Футбольная зборная Беларусі атрымала выдатны міжнародны каляндар


Але гэтага кіраўніцтву беларускага футболу мала. Разбіраемся, чаго яшчэ жадаюць футбольныя прадстаўнікі беларускіх уладаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гульцы зборнай Беларусі спяваюць нацыянальны гімн падчас матчу групы C чэмпіянату свету па пляжным футболе ў ААЭ – 2024 паміж Сенегалам і Беларуссю на стадыёне «Dubai Design District». Дубай, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. 16 лютага 2024 года.
Фота: cskabeachsoccer / Instagram

Пасля ўварвання Расеі ва Украіну праз тэрыторыю Беларусі абедзве краіны-суагрэсаркі патрапілі пад санкцыі, але вось для футболу было зробленае выключэнне. І беларускі футбол застаўся на міжнароднай арэне. Праўда, матчы не могуць праходзіць на тэрыторыі Беларусі, а хатнія гульні мусяць праводзіцца на нейтральных палях і без гледачоў.

Прапаганда пацірае рукі!

Ва ўсіх дзяржаўных СМІ цяпер толькі і размоваў, што пра пляжных футбалістаў. Яны – нібыта не было 2020 года і несупынных рэпрэсіяў – паехалі на чэмпіянат свету ў ААЭ пад дзяржаўным сцягам і з дэлегацыяй прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. У выніку Беларусь абгуляла Сенегал (6:4), Японію (3:1) і Калумбію (4:1) і ўпершыню ў сваёй гісторыі выйшла ў плэй-оф чэмпіянату свету. І гэта адзін з самых вялікіх поспехаў рэжымнага спорту за чатыры апошнія гады. Нагадаем, што зборная Украіны байкатуе гэты турнір з прычыны прыезду беларускай зборнай.

А зборная па класічным футболе?

Яна атрымала шыкоўны каляндар на восень 2024 года, калі згуляе  ў Лізе нацыяў па два матчы з Балгарыяй, Люксембургам і Паўночнай Ірландыяй.

Яшчэ яна дамовілася на два таварыскія матчы: з Чарнагорыяй (21 сакавіка ў Турцыі) і з Мальтай (на гэтай выспе – 26 сакавіка). А ў планах – гульня са зборнай Расеі, якая можа прайсці летам у Менску. Ад гэтай гульні кіраўніцтва беларускага футболу да апошняга моманту адмаўлялася, але цяпер сітуацыя рэзка змянілася.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Трэніроўка беларускай зборнай па футболе перад матчам з камандай Косава. 20 лістапада 2023 года.
Фота: belarus_football_team / Instagram

Што ж здарылася?

Як сцвярджаюць нашыя крыніцы, УЕФА цяпер мае зносіны толькі з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі, іхныя апаненты фактычна выцесненыя з кола ўплыву. У выніку кіраўніцтва АБФФ спрабуе развязаць пытанні, якія яшчэ пару месяцаў таму здаваліся невырашальнымі. Прадстаўнікі беларускага футболу хочуць, каб з іх былі знятыя ўсе санкцыі і каб матчы Лігі нацыяў прайшлі ў Менску з гледачамі на трыбунах і пад дзяржаўнымі сцягамі.

Пробны камень – атрымаць дазвол на гульню ў Менску ў чэрвені супраць зборнай Расеі, якая знаходзіцца пад санкцыямі. АБФФ просіць зрабіць выключэнне і дазволіць правядзенне таварыскай гульні, такі запыт ужо накіраваны ва УЕФА.

– Працэнтаў на 90 матч з Расеяй адбудзецца, – сказаў першы намеснік старшыні АБФФ Андрэй Васілевіч. Дарэчы, на гэтую пасаду Васілевіч быў прызначаны з парушэннем закону, але пазней фармальнасці былі вырашаныя заднім чыслом.

А таксама Васілевіч дадаў:

– Мы прыкладаем максімальныя намаганні, каб матчы Лігі нацыяў прайшлі ў Менску. Пастанова выканкаму УЕФА яшчэ не прынятая, але мы чакаем зборную дома, на нашых стадыёнах, – сказаў Васілевіч.

Са словаў нашых крыніцаў, у кіраўніцтва АБФФ высокая ўпэўненасць, што ўдасца перагарнуць старонку і адбяліць не толькі беларускі футбол, але і расейскі. Нашыя крыніцы лічаць, што ў выпадку прыняцця такой пастановы мусяць сказаць сваё слова ўрады дэмакратычных краінаў.

У гэтай сітуацыі паказальны прыклад Літвы, якая адмовілася гуляць з Беларуссю. УЕФА быў вымушаны ісці на кампраміс, развязваючы гэтае пытанне. У выніку выйсце было знойдзенае і Літве не давялося гуляць з Беларуссю.

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў