news
Інтэрв'ю
«У 2020-м у нас была надзея». Фатограф Дзмітрый Брушко – пра выставу ў Варшаве і свайго легендарнага бацьку
«Мы губляем архівы, нам будзе цяжка сабраць усё ў падручнікі»
20.04.202406:00

У Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве праходзіць выстава «Revision 30» фатографаў Сяргея і Дзмітрыя Брушко – бацькі і сына, у фотаздымках якіх зафіксаваныя штрыхі да партрэту Беларусі апошніх 30 гадоў. Унікальнасць гэтай выставы – у супастаўленні фотаімгненняў, паміж якімі – тры дзесяцігоддзі. У іх – аблічча нашай краіны, апавяданне пра нашых людзей, пра іхныя памкненні і жаданні, у іх – адбіткі свайго часу. «Белсат» паразмаўляў з Дзмітрыем Брушко, аўтарам праекту «Revision 30» – пра выставу, пра ягонага легендарнага бацьку і пра тое, ці змянілася Беларусь і беларусы цягам трыццаці гадоў.

Дзмітрый Брушко.
Фота: Дзмітрый Брушко

Рэвізія праз 30 гадоў

Сяргей і Дзмітрый Брушко – фатографы з розных пакаленняў, абодва працавалі ў значных СМІ свайго часу. Сяргей – у канцы 80-х і пачатку 90-х у «Чырвонай змене» і «Народнай газеце», Дзмітрый – з 2014 года і да закрыцця – на партале TUT.by. Кожны з іх здолеў зафіксаваць у моманце нерв сваёй эпохі – іхныя фотаздымкі сапраўды сталі знакавымі, і цяпер нават цяжка ўявіць хроніку гістарычных падзеяў нашай краіны, якая б не была праілюстраваная работамі абодвух фатографаў.

Дзмітрый расказвае, што ў нейкі момант, праглядаючы архівы свайго бацькі Сяргея Брушко, ён прыкмеціў, што ў іхных фотаработах ёсць нешта агульнае. Увагу прыцягнуў уласны фотаздымак маштабнага мітынгу падчас падзей 23 жніўня 2020 года, калі рэкі людзей сцягваліся да менскай Плошчы Незалежнасці. «Я пачаў пераглядаць архівы пра 2020 год, і зачапіўся: а ў бацькі ж ёсць такі ж фотаздымак! Недзе там на падсвядомым узроўні шчоўкнула. Стала цікава: а што ж такое адбылося? Я проста ўзяў, сумясціў гэтыя два фотаздымкі і зразумеў, што гэта ж эпоха, два вельмі важныя зломы. І тут у мяне пачала складвацца сама карцінка: прайшло 30 гадоў, і тое, чаму людзі выходзілі на вуліцы – тады і цяпер, як яны жылі, мае вялікія адрозненні. На гэтых візуальных сэнсах, адлюстраваных на фотаздымках, часам нават вельмі блізкіх кампазіцыйна, хацелася паказаць сувязь – праз архівы двух чалавек, якія здымалі ў 1990-х і ў 2020-м. Гэта два розныя пакаленні, але адна сям’я адной краіны», – кажа Дзмітрый.

Такім чынам нарадзіўся онлайн-праект пад назвай «Revision 30», прымеркаваны да мерапрыемства ў Штутгарце, дзе праходзіла цырымонія па ўзнагароджанні Марыі Калеснікавай прэміяй Фонда імя Герхарта Баўма.

Фотавыстава Сяргея і Дзмітрыя Брушко «Revision 30». Варшава, Музей вольнай Беларусі, Польшча. Красавік 2024 года. Фота: Белсат
Фотавыстава Сяргея і Дзмітрыя Брушко «Revision 30». Варшава, Музей вольнай Беларусі, Польшча. Красавік 2024 года. Фота: Белсат
Фотавыстава Сяргея і Дзмітрыя Брушко «Revision 30». Варшава, Музей вольнай Беларусі, Польшча. 11 красавіка 2024 года. Фота: Белсат
Фотавыстава Сяргея і Дзмітрыя Брушко «Revision 30». Варшава, Музей вольнай Беларусі, Польшча. Красавік 2024 года. Фота: Белсат
Фотавыстава Сяргея і Дзмітрыя Брушко «Revision 30». Варшава, Музей вольнай Беларусі, Польшча. Красавік 2024 года. Фота: Белсат
Фотавыстава Сяргея і Дзмітрыя Брушко «Revision 30». Варшава, Музей вольнай Беларусі, Польшча. Красавік 2024 года. Фота: Белсат

Праўда, праз некаторы час яго прыйшлося «адключыць», бо на кадрах з 2020 году было шмат твараў людзей, што стварала для іх небяспеку: сілавікі пачалі ўжо актыўна адсочваць і затрымліваць удзельнікаў пратэстаў па фотаздымках, даступных у сеціве. Аднак проста ўзяць і выкінуць з праекта частку з пратэстамі было нельга яна з’яўляецца ключавой.

«2020 год – гэта важны кавалак гісторыі Беларусі. Як бы там шмат каму хацелася або не хацелася, але гэта вельмі важная частка, і без яе нікуды. Гэта нейкая гістарычная кропка, па якой можна глядзець, што змянілася ў параўнанні з 1991 годам. Без яе ў гэтым праекце нічога не атрымліваецца, таму мы вырашылі адключыць сайт. А вось выставу, як больш бяспечную рэч, прычым адабраную так, каб не падстаўляць людзей, мы зрабілі дзякуючы Музею вольнай Беларусі, за што дзякуй арганізатарам», – адзначае Дзмітрый.

Выстава праходзіць у Варшаве да 5 траўня па адрасе: Foksal, 11, Музей вольнай Беларусі.

«У 2020-м людзі выходзілі за справядлівасць»

Са словаў Дзмітрыя, на здымках, якія ўвайшлі ў праект, адлюстраваныя «адна краіна, адзін народ, адны і тыя ж вуліцы Менска, нават адны і тыя ж твары». Але за гэтыя трыццаць гадоў «марудна і незаўважна на першы погляд праходзіў працэс фармавання нацыі». Як успрымаецца гэтае «сталенне нацыі» праз аб’ектыў фатографа – што ў 1990-я і ў 2020-я было агульным, а што адрознівалася?

Знакаміты здымак пратэстаў у Менску ў жніўні 2020 года.
Фота: Дзмітрый Брушко

«У 2020 годзе гэта была барацьба за справядлівасць, – мяркуе Дзмітрый Брушко. – Людзі выходзілі на пратэст з-за таго, што выбары скрадзеныя, людзі збітыя – і гэта ўсё несправядліва. Гэтага паняцця справядлівасці ў 1990-я не было. Можа, я і не маю рацыі, але ў 1991-м яно было не ў першым шэрагу патрабаванняў. Бо самы вялікі мітынг у 1991 годзе быў з-за росту цэнаў, давайце гэта прызнаем. Так, былі людзі, якія змагаліся за незалежнасць краіны пад нацыянальнымі сцягамі, сімваламі і ідэямі. Але ў 2020-м гэтыя сімвалы, сцягі і ідэі пераважалі над усім астатнім, нават візуальна».

У 2020 годзе беларусы моцна пасталелі, лічыць Дзмітрый, а адной з прыкметаў гэтага называе гарызантальныя сувязі, якія былі ўтвораныя паміж людзьмі.

«Гарызантальныя сувязі, якія, мякка кажучы, у 1991 годзе слаба працавалі, у 2020 годзе пачалі працаваць. Без гэтых сувязяў, без стасункаў аднаго з адным, без гэтых чаяпіццяў дваровых – без гэтага ўсяго не было б 2020 года, не было б успрыняцця, што «беларус беларусу беларус». Гэтага не з’явілася ні ў 1990-я, ні ў 2000-я, ні ў 2010 годзе».

Надзея і 500 кіламетраў маршаў

Сам Дзмітрый Брушко кажа, што толькі за жнівень 2020 года прайшоў больш за 500 кіламетраў разам з пратэстуючымі беларусамі. Аным з момантаў, якія вельмі запомніліся, было тое, што ўдзельнікі маршаў шмат жартавалі.

«Людзі выходзілі і разумелі, што могуць быць затрыманні, нікому не быў гарантаваны спакойны вынік, таму ўсе ўзбадзёрваліся камунікацыяй адзін з адным перад уваходам у натоўп, у людзей з’яўляліся плакаты, якія выклікалі ўсмешку, і гэтая ўсмешка разбурала страх», – адзначае Дзмітрый.

Хаця, прызнаецца наш суразмоўца, было і тое, што моцна яго здзівіла: напрыклад, што 16 жніўня ўсе разышліся дадому: «Я праз тры гадзіны пасля пратэсту ішоў каля парламента – не было нікога, ні міліцыі, ні пратэстоўцаў – нікога. Гэта было вельмі дзіўна».

Адным з важных чыннікаў, за які людзі выходзілі на вуліцы, лічыць Дзмітрый, была надзея.

«У 2020 годзе у нас была надзея на тое, што можна ўсё за кошт выбараў у адзін дзень па-справядліваму змяніць – не поўнасцю, але запусціць працэс зменаў.

Вось менавіта надзеі ў 1991 годзе не тое што не памятаю, проста ўсе спадзяваліся, што ўсё зменіцца, але не ўяўлялі, якім чынам, а тут [у 2020-м] быў хаця б нейкі візуальны вобраз кандыдаткі, за якой ішлі – бачная была надзея на гарызонце. У 1991 годзе не было надзеі, што стане лепш зараз, усе тады думалі, каб горш не было – гэта я дакладна памятаю», – адзначае наш суразмоўца.

Фотаздымак Сяргея Брушко. Мітынг у Менску на плошчы Незалежнасці ў 1990 годзе. Фота з архіва Дзмітрыя Брушко

Гэтай надзеі вельмі не хапала, кажа Дзмітрый, і менавіта яе і хацелася адлюстраваць у праекце – надзею, а не гвалт, які чыніўся на вуліцах. Сапраўды, «Revision 30» не адлюстроўвае гвалту, хаця ён меў месца як у 1990-я, што можна знайсці ў работах Сяргея Брушко, так і ў 2020-м.

«Той гвалт, які тады [у 2020 годзе] з’явіўся і дасюль адбываецца, ёсць вельмі штучным і наогул не з’яляецца прадстаўленнем таго, што такое Беларусь. Дый гэтага і так хапае: каб паглядзець на гвалт у Менску, можна адкрыць тэлеграм-канал, пачытаць пра яго… Увесь гэты гвалт яшчэ будзе пераасэнсаваны, для гэтага трэба, каб прайшоў пэўны час. Гэта будзе прама кавалачкам падручніка пра тое, што такое акупацыя, што такое гвалт, што такое ўнутраны фашызм», – мяркуе Дзмітрый.

«Мы губляем архівы»

Што да падручнікаў па гісторыі, то, на думку Дзмітрыя Брушко, задача сабраць фотаздымкі для іх будзе не з лёгкіх.

«Візуальна гісторыя Беларусі 80–90-х зашытая ў архівах фатографаў, – адзначае наш суразмоўца, – і мы губляем гэтыя архівы, людзі сыходзяць, а разам з сыходам гэтых людзей знікае і сувязь пра тое, што такое гісторыя краіны. Мы гаворым пра журналістаў, дакументалістаў. Ёсць людзі, якія не могуць якасна захаваць архівы, у тым ліку губляюцца і фотаздымкі».

Фотаработа Сяргея Брушко. Фота з архіва Дзмітрыя Брушко

«Не ўпэўнены, але мне здаецца, – кажа Дзмітрый, – што архіва БелТА пасля атакі ў студзені 2024 года проста не стала, гледзячы па тым, як яны яго захоўвалі. Таксама няма фотаархіва былога беларускага IREX, той фотаслужбы, якая здымала падзеі 1990–2000-х. Ёсць яшчэ Нацыянальны гістарычны архіў, але там я не ўпэўнены нават за адбор – я кажу менавіта пра сістэмнасць гісторыі Беларусі ў фотаздымках. Таму нам будзе вельмі складана сабраць гэта ўсё ў падручнікі, калі шчыра. Будуць нейкія кавалачкі, якія ўдасца недзе адшукаць, але я буду здзіўлены, калі мы збяром гэта ўсё разам з 1991-га па 2024 год».

