Улады ліквідуюць выданні «Сильные новости» і «Могилев. Онлайн»

Заснавальнік сайту «Сильные новости» Пётр Кузняцоў. Фота: радыё «Свабода»

Улады ліквідуюць юрыдычную асобу, якой належаць незалежныя інтэрнэт-выданні «Сильные новости» і «Могилев. Онлайн». Пра гэта распавёў стваральнік гэтых праектаў Пётр Кузняцоў.

Гомельскі гарвыканкам даслаў Пятру Кузняцову пастанову аб ліквідацыі юрыдычнай асобы, якой належаць ягоныя інтэрнэт-праекты, – установы «Цэнтр рэгіянальнага развіцця ГДФ». Паводле Кузняцова, арганізацыя дзейнічала з 2013 года, мела два дзясяткі толькі рабочых месцаў, усе падаткі плаціла спраўна, і ўся дзейнасць была выключна статутнай. У пастанове выканкаму, піша ён, канкрэтна не называецца ніводнай падставы.

Таксама падатковая налічыла Кузняцову як фізічнай асобе даплаціць 40 000 рублёў адпрыбытковага падатку.

«Калі коратка, паводле версіі інспекцыі я павінен заплаціць гэтыя падаткі за тыя грошы, якімі сам папаўняў свае ж карткі – што ні пры якой трактоўцы не з’яўляецца атрыманнем даходу, а зʼяўляецца толькі, умоўна кажучы, перакладваннем грошай з адной кішэні ў другую», – піша Кузняцоў.

Таксама ён паведаміў, што ў праграмны код сайту «Сильные новости» хтосьці здолеў пранікнуць і пакінуў там мноства памылак, таму старонка працуе з цяжкасцямі.

«Зачыстка» працягваецца: ператрусы прайшлі ў Берасці, Віцебску, Гомлі і Магілёве

Нагадаем, што 13 ліпеня ў рэдакцыі выдання «Сильные новости» і ў кватэрах шэрагу яго супрацоўнікаў прайшлі ператрусы. У тым ліку і ў Пятра Кузняцова.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны