Дзённік беларуса на вайне: пра веганства, Бучу і сабаку на фронце


Яўген Жураўскі – актывіст з Баранавічаў. Неўзабаве яму споўніцца 30 гадоў, і свой дзень нараджэння ён адзначыць ва Украіне, у тэрабароне. Яўген вядзе дзённік, а сваймі гісторыямі падзяліўся з «Белсатам».

Мы паразмаўлялі з Яўгенам пра побыт на вайне, шок ад убачанага ў Бучы і пра падарункі на дзень нараджэння.

Даведка
Фотаздымак з асабістага архіву Яўгена

Прывітанне, як твае справы?

– Нармальна, я адчуваю сябе выдатна, з’еў у сталоўцы дзве сасіскі веганскія.

– Веганскія?

– Нам валанцёры перадаюць патроху.

– А дзе ты?

Ммм… У Кіеўскай вобласці [Салдатам забаронена паведамляць сваё актуальнае месцазнаходжанне. – Заўв. belsat.eu].

Раней мы распавядалі гісторыю Яўгена Жураўскага: за пікет у Варшаве ён атрымаў крымінальную справу ў Беларусі.

Ва Украіне ў Яўгена Жураўскага пазыўны Салам, але многія называюць Жорам. Далей мы публікуем размову з добраахвотнікам, а таксама ўрыўкі з ягонага дзённіку.

Пачатак вайны

Я з Баранавічаў, і ў маім родным горадзе – тыя самыя расейскія самалёты, якія бамбуюць украінскія гарады.

Для мяне вайна ва Украіне – гэта вайна за свабодную Беларусь і супраць расейскага імперыялізму.

Пачну здалёк. У 2020 годзе я быў вымушаны пакінуць сваю любімую Беларусь і свой дом. Тыя самыя людзі, з дапамогай якіх бамбуюць Украіну, захапілі маю краіну. Калі мы [народ] паспрабавалі ўзяць уладу ў свае рукі, нас пасадзілі, збілі, забілі або выгналі з краіны.

Яўген Жураўскі дыстанцыйна стаў фігурантам крымінальнай справы ў Беларусі за ўдзел у акцыі салідарнасці ў Польшчы. Пры канцы верасня мінулага года ён выйшаў на пікет каля беларускай амбасады ў Варшаве. Акцыя была прысвечаная памяці Андрэя Зельцара, забітага супрацоўнікамі КДБ Беларусі. Супраць Яўгена ў Следчым камітэце Беларусі завялі крымінальную справу на падставе відэа з інтэрнэту. А праз два месяцы ў мамы Яўгена Жураўскага прайшоў ператрус. Варшава, Польшча. 12 студзеня 2022 года.
Фота: Белсат

24 лютага я прачнуўся а 8-й раніцы. Мая партнёрка сказала, што пачалася вайна. Я паглядзеў на сваю сабраную торбу, пачаў тэлефанаваць хлопцам з Кіева і распытваць, як я магу трапіць да іх.

7 сакавіка разам з машынамі гуманітарнай дапамогі я легальна заехаў ва Украіну.

Фота: асабісты архіў Яўгена Жураўскага

Тэрабарона

Даведка

Начныя перамовы праз рацыю:

– З поўдня назіраем нейкае свячэнне.

– …

– Магчыма, гэта месяц. Адбой.

– Працягвайце назіранне.

З дзённіку Яўгена Жураўскага

Я ў тэрабароне Кіеўскай вобласці. Трапіў у падраздзяленне, дзе людзі з блізкімі мне поглядамі, частка з іх мае знаёмыя. Мы выступаем за сацыяльную справядлівасць, роўнасць, самакіраванне і супраць імперыялізму.

Калі я прыехаў, тут ужо былі беларусы і расецы. А цяпер ёсць хлопцы з еўрапейскімі пашпартамі.

Літаральна праз 4–5 дзён я атрымаў калаш [аўтамат Калашнікава]. Цяпер у мяне падрыхтоўка і трэніроўка.

Калі ўмоўна заўтра расейцы вырашаць увайсці ў Кіеўскую вобласць, мяне могуць адправіць на перадавую. Пакуль я займаюся трэніроўкамі і хаджу на варту.

Больш за ўсё мяне радуе тое, што я магу выйсці і палашчыць сабаку, ён да нас прыбіўся. Яго клічуць Амбуш, што перакладаецца як Засада.

«Гэтая хараство нядаўна прыбілася да нас. Калі дакладна і пры якіх абставінах, не ведаю. Мабыць, быў на выездзе. Сабака не толькі ходзіць на варту, але і бегае з намі на трэніроўкі. Ну і шмат есць. Днямі спрабаваў лізнуць мяне ў твар у той момант, калі я прапаўзаў ад адной хованкі да другой. Такая ж доля чакала і іншых, хто трэнаваўся. А да гэтага Амбуш знайшоў аднаго з інструктараў, які спрабаваў да нас падкрасціся. Ужо жартавалі, што ён выконвае тактычныя каманды лепш, чым салдаты. Такім чынам, ужо ёсць некалькі ахвотных забраць потым сабаку ў цывільнае жыццё, так што не хвалюйцеся, ён адным не застанецца!» З дзённіка Яўгена Жураўскага

Пекла «русского мира»

Самае страшнае – гэта тое, што я ўбачыў у раёне Бучы і Гастомэлю. Мэтанакіравана разбураныя дамы. Завалы яшчэ не прыбраныя, і там маглі быць цывільныя – жывыя, дарэчы. Гэта самае змрочнае, што я бачыў у жыцці.

Барадзянка – маленькае мястэчка, і яно вельмі падобнае да Бярозы.

«Барадзянка. Учора асабіста паглядзеў на тое пекла, што нясе нам «русский мир». Дзесяткі расстраляных легкавых машын, велізарная колькасць разбамбаваных і расстраляных жылых дамоў, уключаючы шматпавярхоўкі, узарваныя масты, разрабаваныя крамы і груды смецця. Смецце там паўсюль. Асабліва шмат яго ў месцах, дзе дыслакаваліся расейцы. Паўсюль скрыні ад боепрыпасаў, упакоўкі ад ежы і бутэлькі ад алкаголю. «Русский мир» – гэта боль, разбурэнне і бруд. Ён не нясе ніякага вызвалення, ніякага святла, толькі боль і пакуты адных і ўзбагачэнне іншых». З дзённіку Яўгена Жураўскага

Веганства падчас вайны

– Пра веганства ў арміі расказаць? Так атрымалася, што я не адзін тут не ем мяса. У сталоўцы, у якой мы харчаваліся, быў выбар прадуктаў. І можна было з’есці салацік і кашку. Потым мы дамовіліся з валанцёрамі – і нам сталі адпраўляць веганскую ежу. А пазней у нашу сталоўку сталі закупляць сою.

«Прыйшлі мы ў абед у сталоўку, а там бургеры даюць. Я не моцна здзівіўся з харчаваннем там заўсёды было ўсё добра. Бургеры, вядома ж, не браў, бо працягваю веганіць. І вось я ўжо даядаў сваю порцыю бульбы з салатай з морквы, калі да мяне падышла супрацоўніца кухні. Яна сказала, што ў сталоўцы спецыяльна падрыхтавалі вегетарыянскі бургер і аддала яго мне! Ад такога сэрвісу я трохі сумеўся. Бургер, дарэчы, быў смачным. Праўда, у яго паклалі сыр, але я яго папярэдне дастаў і свайму таварышу аддаў». З дзённіка Яўгена Жураўскага

Вера ў перамогу

– Вайна – гэта пекла, але мяне дзівіць, як у гэтых нечалавечых умовах людзі захоўваюць чалавечнасць і дапамагаюць адзін аднаму.

«А вось так выглядае мая аптэчка. Распавяду, што на фота: нажніцы, маркер, декампрэсійная голка, назафарынгіяльная трубка, два гемастатычныя бінты рознага памеру, дзве пары пальчатак, два турнікеты, ізраільскі бандаж, Olaes бандаж, тэрмакоўдра, суперклей, сродкі для стварэння фізраствору, болесуцішальны сродак, таблеткі ад дыярэі, пластыр, гідрагелевая павязка (2 штукі), два аклюзійныя пластыры з клапанам і без. Гэтую аптэчку мне сабралі польскія інструктары па медыцыне, калі даведаліся, куды я еду. Думаю, пазней напішу пра тое, з якой салідарнасцю і падтрымкай сутыкаюся з пачатку вайны». З дзённіку Яўгена Жураўскага

Калі нам удасца зламаць армію расейцаў, ёсць вялікая надзея, што ў Расеі грамыхне, здарыцца рэвалюцыя. Таму што ў іх жа пастаянна буйныя змены адбываліся пасля прайграных войнаў.

У 1905 годзе яны прайгралі Японіі – рэвалюцыя. Падчас Першай сусветнай вайны яны прайгравалі немцам і Аўстра-Венгрыі – рэвалюцыя. Пасля афганскай вайны пачаліся незваротныя працэсы, якія прывялі да смерці СССР.

Я вельмі спадзяюся, што параза ва Украіне можа разгайдаць расейскае грамадства. Паслабленая Расея не зможа абараняць свайго марыянэткавага рэжыму ў Менску. І калі да таго моманту будуць буйныя беларускія фармаванні з баявым досведам, гэта будзе выдатна. Мы вернемся дадому і вызвалім яе [Беларусь] ад дыктатарскага рэжыму.

Яўген Жураўскі дыстанцыйна стаў фігурантам крымінальнай справы ў Беларусі за ўдзел у акцыі салідарнасці ў Польшчы. У канцы верасня мінулага года ён выйшаў на пікет каля беларускай амбасады ў Варшаве. Акцыя была прысвечаная памяці Андрэя Зельцара, забітага супрацоўнікамі КДБ Беларусі. Супраць Яўгена ў Следчым камітэце Беларусі завялі крымінальную справу на падставе відэа з інтэрнэту. А праз два месяцы ў мамы Яўгена Жураўскага прайшоў ператрус. Варшава, Польшча. 12 студзеня 2022 года.
Фота: Белсат

Дапамога Яўгену

21 красавіка Яўгену спаўняецца 30 гадоў. Ён кажа, што ў яго было шмат планаў на тое, як адсвяткаваць гэтую круглую дату, але вайна перашкодзіла іх рэалізацыі. Жартуе, што яго шанцы дажыць да дня нараджэння рэзка ўзраслі пасля ўцёкаў пуцінскіх войскаў з Кіеўскай вобласці. Значыць, варта падумаць аб падарунках. Тыя, хто жадае павіншаваць і падтрымаць Яўгена Жураўскага, могуць адправіць грашовы перавод:

PayPal: mel70s90@gmail.com

BTC: bc1qqmgxy0mlyw3tuy94rk8c9wc9c7sy5vy5l9wgkw

Bank PKO: 74 1020 1055 0000 9202 0511 0145

Падтрымаць валанцёраў, якія дапамагаюць з ежай і экіпааннем, можна тут.

belsat.eu

Стужка навінаў