«Лічу Сяргея Брушко адным з найлепшых фатографаў Беларусі»

Дзмітрый шмат увагі надзяляе вяртанню спадчыны свайго бацькі да беларусаў. Важным вынікам гэтай збіральніцкай працы стала выданне ў 2019 годзе кнігі «Змена», у якую ўвайшлі раней не апублікаваныя здымкі Сяргея Брушко. У тым жа годзе была арганізаваная аднайменная выстава ў Менску. Наогул, Дзмітрый лічыць Сяргея Брушко выбітным фатографам Беларусі, чалавекам, які б мог увайсці ў пантэон асобаў, што сваёй творчасцю маглі б прадставіць гісторыю Беларусі эпохі перамен.

Легенда беларускай фатаграфіі Сяргей Брушко. Фота з архіва Дзмітрыя Брушко

«Я лічу, што Сяргей Брушко – гэта сапраўды адзін з найлепшых фатографаў Беларусі, – кажа Дзмітрый. – Але ёсць яшчэ такое, што беларусы зусім не захоўваюць гісторыю. Нават важнае. Шагал стаў вядомы таму, што з’ехаў, а не таму, што застаўся. І такіх гісторыяў нямала. Мы зараз, калі гаворым пра нейкія гістарычныя культурніцкія асобы, то кажам пра людзей, якія з’ехалі. І гэта сумна. Архіў Сяргея Брушко сапраўды вельмі добры, я кажу зараз пра мастацкую складовую частку, для мяне гэта важна. Для мяне Сяргей Брушко – гэта важная, незаслужана забытая частка беларускага мастацтва, якому незаслужана не нададзеная ўвага. Сяргей Брушко – адзін з выбітных людзей. І калі б не я, то гэты архіў, гэты вельмі важны кавалачак беларускай фатаграфіі знік бы».

Беларуская правінцыйнасць

На вялікі жаль, вядома, што значная частка архіву Сяргея Брушко ўсё ж такі загінула: далёкія сваякі, не разумеючы каштоўнасці гэтых здымкаў, спалілі яго. Падчас размовы было бачна, што Дзмітрыю вельмі цяжка і вельмі непрыемна згадваць гэтую гісторыю. Але гэты сумны факт з сямейнай біяграфіі стаў нібыта ілюстрацыяй ягоных словаў: беларусы не цэняць сваёй гісторыі.

«Гэта беларуская правінцыйнасць, – каментуе суразмоўца. – Яна, на жаль, ёсць. Мы заўсёды хочам, каб нас нехта ўхваліў, сказаў, што вось гэта добра, таму што там недзе – ці то ў Маскве, ці то ў Варшаве, Вашынгтоне – ёсць людзі, якія разбіраюцца лепей за нас. Мы самі сабе не давяраем. Так, ёсць меншасць, якая атрымала добрую адукацыю, якая лічыць, што мы ўсё ж суб’екты, а не аб’екты, што ў нас ёсць нейкая асаблівасць, якую можна вылучыць, у тым ліку візуальна, і якую можна прадставіць. Яны ходзяць на выставы, пішуць кнігі, музыку, фатаграфуюць. Але іх не так многа, як ні дзіўна. А большасць абыякава кажа: гэта ж беларус рабіў, гэта ж мы рабілі. Гэта грэбаванне ўласнымі асаблівасцямі».

Дзмітрый і Сяргей Брушко. 1998 год. Фота з архіва Дзмітрыя Брушко

Шмат робячы ў справе аднаўлення спадчыны свайго бацькі, Дзмітрый Брушко сазнаецца, што ён, напэўна, сапраўды знаходзіцца ў ягоным ценю: «Так яно і ёсць (смяецца). Але я не перажываю на гэты конт. Я магу паглядзець на бацькавы фотаздымкі і сказаць, чаму ён добры як фатограф, а на сябе я так паглядзець не магу. Таму не буду казаць пра сябе з такіх пафасных пазіцыяў, што, маўляў, «цэлая сям’я геніяльных» фатографаў. Я бянтэжуся (зноў смяецца)».

«Экстрэмісцкія» фоты са стажам

Падчас размовы з Дзмітрыем высветлілася вельмі цікавая падрабязнасць: некаторыя фотаздымкі ягонага бацькі, зробленыя ў 1990-я, былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Прычым гэта адбылося яшчэ ў 2013 годзе, задоўга да таго, як у краіне пачаўся вусцішны трэнд на прызнанне «экстрэмісцкім» усяго беларускага.

Такое рашэнне было прынятае судом згодна з патрабаваннем КДБ у дачыненні да фотаздымкаў Сяргея Брушко, размешчаных у фотаальбоме «Прэс-фота Беларусі – 2012». На іх былі адлюстраваныя падзеі 90-х, але, выглядае, улады былі моцна ўстрывожаныя тым, што было на іх зафіксавана.

Фотаработы Сяргея Брушко. Фотаздымак з архіва Дзмітрыя Брушко
Фотаработы Сяргея Брушко. Фотаздымак з архіва Дзмітрыя Брушко
Фотаработы Сяргея Брушко. Фотаздымак з архіва Дзмітрыя Брушко
Фотаработы Сяргея Брушко. Фотаздымак з архіва Дзмітрыя Брушко
Фотаработы Сяргея Брушко. Фотаздымак з архіва Дзмітрыя Брушко
Фотаработы Сяргея Брушко. Фотаздымак з архіва Дзмітрыя Брушко

«Прапаганда, – кажа Дзмітрый, – заўсёды будзе лічыць ворагамі дакументалістаў, якія маюць незалежны погляд, якія канцэнтруюцца на гісторыі простых людзей. Прапаганда лічыць, што журналістыка і дакументалістыка – гэта тое, што павінна быць рэкламай пэўнага рэжыму, а не апавядальнікам. Прапагандысты, я прама ўпэўнены, лічаць, што фатаграфія як мастацтва павінна працаваць як рэкламныя плакаты. «За Беларусь!» – яны лічаць, што гэта самае галоўнае, што фатографы павінны здымаць кветачкі, чалавека з вусамі на фоне гордых і адважных сілавікоў».

«Дамагчыся чагосьці за межамі Беларусі»

Зараз Дзмітрый жыве ў Нямеччыне: выехаў на некаторы час і застаўся. Расказваючы пра свой ад’езд з Беларусі, ён кажа, што ягонай асобай зацікавіліся яшчэ задоўга да выбараў.

Яшчэ ў траўні – чэрвені 2020 года Дзмітрыю паведамілі пра тое, што падчас нарады, якая праходзіла ў міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева, на яго паскардзіўся тагачасны начальнік ГУУС Іван Кубракоў. Прычынай стала тое, што Дзмітрый здымаў чэргі, якія ўтваралі людзі на Камароўскім рынку, каб аддаць подпісы за незалежных кандыдатаў.

«З раніцы ў панядзелак на закрытай сустрэчы кіраўніцтва МУС першае, што сказаў Кубракоў: «Тут адзін фатограф перашкаджае, па прозвішчы Брушко». Мне ўжо патэлефанавалі, папярэдзілі, што, маўляў, Дзіма, будзь акуратным. У 2021 годзе, выйшаў праект «Revision», я неяк прыходжу дадому, а там было бачна, што ў дзвярах нехта калупаўся. Гэта была пятніца. Я сказаў сабе, што не хачу рызыкаваць. Сабраў рэчы і ў нядзелю ўвечары вылецеў у Кіеў. Я ўзяў адпачынак на тры месяцы – гэта быў максімум, які я мог выкарыстаць. А за два дні, як адпачынак скончыўся, адбыўся пагром TUT.by, і мне ўжо не было куды вяртацца. Але тое, што я тут – гэта выбраў час, а не я».

Пры гэтым Дзмітрый адзначыў, што на дадзены момант у яго няма адчування, што ён робіць нешта важнае і што ў гэты самы момант ён патрэбны там, дзе знаходзіцца.

«Ёсць разуменне таго, што трэба рухацца далей. Праз тры гады з’явіліся ідэі для творчасці, сапраўдныя ідэі, якія хочацца зрабіць. Я не ў Беларусі, і, напэўна, гэта будуць ідэі не пра Беларусь. Мне здаецца, што я не магу зараз па сутнасці сваёй паўплываць [на тое, што адбываецца ўнутры краіны], але стаць беларусам, які можа дамагчыся чагосьці за межамі Беларусі – мне здаецца, гэта павінна быць галоўнай мэтай беларусаў, якія з’ехалі. Не толькі дапамагаць беларусам унутры, але і станавіцца кімсьці ў свеце».

Фота вокладкі: Белсат

Раман Шавель belsat.eu