Урад Расеі спрасціў працэдуру «добраахвотнага перасялення ў РФ»


Для ўдзелу ў дзяржаўнай праграме «суайчыннікам не давядзецца пацвярджаць валодання расейскаю моваю на ўзроўні, дастатковым для дачыненняў», паведаміла прэс-служба пасольства Расеі ў Менску.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: eduklgd.ru

Адзначаецца, што ўрадавую пастанову падрыхтавалі для рэалізацыі ўказу прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, якою з 1 студзеня 2024 года ўведзены «інстытут рэпатрыяцыі» для «суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой», у тым ліку «у недружалюбных краінах».

Пастанова датычыць наступных «рэпатрыянтаў»: грамадзянаў РФ, якія стала жывуць за мяжой; якія раней адмовіліся ад расейскага грамадзянства; якія нарадзіліся або ўвесь час жылі на тэрыторыі Беларускай ССР і раней мелі грамадзянства СССР; грамадзянаў, у якіх ёсць сваякі, якія нарадзіліся або стала жылі на тэрыторыі Беларускай ССР або на тэрыторыі, якая адносілася да Расейскай імперыі або СССР.

Нагадаем: Пуцін 18 снежня 2023 года падпісаў указ, які спрашчае прыём у грамадзянства РФ грамадзянаў Беларусі, Казахстану і Малдовы.

Згодна з дакументам, дзеяздольныя і поўнагадовыя грамадзяне згаданых дзяржаваў могуць падаць заяву на прыём у грамадзянства РФ без уліку тэрміну пражывання ў Расеі (не менш за 5 гадоў для грамадзянаў іншых дзяржаваў) з моманту атрымання віду на жыхарства, ведаў гісторыі і асноваў заканадаўства краіны.

У той жа час грамадзянам Казахстану і Малдовы неабходна таксама падаваць дакумент, які пацвярджае валоданне расейскаю моваю. Беларусы ад такога патрабавання вызваляліся, разам з заявай аб прыёме ў грамадзянства РФ ім патрабавалася падаць толькі від на жыхарства і дакумент, які пацвярджае асобу.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў