Гарбунова патрабуе ад міжнароднай супольнасці накіраваць экспертаў у калоніі Беларусі


Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету (АПК) у сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова, каментуючы смерць палітвязня Ігара Ледніка, падкрэсліла неабходнасць умяшальніцтва міжнароднай супольнасці.

Вольга Гарбунова
Прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінету Вольга Гарбунова.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Хачу спытаць у міжнароднай супольнасці. Мы б’ём ва ўсе званы! Людзі паміраюць! Пятая нам вядомая смерць. Чаму вы яшчэ не наведалі турмы рэжыму? Чаму яшчэ не накіравалі ў Беларусь экспертныя камісіі? Ці знойдзецца хтосьці сумленны і смелы, хто возьме трубку і пачне гэтую размову? Спытайце ў іх, нарэшце, што яны хочуць за нашых людзей, за палітзняволеных!» – заявіла Вольга Гарбунова.

Яна адзначыла, што «і ўрачы, і назіральнікі, і пракуроры, і суддзі дакладна ведалі», што Ігар Леднік праз праблемы з сэрцам меў інваліднасць 2-й групы. А таксама, што пасля аперацыі на страўнікава-кішачным тракце палітвязень у яго была стома, да якой быў замацаваны адмысловы пакет.

«Яны ведалі. Але гэта не перашкодзіла ім спачатку змясціць ва ўмовы зняволення, а пасля і працяглы час утрымліваць у іх 63-гадовага мужчыну з цяжкімі захворваннямі. І за што ўтрымліваць! За нібыта паклёп у дачыненні да Лукашэнкі. Няўжо словы ‒ нават прамоўленыя ‒ могуць каштаваць чалавечага жыцця», – падкрэсліла Гарбунова.

Hавiны
«Быў шчырым і прынцыповым». Якім запомніцца Ігар Леднік
2024.02.20 19:27

Палітвязень памер у зняволенні на 64-м годзе жыцця. Прычынай смерці Ігара Ледніка стала спыненне сэрца. Медыкі спрабавалі яго рэаніміраваць, аднак беспаспяхова. Ігар Леднік памёр у Менскай раённай больніцы, куды быў дастаўлены з Бабруйскай калоніі, дзе адбываў пакаранне.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў