У Беларусі затрымалі рэкордную партыю наркотыкаў, разлічаную на ўнутраны рынак


Работнікі наркакантролю затрымалі рэкордную за апошнія тры гады партыю наркотыкаў масаю больш за 47 кілаграмаў: гэта каля 50 тысяч дозаў. Яна належала найбуйнейшаму наркамаркету – «Scorpion», паведаміў намеснік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч, перадае прэс-служба МУС.

Скрыншот з відэа: pressmvd / Telegram

У ведамстве адзначаюць, што спачатку працаўнікі наркакантролю Віцебскай і Гарадзенскай вобласцяў затрымалі 23-гадовага кіроўцу адной з будаўнічых арганізацыяў, які перавозіў у арандаванай машыне 1,6 кг псіхатропнага рэчыва.

Пазней аператыўнікі ўстанавілі ягонага 24-гадовага суўдзельніка – беспрацоўнага жыхара Горадні, які дастаўляў наркотыкі ў Беларусь і арганізоўваў склады. Пры ім выявілі каля 1 кг аналагічнага псіхатропу, а ў тайніках у Гарадзенскай і Менскай вобласцях – яшчэ 45 кг наркотыкаў.

«Гэта самая буйная партыя за апошнія тры гады. Яе кошт перавышае 2,5 мільёна долараў. І гэта не транзіт, яна прызначалася для ўнутранага рынку Беларусі», – паведаміў Казакевіч.

Распаўсюдзіць партыю ў Гарадзенскай, Менскай і Віцебскай вобласцях рыхтавалася інтэрнэт-крама наркотыкаў «Scorpion» – найбуйнейшая на сёння такая структура на тэрыторыі Беларусі, якая таксама працуе ў Расеі.

Здымак з відэа: pressmvd / Telegram
Здымак з відэа: pressmvd / Telegram

За мінулы год у Беларусі спынілі працу 19 наркамаркетаў, а з пачатку 2023-га – чатыры, дадае Казакевіч.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў