Акрэсціна: сімвал эвалюцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Галоўныя словы беларускай рэвалюцыі


Інфаграфіка: Белсат

Беларусы як нацыя спалі два дзесяцігоддзі і нарэшце прачнуліся ўлетку мінулага года, ды так гучна, што пра нас пачуў увесь свет. Але галоўнае, што за гэты год мы шмат даведаліся пра саміх сябе, сваіх сяброў, суседзяў, калегаў. «Белсат» згадвае галоўныя словы і сімвалы беларускай рэвалюцыі, тыя факты і падзеі, якія ўвойдуць у падручнікі найноўшай гісторыі Беларусі і даюць дакладна зразумець: як было раней – ужо не будзе.

Літара А: Акрэсціна

Слова «Акрэсціна» за апошні год зрабілася не проста назваю самага вядомага ізалятару Беларусі, але і сімвалам катаванняў, гвалту ды злачынстваў сілавікоў.

Што такое Акрэсціна

На 1-м завулку Акрэсціна ў Менску месцяцца Ізалятар часовага ўтрымання і Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Туды звозяць затрыманых да суда або арыштаваных за адміністратыўныя правапарушэнні.

ЦІП на Акрэсціна ніколі не вылучаўся добрымі ўмовамі ўтрымання, у сярэдзіне 1990-х гадоў яго нават ахрысцілі «бамжатнікам». У той час у камерах бегалі пацукі, стаяў смурод, не было ложкаў, матрацаў, пасцельнай бялізны, месца прыбіральні («параша») было не агароджанае ад усеагульнага агляду і ўяўляла сабою проста дзірку ў падлозе. Затрыманых не выводзілі на шпацыры, усе содні адседкі яны спалі на голых дошках у тым, у чым іх прывялі. Звычайна сюды прывозілі людзей з алкагольнаю залежнасцю, бяздомнікаў, а таксама грамадскіх і палітычных актывістаў. У сярэдзіне 2000-х гадоў побач з ЦІП пабудавалі ІЧУ. Ізалятар быў прызначаны для падазраваных у крымінальных злачынствах.

Ля ізалятару на Акрэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іхныя затрыманыя родзічы і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Умовы для затрыманых у ЦІП сталі крыху паляпшацца толькі ў 2012 годзе, калі ў будынку пачалі рамонт. У 2015 годзе тут нарэшце з’явіліся двух’ярусныя ложкі, матрацы і чыстыя камеры. Але ўсе гэтыя паляпшэнні былі хутчэй касметычныя: затрыманыя распавядалі пра холад у камерах, брудную пасцельную бялізну, кепскую вентыляцыю, адсутнасць гігіенічных сродкаў. У ЦІП дасюль засталіся «панарамныя» прыбіральні.

Адзначым яшчэ асаблівасці рэжыму ЦІП: у затрыманых адбіраюць асадкі і алоўкі, у камерах вельмі часта праводзяць «шмоны», час шпацыраў на свежым паветры скарочаны, да затрыманых часта не пускаюць адвакатаў. Практыкуецца падсяленне бяздомнікаў у камеры да палітычных.

Аднак да жніўня 2020 года на Акрэсціна хаця б яшчэ не білі.

Хто такі Акрэсцін

Завулак Акрэсціна ў Менску, дзе месцяцца ЦІП і ІЧУ, названы ў гонар Барыса Акрэсціна. Гэта савецкі лётчык, герой Савецкага Саюзу, які адзначыўся геройскім учынкам падчас Другой сусветнай вайны і загінуў каля Менску ў 21 год.

Барыс Акрэсцін нарадзіўся ў 1923-м ў Маскве ў сям’і рабочага. З дзяцінства захапляўся самалётамі: вучыўся ў аэраклубе, працаваў авіятэхнікам і лётчыкам-інструктарам.

У 1942 годзе Акрэсціна прызвалі ў Чырвоную Армію. Ён спецыялізаваўся на бамбаванні аэрадромаў і чыгуначных эшалонаў, на канец 1943-га на ягоным рахунку было больш за 40 падбітых танкаў ды іншай баявой тэхнікі. Ён бамбаваў эшалоны нацыстаў на ўчастку чыгункі Ворша – Талачын падчас вызвалення ўсходняй Беларусі, ваяваў пад Сталінградам і браў удзел у вызваленні Украіны.

Першыя затрыманыя падчас мірных пратэстаў пачынаюць выходзць з ЦІП на Акрэсціна. Паводле афіцыйных звестак, усяго падчас мірных пікетаў былі затрыманыя каля 6 тысяч асобаў. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Акрэсцін атрымаў зорку Героя Савецкага Саюзу за «бездакорнае выкананне загадаў камандавання, асабістую адвагу і гераізм».

Лётчык загінуў 6 ліпеня 1944 года, калі за 20 кіламетраў ад Менску, побач з вёскай Апчак, савецкая авіяцыя імкнулася ліквідаваць варожую групоўку, што прарывалася з Менскага катла. Самалёт Акрэсціна падбілі, лётчык накіраваў яго ў эпіцэнтр артылерыі праціўніка і загінуў. Пазней ягоныя парэшткі ўрачыста перахавалі на Вайсковых могілках у Менску.

Эпіцэнтр чалавечага гора

Пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года ізалятар на Акрэсціна праславіўся на ўвесь свет, здабыўшы рэпутацыю самага страшнага ІЧУ Беларусі. Затрыманыя на акцыях пратэсту людзі пасля выхаду адтуль распавядалі пра гвалт, здзекі і катаванні з боку сілавікоў, пра бесчалавечныя ўмовы ўтрымання. Гэтак, у камеру на чатырох чалавек кідалі трыццаць, а часам у адну камеру набівалі 75 (!) чалавек. Затрыманым не давалі вады і ежы, ім не давалі ніякай медычнай дапамогі. Людзей прымушалі агаворваць сябе, іх бесперапынна збівалі дручкамі, пазбаўлялі ўсялякай сувязі з вонкавым светам. За пяць гарачых жнівеньскіх дзён адразу пасля выбараў праз ЦІП, разлічаны на 110 асобаў, прайшло каля трох тысяч чалавек.

Вось некалькі сведчанняў людзей, якія пабывалі на Акрэсціна 9–12 жніўня:

«Работнікі Акрэсціна ўвогуле як да зэдліка, які біць нагою можна, ставіліся. Не як да людзей. Трымалі на бетоннай падлозе нас. 35 дзяўчат, па-мойму, у такім пакойчыку, пад адкрытым небам… Гэта было жудасна. Шмат каго білі. Хлопцаў вельмі моцна білі. Дзяўчат – кагосьці мацней, кагосьці – слабей… Дагала раздзявалі мяне».

Валанцёры, якія дзяжураць ля ЦІП на Акрэсціна, склалі спіс тых, пра каго яны здолелі даведацца. У спісе на момант публікацыі здымкаў было болей за 2,5 тысячы асобаў. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

«Першы дзень білі, здзекаваліся. У камеры нас было 75 чалавек. За два дні на ўсіх далі адзін бохан і чатыры літры вады. Нас называлі маральнымі вырадкамі».

«Пачынаючы з вечара 9 жніўня праз вокны камеры чуліся жудасныя крыкі ад болю, адчаю, пабояў, гвалту… З ночы 12 жніўня ад жудаснага стрэсу я пачаў у сне заскокваць на вокны і крычаць, крычаць, крычаць: «Падонкі, што вы робіце?»

У ноч на 14 жніўня 2020 года сваякі затрыманых, якія дзяжурылі каля сценаў Акрэсціна, запісалі гукі, якія немагчыма слухаць без жаху: на запісе чуваць стогны, крыкі людзей ад болю, маленні аб літасці, гукі збіцця. Сведкі тых падзеяў пазней распавядалі: тых, хто прасіў сілавікоў злітавацца, збівалі яшчэ мацней. 14 жніўня шмат каго з затрыманых выпусцілі, дзясяткі вязняў выйшлі чорныя ад пабояў, а частку людзей вывезлі машынамі хуткай дапамогі: журналісты налічылі каля дзесяці карэтаў хуткай дапамогі, што ад’ехалі ад сценаў ізалятару толькі за паўтары гадзіны.

Пазней, у кастрычніку, стане публічным відэазапіс, на якім бачна, як вязняў Акрэсціна праводзяць праз шэрагі сілавікоў і няспынна збіваюць. Такі бесчалавечны гвалт быў сапраўдным шокам для грамадства.

Лукашэнка на сустрэчы з работнікамі менскіх заводаў гэтак пракаментаваў падзеі ў сценах ЦІП: «На Акрэсціна атрымалі тыя, хто там жа, на Акрэсціна, кідаўся на мянтоў. Я прасіў да гэтых падзеяў: не правакуйце іх [вайскоўцаў. – Рэд.], я не змагу іх стрымаць».

Валанцёры просяць людзей пад’язджаць аўтамабілямі, каб развезці людзей па дамах. Затрыманыя выходзяць без дакументаў, тэлефонаў, грошай. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Але катаванні на Акрэсціна не спыніліся. Ужо ў красавіку 2021 года вязні ізалятару пасля адбыцця содняў распавядалі, што падлогу іхных камераў рэгулярна залівалі хлёркаю. Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў нават трапіў у шпіталь праз атручэнне хлорам. Зноўку вярнулі катаванні перанаселенасцю: напрыклад, у камеры на чатыры ложкі былі 18 чалавек, ці ў камеры на аднаго трымалі васьмярых. Людзям даводзілася спаць на халоднай падлозе альбо наагул стаяць, бо проста фізічна не было месца.

Спаць уначы зрабілася амаль немагчыма: у арыштантаў забіраюць бялізну, матрацы і падушкі, ляжаць яны вымушаныя проста на жалезных нарах, у камерах пастаянна гарыць святло, за ноч некалькі разоў усіх вязняў будзяць і ставяць да сценкі на «шмон».

На вязняў таксама няспынны ціснуць псіхалагічна, перадачы ад сваякоў аддаюць толькі на вахце па сканчэнні тэрміну зняволення і толькі малую частку. Разам з тым, у непалітычных арыштантаў ёсць і матрацы, і перадачы.

Першыя затрыманыя падчас мірных пратэстаў пачынаюць выходзць з ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

На гэты момант не завялі ніводнай крымінальнай справы паводле факту катаванняў на Акрэсціна ці ў іншых папраўчых установах.

Hавiны
Выжыўшы Яўген Заічкін пра падзеі 9 жніўня: «Стаў на калені, падняў рукі і атрымаў дубінкай у твар»
2020.08.10 15:52
Інтэрв’ю
«Паставілі на калені і білі рукамі, нагамі, шчытамі. Я ў думках развітваўся з сям’ёй». Аповед затрыманага на «Пушкінскай»
2020.08.12 13:04
Hавiны
«Біў кожны па чарзе»: мянчук хацеў памагчы параненаму хлопцу, і яго самога збілі
2020.08.11 14:16

СП belsat.eu

Стужка навінаў