Платныя медпаслугі ў выходныя: на што можна запісацца?


Згодна з пастановай Савету Міністраў ад 28 красавіка № 253, шэраг медычных установаў здзяйсняе платныя паслугі ў выходныя дні. Мы пацікавіліся ў некаторых з установаў, з чым і калі можна да іх звярнуцца. Адметна, што кошты на медычныя паслугі ў дзяржаўных медустановах не мяняюцца ў залежнасці ад дня тыдня.

Поликлиника, здоровье, болезни, простуда, Минск
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Паводле Міністэрства аховы здароўя, прайшоў тэставы перыяд, і цяпер паслугі маюць надавацца ў большым аб’ёме. Нават аперацыі праводзяцца. Так, у суботу, 16 ліпеня, у аперацыйных сталічнай больніцы № 3 імя А. Клумава ішлі аперацыі. Гэты шпіталь уваходзіць у спіс 18 установаў аховы здароўя, што ўдзельнічаюць у эксперыменце Міністэрства аховы здароўя і прапаноўваюць у выходныя і святочныя дні платныя медычныя паслугі.

Парады
Грузія, Турцыя, Літва ці Польшча? Дзе беларусам лячыцца за мяжою: краіны і кошты
2022.06.04 08:30

Як распавяла галоўная доктарка лякарні Наталля Саевіч, «калі першы месяц эксперыменту можна было назваць падрыхтоўчым (ішла праца, каб арганізаваць працэс, інфармаваліся пацыенты), то цяпер ужо пачаліся аператыўныя дзеянні. Сёння спецыялісты праводзяць лапараскапійную халецыстэктамію пацыенту, які ўжо даўно мае дыягнаставаны хранічны калькулёзны халецыстыт, але ў свой працоўны час не можа легчы надоўга ў стацыянар, таму пажадаў аперавацца ў выходныя. У выходныя мы праводзім шэраг аперацыяў, у тым ліку факаэмульсіфікацыю катаракты з імплантацыяй інтраакулярнай лінзы, лапараскапійную гістэраскапію з паліпэктаміяй у маціцы».

Якія канкрэтна паслугі ўваходзяць у спіс прапанаваных у выходныя дні, даведацца не так проста.

Так, толькі ў дзвюх менскіх клініках на сайтах напісана, з чым медыкі гатовыя дапамагчы ў суботу і нядзелю. У больніцы № 3 імя А. Клумава на сайце ёсць адмысловая старонка з пералікам функцыяў і адмысловым тэлефонам для кансультацыі і запісу менавіта на такія паслугі «ў парадку эксперыменту». Нам патлумачылі, што на аперацыю пацыент можа трапіць толькі з накіраваннем свайго доктара, а вось здаць аналізы, зрабіць флюараграфію або УГД можна на ўласнае жаданне, але з папярэдняй рэгістрацыяй. Цэны не абмяркоўваюцца праз тэлефон, бо, маўляў, яны могуць памяняцца.

А вось у РНПЦ «Маці і дзіця» ўсё можна знайсці на сайце: і паслугі, і цэны. Праўда, ёсць толькі тры пазіцыі. Так, у выходны дзень можна за Br 30,45 атрымаць кансультацыю спецыяліста. Роды метадам аперацыі кесаравага сячэння з болепаталеннем спінальнай анестэзіяй (СМА) з магчымасцю выбару акушэра-гінеколага каштуюць Br 2091,68. Роды метадам аперацыі кесаравага сячэння з анестэзійнай дапамогай (агульны наркоз) з магчымасцю выбару акушэра-гінеколага – Br 2237,13.

Пациенты, больница, национальный институт рака, Киев, больные люди, госпиталь
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У РНПЦ анкалогіі і медычнай радыялогіі імя М. Аляксандрава на сайце вялікі пералік платных паслугаў, а што можа атрымаць грамадзянін Беларусі платна ў суботу – варта ўдакладняць праз тэлефон. На сёння ў медычным цэнтры можна запісацца на МРТ і эндаскапійныя абследаванні. На апошнія – чарга да другога жнівеньскага трыместра.

У Менскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі можна ісці па МРТ, здаць ковідны тэст і запісацца ў цэнтр лячэння болю – можна запісацца на кансультацыю да спецыяліста і блакаду (укол, што блакуе боль).

Яшчэ адно месца, дзе робяць МРТ у выходныя, – РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Цэнтр мае адмысловы тэлефон для платных паслугаў, але на ветлівасць не разлічвайце. Затое вам загадзя скажуць, колькі каштуе паслуга. Так, праверыць галаву вы зможаце за Br 153,27.

У РНПЦ траўматалогіі і хірургіі можна атрымаць платныя аперацыі, «калі хірургічнае лячэнне вам паказанае». Тут «падчас першага візіту вы зможаце абмеркаваць са спецыялістам асаблівасці хірургічнага ўмяшання, удакладніць тэрміны аднаўлення і рэабілітацыі, а таксама суму і спосаб аплаты». Можна нават запісацца да доктара праз сайт.

Да некаторых цэнтраў у нас так і не атрымалася датэлефанавацца. Хоць паслугі і платныя, але здзяйсняюць іх дзяржаўныя ўстановы з адпаведным падыходам да працы з кліентамі.

Hавiны
У мяне сімптомы COVID-19, а ў паліклініцы – калапс. Што рабіць? Парады «еЗдароўя»
2022.02.03 08:59

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў