У абласным судзе Горадні разгледзелі апеляцыю на вырак гарадзенскаму панку і актывісту Ігару Банцэру. Калегія ў складзе суддзяў Собалева, Зайца, Рачынскага пакінула вырак без зменаў. Банцэр мусіць адбыць 8 месяцаў «хіміі» з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.
Банцэр падаў дзве скаргі для разгляду.
Першая – на недаказанасць ягонай віны, што пацвярджае прапагандысцкі сюжэт Азаронка на СТВ 20 сакавіка.
«У вас няма іншага варыянту, як мяне апраўдаць.
Я не прашу, я хачу, каб здарылася правасуддзе. Я не ведаю, з якога пальца высмоктвалі гэтую справу і ці быў гэта палец. Відэа Азаронка цалкам пацвярджае маю версію падзеяў. Яго паказвалі а 19:00, у прайм-тайм, і нічога не блюрылі, а ў гэты час дзеці могуць тэлевізар глядзець. Ніякіх палавых органаў там не бачна», – сказаў Банцэр падчас суда.
Гэтую скаргу адхілілі.
Другое хадайніцтва звязанае з хваробамі, якія атрымаў музыка падчас 5 месяцаў у турме і 16-дзённага сухога галадавання: вызваліць яго ад адбывання пакарання праз стан здароўя паводле арт. 93. У Банцэра выявілі гепатыт С, праблемы з крывёй і ўнутранымі органамі.
«Прапаную вам, высокі суд, захаваць твар і выйсці годна з гэтай сітуацыі», – адзначыў Банцэр.
Ігара Банцэра затрымалі 20 кастрычніка мінулага года, пяць месяцаў утрымлівалі за кратамі ў гарадзенскай турме, у тым ліку ў адзіночнай камеры. Яго накіроўвалі на псіхалагічнае даследаванне ў Навінкі, некалькі разоў змяшчалі ў карцар.
Музыку абвінавацілі ў хуліганстве, «здзейсненае з асаблівым цынізмам»: уначы 5 верасня ён танцаваў без штаноў перад міліцэйскім аўтамабілем. Гэты перформанс быў зняты на камеру і выкладзены ў інтэрнэт.
Пацярпелым у справе праходзіць кіроўца аўтамабілю, міліцыянт РАУС Ленінскага раёну гораду Сяргей Багдзевіч. Згодна з ягонымі паказаннямі, падчас танцу ён убачыў палавыя органы Банцэра. Аднак на відэа бачна, што ў музыкі спераду боўтаецца пасавая торба для дакументаў.
19 сакавіка Ленінскі суд Горадні прысудзіў яму 1,5 года «хіміі».
Падчас працэсу гарадзенец трымаў 16-дзённае сухое галадаванне. Ігара вызвалілі 19 сакавіка да разгляду апеляцыі.
ВК, belsat.eu