У Дзярждуме РФ нагадалі Лукашэнку, што пасля 2020 года ён абапіраецца толькі на Расею


Аляксандр Лукашэнка, нягледзячы на падтрыманне з боку Расеі, дасюль не прызнаў Крыму ды іншых анексаваных рэгіёнаў Украіны расейскімі. Пра гэта заявіў у эфіры радыёстанцыі «Говорит Москва» першы намеснік старшыні камітэту Дзяржаўнай думы ў справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі Канстанцін Затулін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка на нарадзе Найвышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету. Менск, Беларусь. 10 снежня 2021 года.
Фота: president.gov.by

«Усім ясна, што пасля выбараў 2020 года Аляксандр Лукашэнка абапіраецца толькі на падтрыманне Расеі. Яго зноў назвалі апошнім дыктатарам Еўропы. Праўда, цяпер Пуцін яшчэ больш адыёзная для масавых медыяў на Захадзе асоба», – сказаў дэпутат.

Аднак, падкрэсліў Затулін, Лукашэнка, у адрозненне, напрыклад, ад кіраўніка Сірыі, «дасюль ні разу не заяўляў аб прызнанні, скажам, Крыму ў складзе Расейскай Федэрацыі, ужо не кажучы аб прызнанні новых суб’ектаў Расеі».

Праўда, яшчэ ў снежні 2021 года Лукашэнка заявіў, што «Крым – дэ-факта, я тады яшчэ сказаў, гэта расейскі Крым. Пасля рэферэндуму ён і дэ-юрэ стаўся расейскім». А вось пра іншыя рэгіёны Украіны, анексаваныя Расеяй у 2022 годзе, ён такога не казаў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў