Як я была ў журы амерыканскай і беларускай кінапрэміяў

Журналістка задала мне пытанне пра доўгі спіс беларускай кінапрэміі «Чырвоны верас» са схаваным сцвярджэннем. Маўляў, як вам ацэньваць кіно такога нізкага ўзроўню. І я стала тлумачыць пра крызіс, адсутнасць фінансавання і шматгадовае занядбанне культуры ў краіне. Па чарзе я ў якасці сябра журы паглядзела намінантаў на «Залаты глобус» і на «Чырвоны верас». І не думайце – не цярпела ад дысбалансу. Так, беларускае кіно менш выкшталцонае і дарагое. Але яно дакладна бліжэйшае і больш балючае.

Журналистка Ирена Котелович, ведущая программы «Культурный репортёр» на «Белсате»
Кінакрытык і чалец Беларускай незалежнай кінаакадэміі Ірэна Кацяловіч. Варшава, Польшча. 22 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Для другой эдыцыі «Чырвонага верасу» мы глядзелі 70 фільмаў беларускіх аўтараў 2021 і 2022 гадоў, то бок сярод іншага давялося запар агарнуць пласт карцінаў, якія ў розны спосаб засведчылі 2020 год і адгукнуліся на тое, што было потым. «Смеласць» Аляксея Палуяна, «Мы не ведалі адно аднога да гэтага лета» Вольгі Абрамчык, «Мара» Сашы Кулак, «Галасы. Дзе мой край» Максіма Шведа і Сяргея Кавалёва, «У жывым эфіры» Мары Тамковіч. Адна з сябраў журы напісала, што пасля дзясятка стужак зноў адчувае раз’юшанасць і хутка можа пачаць кідацца на людзей.

У мяне ўзнікае яшчэ і іншае адчуванне, апроч злосці. У час прагляду фільмаў пра 2020 год да дэталяў успамінаецца тое, што ты адчуваў тады, у Менску. А гаворка пра вялізны ўздым і натхненне, якія бессэнсоўна апісваць, проста гэта адно з найважнейшых перажыванняў у тваім жыцці. І калі яно вяртаецца, успамінаецца таксама, дзеля чаго мы тады выйшлі на вуліцы.

Так, часам сярод пададзеных на прэмію стужак трапляюцца аматарскія, альбо не аматарскія, а проста кароткія і простыя замалёўкі. І паводле вытворчасці яны не ідуць ні ў якое параўнанне з грандыёзным «Опэнгаймэрам», за якога я галасавала ў «Залатым глобусе» і які быў названы журы прэміі «Найлепшым фільмам». Альбо з маляўнічым кінапалатном «Небаракі» Гёргаса Лянтымаса пра тое, што б мы, у прыватнасці жанчыны, рабілі без патэрнаў выхавання, – таксама «Найлепшым фільмам», толькі ў катэгорыі «Мюзікл альбо камедыя».

Але гэта пераможцы, у час прыёму заявак на «Залаты глобус» на вочы трапляецца мора фільмаў з усёй зямлі. Як трапіўся, напрыклад, «Сімон» венесуэльскага рэжысёра Д’ега Вісэнтыні – суперпаралельная беларусам стужка пра хлопца, які зазнаў пераслед на радзіме і ўцёк за мяжу, дзе тужыць па мінулым і сябрах. І божа мой, якая шаблонная і элементарная гэта карціна, зрэшты, паводле бюджэту і магчымасцяў на меркі беларускага кіно ўсё яшчэ нядрэнная. Але штука ў тым, што, калі глядзіш чужыя фільмы пра падобныя да тваіх праблемы, на першы план усё роўна выходзяць «кінакрытычныя» ацэнкі. А калі глядзіш дрэнны прабеларускі фільм, усё ж думаеш: «Ну, яны стараліся».

Кадр з фільму «Сімон» венесуэльскага рэжысёра Д’ега Вісэнтыні. Крыніца: imdb.com

Я даўно перастала быць аб’ектыўным кінакрытыкам, паўсюль, дзе можна, я прагаворваю, што спачатку ідуць умовы і фінансаванне, і потым ты можаш выказвацца пра ўзровень беларускага кіно. Што, вядома, справядліва, але не будзе ўсёю праўдай. У нас таксама крызіс з адукацыяй, самаадукацыяй, нагледжанасцю ды ідэямі і сіндром «першага альбо адзінага ў Беларусі». Наш «Чырвоны верас», дарэчы, адзіная незалежная кінапрэмія ў беларускім кіно.

З іншага боку, ёсць лічба 45 – прыкладна столькі праектаў поўнаметражных фільмаў нам даслалі ў якасці заявак на ўдзел у пітчынгу, які Беларуская незалежная кінаакадэмія збіраецца ладзіць у межах Еўрапейскага фільммаркету «Berlinale». Гэта ігравыя, дакументальныя і нават анімацыйныя поўныя метры, 45 штук. Нягледзячы на раскіданасць па розных краінах і адсутнасць індустрыі ды выразных правілаў гульні. У мяне ёсць любімчыкі сярод гэтых 45, але я не ўпэўненая, што ўсе яны будуць мець магчымасць быць рэалізаванымі.

Крыстафэр Ноўлан і Гёргас Лянтымас робяць грандыёзную працу: і «Опэнгаймэра», і «Небаракаў» я горача паважаю. Але хіба нават пачаткоўцамі гэтым рэжысёрам было прасцей знайсці сродкі на свае ідэі – каму заўгодна гэта прасцей, чым беларусам. Цікава, чаго б дасягнулі нашыя рэжысёры, калі б у іх былі такія магчымасці і такія бюджэты.

Хочацца схлусіць, што тады мы б нарэшце атрымалі жаданы «Оскар». Пытанне, калі ў беларусаў будзе «Оскар», – адно з самых шаблонных у адрас нашых фільммэйкераў. (Але ж памятаеце? У нас яшчэ крызіс з адукацыяй і ідэямі.) У любым разе мы б дакладна мелі яшчэ больш разнастайных выказванняў пра 2020-ы і пасля. І мы б глядзелі іх і помнілі, чаму належым.

Стужка навінаў