднёвага полюсу Месяцу, там збярэ глебу і даставіць яе на Зямлю. Праект каштаваў больш за $ 100 мільёнаў.

Папярэдні апарат «Луна-24» быў запушчаны яшчэ ў СССР, у 1976 годзе.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў