Затрымалі чальца хакейнай каманды Лукашэнкі Паўла Белага


Як паведамляе выданне «Наша Ніва», на гэтым тыдні затрымалі Паўла Белага, уладальніка кампаніі «Тапас» і чальца хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі. Што дакладна інкрымінуюць бізнесоўцу, пакуль невядома.

Павел Белы ў складзе каманды Лукашэнкі.
Фота: БелТА

Выданне сцвярджае, што на гэты момант Белы застаецца ў СІЗА КДБ. Пра затрыманне стала вядома з некалькіх крыніцаў, не звязаных паміж сабою.

Мяркуюць, што ўладальнік «Тапасу» мог не пагадзіцца з памерамі штрафу, які выставіла падатковая адной з ягоных кампаніяў, і не сплаціў яго, што і сталася нагодаю для затрымання.

«Можа быць, упёрся, можа быць, сапраўды няма грошай, бо час цяпер іншы», – прыводзіць «Наша Ніва» словы аднаго з менскіх бізнесоўцаў.

Кампанія «Тапас» Паўла Белага забудоўвала квартал «Алімпік Парк» у Менску, ён жа ўладальнік рэстарану «Лебядзіны» на беразе вадасховішча Дразды. Яму належыць і мноства нерухомасці ў сталічным цэнтры.

У 2012 годзе Паўла Белага ўжо затрымлівалі за крадзеж і вывад грошай за мяжу, але быў вызвалены асабістым распараджэннем Лукашэнкі.

Вядома таксама, што бацька Паўла Белага ў 2000-ыя кіраваў хакейным клубам «Дынама» (Менск).

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў