«Беларускі народ не падтрымлівае гэтай ідэі». Кіраўнік Офісу Зяленскага сумняецца ў нападзе Лукашэнкі


Для Украіны стратэгічна важна, што Беларусь не бярэ актыўнага ўдзелу ў вайне. Пра гэта ў інтэрв’ю LB заявіў кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак, кажучы пра магчымасць прыцягнення да адказнасці афіцыйнага Менску.

Кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак.
Фота: president.gov.ua

«Вельмі тонкая сітуацыя. Сёння ў санкцыйным пакеце яны ідуць разам з расейцамі. Безумоўна, пры вызначэнні стратаў і кампенсацыйных момантаў мы будзем прымаць гэта да ўвагі і выкарыстоўваць. Але таксама стратэгічна важна, што Беларусь неактыўна ўдзельнічае ў вайне», – сказаў ён.

Ермак таксама сумняецца, што Беларусь прыме маштабны ўдзел у расейскай агрэсіі.

«Безумоўна, Беларусь прыняла ўдзел у агрэсіі – менавіта з яе тэрыторыі стартавалі першыя ракеты, адтуль напалі расейскія войскі. Аднак мы лічым, што беларускі народ не падтрымлівае гэтай ідэі. Безумоўна, яны далі сваю тэрыторыю для расейскіх войскаў. Але імавернасць маштабнага ўдзелу ў вайне беларускага войска не вельмі высокая менавіта праз настроі народу Беларусі», – сказаў ён.

Hавiны
Украінскі вайсковы эксперт: Лукашэнка рэальна рыхтуецца да вайны
2022.06.18 14:26

Між тым украінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў мяркуе, што рэжым Лукашэнкі ў Беларусі рыхтуецца да вайны:

«Усе тыя дзеянні для рыхтавання да вайны, што ажыццяўляе Лукашэнка, не трэба ўспрымаць як пусканне пылу ў вочы Пуціну, на жаль. Лукашэнка павышае градус напругі, і ўжо ігнараваць ды казаць, што гэта гульня, стоадсоткава немагчыма».

Паводле Алега Жданава, «Лукашэнка, магчыма, з аднаго боку, далей адцягвае той час, калі трэба аддаваць загад на ўварванне, але пры гэтым Беларусь рэальна рыхтуецца да вайны».

Таксама і былы кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы, генерал Станіслаў Козей не выключае ўдзелу войскаў рэжыму Лукашэнкі ў нападзе на Украіну, каб адцягнуць украінскія войскі з поўдня ці ўсходу.

Hавiны
«Пуцін ірацыянальны». Польскі генерал заклікаў пачаць ставіць вайсковыя бар’еры Расеі
2022.06.18 15:19

Між тым былы кіраўнік Службы замежнай выведкі Украіны, генерал арміі Мікола Маламуж распавёў, што Аляксандр Лукашэнка наўрад ці наважыцца найбліжэйшым часам на наступальную аперацыю супраць Украіны.

На ягоную думку, Лукашэнка можа спрыяць дзеянням РФ, даючы плацдармы, аэрадромы, размяшчаючы дывізіёны, «Іскандэры» і нават арганізуючы пэўныя правакацыі.

Але да таго часу, пакуль Расея не пачне больш эфектыўнай наступальнай аперацыі, Лукашэнка не будзе далучацца да стратэгічных наступаў, адзначыў генерал.

Hавiны
Украінскі генерал назваў умову, пры якой Лукашэнка можа напасці на Украіну
2022.06.19 11:03

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў