У Горадні судзілі дзяўчыну за абразу міліцыянткі ў Instagram


У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні вынеслі прысуд за абразу ў інтэрнэце супрацоўніцы АМАПу. 32-гадовая Анастасія Каламейчанка, маці дваіх дзяцей, 5 і 7 гадоў, атрымала паўтара года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»), як і прасіла пракурор. Анастасію судзілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу: гарадзенка нібыта абразіла ў сацсетках прапаршчыцы міліцыі Дар’ю Бандарчук.

Перад судовым паседжаннем над Анастасіяй Каламейчанкай за абразу ў сацсетках прапаршчыцы міліцыі Дар’і Бандарчук. Горадня.
Фота: Белсат

Справу разглядала суддзя Маргарыта Ланцэвіч, дзяржабавінаваўцай выступіла Алена Пронька.

Амапаўка Дар’я Бандарчук раней праходзіла пацярпелай у крымінальнай справе, якая стала падставай для цяперашняга разбору. 55-гадовую жыхарку Горадні Марыну Палікарпаву затрымалі 9 жніўня і збілі супрацоўніцы АМАПу, сярод якіх была Бандарчук. Пазней на Палікарпаву завялі крымінальную справу і судзілі. Судзя Руслан Гурын прызнаў Марыну Палікарпаву вінаватай і прызначыў пакаранне – 2 гады «хатняй хіміі». Таксама Марына Палікарпава мусіла заплаціць па 1500 рублёў «пацярпелым» Бандарчук і Мазуркевіч, 162 рублі дзяржмыта і 440 рублёў за судмедэкспертызу.

Абраза ў Instagram

Паводле версіі следства, Анастасія Каламейчанка 3 верасня 2020 года размясціла сторыс у Instagram, чым абразіла Дар’ю Бандарчук. Пост уяўляў сабой два фота міліцыянткі – у форме і ў цывільным, з інфармацыяй пра справу Палікарпавай (а менавіта пра тое, што Бандарчук яе збіла, і цяпер супраць пажылой жанчыны распачалі крымінальную справу) і подпісам «Карнік. Жывёліна. Вышук. Рэпост». Скрыншот сторыс быў распаўсюджаны ў розных тэлеграм-каналах.

8 снежня ў кватэру Каламейчанкі з ператрусам заявіліся сілавікі. Жанчыну затрымалі, тры дні – з 8 да 10 снежня – яна заставалася ў ІЧУ Горадні.

Суд над Анастасіяй Каламейчанкай за абразу ў сацсетках прапаршчыцы міліцыі Дар’і Бандарчук. Горадня.
Фота: Белсат

Падчас допыту Анастасія Каламейчанка сказала, што паста з абразаю Бандарчук яна не размяшчала. Пра негатыўную інфармацыю аб міліцыянтцы даведалася толькі 8 снежня ў РАУСе Кастрычніцкага раёну Горадні. Там ёй паказалі скрыншот, паведамілі, за што затрымліваюць, і павезлі ў Следчы камітэт на допыт. Хто мог размясціць інфармацыю на ейнай старонцы Instagram, не ведае, але адзначае, што доступ да акаўнту меўся ў іншых людзей. Гісторыя ў архіве Instagram за 3 верасня не захавалася. Пакуль Анастасія тры дні была ў ІЧУ, у яе акаўнт уваходзілі – відавочна іншыя людзі, бо ў яе фізічна не было такой магчымасці.

«Я як супрацоўніца міліцыі абараняла канстытуцыйны лад. Камусьці гэта не спадабалася»

Дарʼя Бандарчук служыць у АМАПе з 2013 года. Падчас допыту яна распавяла, што «ў сувязі з выбарамі і палітычнай абстаноўкай у тэлеграм-каналах размяшчалася дэструктыўная інфармацыя адносна яе асобы», а таксама паступалі пагрозы. Аднойчы знаёмыя ёй даслалі скрыншот паведамлення, якое нібыта пакінула са свайго акаўнту Анастасія Каламейчанка. Гэта абразіла міліцыянтку.

Суд над Анастасіяй Каламейчанкай за абразу ў сацсетках прапаршчыцы міліцыі Дар’і Бандарчук. Горадня.
Фота: Белсат

Пракурор, а пасля і адвакат спрабавалі ўдакладніць у Бандарчук, чаму, на ейны погляд, такое паведамленне з’явілася ў інтэрнэце менавіта пра яе.

– Не ведаю. Пэўна, у сувязі з палітычнымі падзеямі ў краіне, – адказала Бандарчук.

– А як звязаныя палітычныя падзеі і вы? – удакладніла суддзя.

– Я як супрацоўніца міліцыі абараняла канстытуцыйны лад. Тыя, хто не згодны з гэтым, дазваляюць сабе абразы ў мой бок, – сказала амапаўка.

На судзе яна выглядала стомленай, тлумачэнні давала сцісла, нібыта хацела хутчэй гэта ўсё скончыць. Адзначыла, што фінансавых прэтэнзіяў да абвінавачанай не мае, а пакаранне суддзя можа выносіць на сваё меркаванне.

– Вы не звязваеце з’яўленне такога паведамлення з тым, што была інфармацыя пра тое, што вы збілі пажылую жанчыну? – запытала адвакатка.

– Нібыта збіла. Я ведаю, што такая інфармацыя была, – сказала Дар’я Бандарчук.

Адвакатка нагадала пра паказанні міліцыянткі падчас следства, дзе яна казала пра тое, што абраза звязаная з тым, што яна – супрацоўніца міліцыі, якая выконвала сваю працу.

На судзе зачыталі вынікі лінгвістычнай экспертызы. Паводле іх, Бандарчук абразілі як фізічную асобу, а вось абраза яе як супрацоўніцы міліцыі была ўжо з іншага акаўнта. А гэта – два розныя артыкулы і розная адказнасць.

Дар’я Бандарчук. Скрын відэа

Да матэрыялаў справы далучылі раздрукоўку, што ў інстаграм-акаўнт Каламейчанкі ўваходзілі з розных прыладаў у час, калі яна была ў ІЧУ, і пазней, то бок да акаўнту меў доступ нехта яшчэ.

Адвакатка падчас спрэчак адзначыла, што справу трэба перакваліфікаваць з арт. 369 КК («Публічная абраза прадстаўніка ўлады») на арт. 189 – «Абраза фізічнай асобы з-за непрыязнага стаўлення». У новай рэдакцыі закону гэты артыкул дэкрыміналізаваны, таму справу трэба наогул закрыць.

АП, belsat.eu

Стужка навінаў