Працэс над журналістам Мажэйкам і адвакаткай Юргілевіч перанеслі


Працэс над Паўлам Мажэйкам і Юліяй Юргілевіч перанеслі на наступны тыдзень. Раней пракурор запатрабаваў для палітычных вязняў 6 гадоў зняволення.

Павал Мажэйка і Юлія Юргілевіч падчас суда.
Фота: belta.by

Падчас судовага паседжання над журналістам Паўлам Мажэйкам і адвакаткай Юліяй Юргілевіч пракурор Дзмітрый Сініла прынёс раздрукаваных артыкулаў «Белсату», паводле якіх вязняў судзяць. У абвінавачванні агучваецца, што нібыта Павал Мажэйка з лютага да сакавіка 2022 года перадаў нявызначаным асобам для размяшчэння на інтэрнэт-парталах арганізацыі «Белсат» атрыманую ад Юліі Юргілевіч інфармацыю наконт пазбаўлення яе ліцэнзіі адваката, выключэння з Гарадзенскай абласной калегіі адвакатаў і наконт разгляду Менскім гарадскім судом крымінальнай справы супраць Алеся Пушкіна ды прызначэння яму пакарання.

Суддзя і пракурор узгадалі, што час у Польшчы ды Беларусі адрозніваюцца. Таму яны цяпер высвятляюць з праграмістам, калі паводле беларускага часу артыкул быў апублікаваны. Пасля гэтага будуць вырашаць, ці варта далучаць да справы.

Таксама суддзя Філатаў задаволіў хадайніцтва зрабіць працэс закрытым. Пракурор заявіў, што паколькі ў судзе будуць дапытваць ІТ-спецыяліста, то неабходна схаваць яго імя і забяспечыць яму бяспеку.

Да справы далучылі скрыншоты двух артыкулаў. Але Юлія Юргілевіч, пасля разгляду артыкулаў заявіла, што гэта іншыя тэксты, што пракурор увесь час прыносіць розныя тэксты выдаючы іх за адзін і той жа матэрыял.

Раней пракурор запатрабаваў для палітычных вязняў 6 гадоў калоніі кожнаму.

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў