Цэнтр «Дасье»: Беларус з ПВК Вагнэра датычны да катаванняў і жорсткіх забойстваў у Сірыі


Улетку 2017 года найміты з ПВК Вагнэра пасля доўгіх катаванняў забілі бяззбройнага сірыйца. Цэнтр «Дасье» сумесна з выданнямі Die Welt, Insider, Paris Match і Arte атрымалі дакументы ўнутранага расследавання ПВК Вагнэра і здолелі ўсталяваць асобы наймітаў, якія ўдзельнічалі ў катаваннях і забойстве ў Сірыі.

Сярод удзельнікаў таго жорсткага злачынства быў грамадзянін Беларусі і Расеі Андрэй Бакуновіч, пра якога «Белсат» пісаў раней. Бакуновіч уваходзіў у склад ПВК Вагнэра, ваяваў на Данбасе ў якасці камандзіра групы снайпераў, асабісты нумар жэтона – М-1001. Ён удзельнічаў у аперацыі пад Дэбальцава ў лютым 2015 года.

Дакументы Цэнтру «Дасье»

Вось што пра Бакуновіча піша цэнтр «Дасье»: «Летам 2020 года яго і іншых баевікоў захапіў беларускі КДБ у санаторыі пад Менскам – іх абвінавачвалі ў тэрарызме і ледзь не спробе звяржэння Аляксандра Лукашэнкі. Пасля аказалася, што гэта была мудрагелістая правакацыя ўкраінскай выведкі: наймітаў, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на паўднёвым усходзе Украіны ў 2014-2017 гадах, ад імя неіснуючай прыватнай вайсковай кампаніі завербавалі ахоўваць нейкія нафтапромыслы ці то на Блізкім Усходзе, ці то ў Венесуэле. Імаверна, планавалася арганізаваць аварыйную пасадку рэйса Менск-Стамбул на тэрыторыі Украіны, арыштаваць кандыдатаў у ПВК і аддаць суду. Але нешта пайшло не так і інфармацыя пра вагнэраўцаў пад Менскам апынулася ў Лукашэнкі, які адрэагаваў нервова. Праўда, да таго часу Бакуновіч і яго калегі па менскай эпапеі ўжо не працавалі ў ПВК Вагнэра. Непаразуменне паміж Лукашэнкам і расейскім бокам неўзабаве было ліквідаванае. З 33 наймітаў, затрыманых КДБ у санаторыі «Беларусачка», 32 вярнуліся ў Расею. Лёс Бакуновіча невядомы. Па вядомых тэлефонах ён прадказальна не адказаў».

У 2020 годзе сястра баевіка ПВК Вагнэра Андрэя Бакуновіча пацвердзіла «Белсату», што ён быў затрыманы ў Калінкавічах ва ўласным доме.

29 ліпеня 2020 года, у разгар выбарчай кампаніі ў краіне, супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі пад Менскам затрымалі 33 баевікоў расейскай ПВК Вагнэра, пісала БелТА. Паводле звестак агенцтва, у Беларусь прыбылі больш за 200 баевікоў для дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд выбарчай кампаніі. Пры сабе расейцы нібыта мелі кожны па невялікай ручной паклажы, і на ўсіх – тры вялікія цяжкія валізкі, загружалі якія ў транспартны сродак некалькі мужчын.

Пазней былых байцоў ПВК Вагнэра перадалі расейскаму боку.

belsat.eu

Стужка навінаў