Беларусы ў краіне вераць у дыяспару больш, чым сама дыяспара: партрэт беларусаў замежжа


Рэакцыя рэжыму на пратэсты 2020 года і татальныя рэпрэсіі, якія не спыняюцца ўжо больш за два гады, выклікала самую вялікую хвалю эміграцыі ў найноўшай гісторыі Беларусі, тым самым павялічыўшы беларускую дыяспару колькасна і якасна. Пытанне пра тое, якая яна цяпер, беларуская дыяспара, мае стратэгічна важнае значэнне: менавіта на беларусах замежжа ляжыць вялікая частка адказнасці за развіццё беларускага грамадства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай у польскай сталіцы. Варшава, Польшча. 3 чэрвеня 2021 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Цэнтр новых ідэяў супольна з ініцыятывай «Народнае апытанне» правялі онлайн-даследаванне беларусаў замежжа з мэтай высветліць іхныя асаблівасці. Даследаванне ладзілася з 3 да 30 кастрычніка 2022 года. У онлайн-апытанні прыняў удзел 1631 рэспандэнт – беларусы і беларускі замежжа. Дадаткова праводзілася апытанне беларусаў, якія застаюцца ў Беларусі (1267 чалавек). Эксперты – даследчык Генадзь Коршунаў і сацыёлаг Максім Кудрэвіч – падкрэсліваюць: рэпрэзентуецца не ўсё насельніцтва Беларусі, а толькі яго пратэсная, актыўная частка.

Распавядаем, як выглядае беларуская дыяспара сёння, у якіх ініцыятывах удзельнічаюць беларусы замежжа і як магчыма выкарыстоўваць патэнцыял і рэсурсы дыяспары.

Партрэт беларусаў замежжа: забяспечаны адукаваны мужчына 35 гадоў

Агулам беларуская дыяспара маладая, адукаваная, нядрэнна зарабляе і пакінула Беларусь з меркаванняў бяспекі.

Так, пераважная большасць беларускай дыяспары – людзі з вышэйшай адукацыяй (гэта адзначылі 73,5 %; яшчэ 12,8 % маюць і пасляўніверсітэцкую адукацыю). Больш як ¾ дыяспары маладзейшыя за 40 гадоў: 18–30 гадоў – 30 %; 31–40 гадоў – 47 %. Доля мужчынаў і жанчын сярод актыўнай часткі беларусаў замежжа размяркоўваецца як 53,2 % і 46,2 %.

Палова беларусаў за мяжою працуе паводле найму ў прыватным сектары, яшчэ практычна 20 % вызначаюць сябе як фрылансэры (варыянт – самазанятыя, ІП).

Большая частка прадстаўнікоў беларускай дыяспары мае параўнальна высокія заробкі: 12 % маюць вельмі высокія даходы; 33,5 % валодаюць сродкамі, дастатковымі для пакупкі аўтамабіля; 27,8 % могуць свабодна дазволіць сабе дарагія пакупкі.

На першым месцы – Польшча: калі, якім чынам і куды з’язджалі беларусы

Практычна ўсе апытаныя пакідалі Беларусь законным шляхам (95,5 %). Найменшая доля легальных перасячэнняў мяжы прыпадае на 2021 год (92,2 %), калі працавалі ковідныя абмежаванні. Падчас пераезду за мяжу 18,5 % звярталіся па дапамогу (у тым ліку па кансультацыі) у некамерцыйныя арганізацыі, грамадзянскія ініцыятывы. Пік такіх зваротаў прыпадае на 2020–2021 гады (звярталіся каля чвэрці апытаных).

Краіны, дзе цяпер найбольш актыўных беларусаў: Польшча (45 %), Грузія (10,1 %), Літва (8,4 %), Нямеччына (6,4 %). Скрын з прэзентацыі вынікаў даследавання «Беларуская дыяспара: партрэт, сувязі і перспектывы». Крыніца: https://newbelarus.vision/

Пачатак новага этапу расейска-ўкраінскай вайны адбіўся і на беларусах-мігрантах. Пасля 24 лютага 2022 года 38,7 % беларусаў замежжа памянялі месца жыхарства (змянілі адну ці некалькі краінаў пражывання – 35 %; найбольшую колькасць пераездаў здзейснілі людзі, якія пакінулі Беларусь у 2022 годзе). На час апытання кожны восьмы рэспандэнт (12,7 %) яшчэ планаваў змяніць краіну свайго пражывання. У тройку краінаў, куды людзі яшчэ планавалі перабірацца, уваходзіла Польшча (23,8 %), Нямеччына (8,5 %) і ЗША (7,3 %).

Трыма краінамі, дзе зараз знаходзіцца найбольш актыўных беларусаў, з’яўляюцца Польшча (45%), Грузія (10,1%) і Літва (8,4%). На чацвёртым месцы – Нямеччына (6,4%).

Найбольшую долю беларусаў у дыяспарах Старой Еўропы (Нямеччына, Францыя, Англія і г. д.), Новага Свету (ЗША, Канада, Аўстралія і г. д.) і Расеі складаюць людзі, якія пакінулі Беларусь да 2015 года. На другім месцы – якія прыехалі ў перыяд паміж 2015 і 2019 гадамі. У Польшчы максімальнае папаўненне беларускай дыяспары адбылося ў 2021 годзе, у грузінскай і літоўскай дыяспарах – у 2022 годзе.

Эксперты вылучаюць 5 этапаў міграцыі: да 2015 года, з 2015 да 2019 года, асобна 2020, 2021 і 2022 год. Найбольшую долю актыўнай часткі беларускай дыяспары (64,1 %) складаюць пераважна людзі, якія пакінулі Беларусь у 2021–2022 гадах.

Пры гэтым звяртае на сябе ўвагу параўнальна высокая доля тых (13,8 %), хто выехаў з Беларусі 8–10–15 гадоў таму і пры гэтым застаецца зацікаўленым і актыўным у справах на карысць Беларусі. Фактычна гэта тое ядро беларускай дыяспары, якое мае самую ўстойлівую матывацыю і найбольшы досвед працы, функцыянавання за мяжою. Тое, што колькасць гэтых людзей такая высокая, дазваляе спадзявацца на працяглае захаванне праактыўных установак і сярод астатняй часткі дыяспары.

Галоўнае – бяспека. Чаму беларусы з’язджаюць

Чыннікі можна падзяліць на некалькі блокаў. Першым і самым прадстаўнічым застаецца блок, звязаны з меркаваннямі бяспекі. Гэта агульнае адчуванне неабароненасці (пік – 2022 год), засцярогі персанальнага пераследу з боку рэжыму (пік – 2021 год) і імкненне пазбегнуць прызначанага рэжымам пакарання (пік у 2020 годзе).

На другім месцы прычынаў – блок, звязаны з адчуваннем адсутнасці перспектываў у краіне, жаданнем атрымаць новы досвед і паглядзець свет. Трэці блок – эканамічныя прычыны. Гэтыя прычыны характэрныя для больш ранніх хваляў міграцыі (да 2020 года).

Беларусы замежжа не губляюць сувязі з Беларуссю

Беларусы замежжа захоўваюць шчыльныя сувязі з радзімай. Яны працягваюць актыўна цікавіцца тым, што адбываецца ў Беларусі: 9 з 10 як мінімум раз на дзень чытаюць навіны аб падзеях у краіне (75 % апытаных робяць гэта некалькі разоў на дзень). Паказальна, што ступень такой інфармацыйнай актыўнасці не залежыць ад года выезду за мяжу і супадае з лічбамі, якія ў гэтым пытанні эксперты атрымалі ад беларусаў у Беларусі.

Сувязі ўнутры беларускай дыяспары вельмі шчыльныя. Іх асаблівасць – трансгранічны характар, то бок для беларусаў замежжа межаў не існуе. Скрын з прэзентацыі вынікаў даследавання «Беларуская дыяспара: партрэт, сувязі і перспектывы». Крыніца: https://newbelarus.vision/

Беларуская дыяспара захоўвае сувязі з блізкімі людзьмі, якія засталіся ў Беларусі. Найперш гэта датычыць сувязяў са сваякамі (93 %) і сябрамі (80 %). Інтэнсіўнасць камунікацыі з калегамі і аднадумцамі, што застаюцца ў краіне, істотна ніжэйшая – 41 % і 34 % адпаведна.

Хоць у меншай ступені, але застаюцца і сувязі з рознымі суполкамі. Звесткі даследавання паказваюць, што ў першую чаргу зніжаецца шчыльнасць сувязяў з тэрытарыяльнымі камʼюніці (найбольшая доля адказаў «ад усяго адпісаўся» прыпадае на чаты тэрытарыяльных супольнасцяў) і з карпаратыўнымі / прафесійнымі групамі. Тут адбіваецца не толькі факт пераезду ў іншую краіну і магчымая змена прафесійнага асяроддзя, але і кантроль за адпаведнымі суполкамі з боку сілавікоў.

Суполкі, якія захоўваюць найбольшы патэнцыял, галоўным чынам не маюць прывязкі да канкрэтных арганізацыяў і фармуюцца вакол незалежных праектаў і ініцыятываў.

Унутрыдыяспаральныя сувязі сярод беларусаў замежжа можна адзначыць як вельмі шчыльныя. 95 % рэспандэнтаў сказалі, што ў тым ці іншым выглядзе яны падтрымліваюць дачыненні з іншымі беларусамі, якія пакінулі радзіму. Адметнай асаблівасцю гэтых сувязяў ёсць іх трансгранічны характар – большая частка апытаных (61 %) у першую чаргу мае зносіны з беларусамі ва ўсім свеце, а не ў сваёй краіне пражывання – 45,3 %. Пры гэтым з беларусамі, якія жывуць у тым самым горадзе, падтрымліваюць кантакты 52,2 %.

Пры ўсёй спагадзе Украіне – Беларусь перадусім

Пераважная большасць прадстаўнікоў беларускай дыяспары бярэ ўдзел у той ці іншай грамадскай дзейнасці, не ўдзельнічаюць у ёй толькі 15 % апытаных. Найбольшая доля тых, хто ў такой дзейнасці ўдзелу не бярэ, прыпадае на тых, хто пакінуў Беларусь у апошнюю мігранцкую хвалю – 2022 год (24,7 %). Самымі распаўсюджанымі формамі грамадскай дзейнасці сярод дыяспары ёсць выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі ў сацыяльных сетках (тут лідаруюць эмігранты са стажам, якія пакінулі Беларусь да 2020 года) і нефармалізаваная дапамога людзям (яе часцей ажыццяўляюць мігранты 2020–2021 гадоў).

Большасць прадстаўнікоў беларускай дыяспары бяруць удзел у той ці іншай грамадскай актыўнасці. Скрын з прэзентацыі вынікаў даследавання «Беларуская дыяспара: партрэт, сувязі і перспектывы». Крыніца: https://newbelarus.vision/

На трэцім месцы – данаты арганізацыям і інстытуцыям, якія займаюцца грамадскай дзейнасцю. Доля данатараў узрастае з досведам жыцця за мяжою; тых, хто дапамагае фінансава, найбольш сярод тых, хто зʼехаў да 2015 года, – 59,6 %.

Цікава, што прадстаўнікі беларусаў замежжа ў дачыненні сябе настроеныя дастаткова самакрытычна. Так, 57,6 % апытаных лічаць, што тым ці іншым відам грамадскай дзейнасці займаюцца чвэрць ці менш беларусаў замежжа. Звесткі даследавання паказваюць іншыя лічбы.

Галоўным кірункас сваёй грамадскай дзейнасці, пры ўсёй спагадзе Украіне, 73 % рэспандэнтаў лічаць Беларусь і беларусаў. Украіну ў такой якасці пазначылі 55 % апытаных, 30 % лічаць, што цяпер дапамагаць трэба ўсім, хто мае патрэбу ў дапамозе.

Найбольш карыснымі для Беларусі рэспандэнты лічаць намаганні дзеля недапушчэння змешвання беларусаў і рэжыму Лукашэнкі ў вачах суседзяў («Беларусь – не роўная Лукашэнку!») і ўзаемнае падтрыманне («Беларус беларусу беларус») як сярод дыяспары, так і паміж тымі, хто застаецца. Беларусы ў Беларусі вышэй ацэньваюць значнасць журналісцка-экспертнай дзейнасці і магчымасць «быць голасам беларусаў». Скрын з прэзентацыі вынікаў даследавання «Беларуская дыяспара: партрэт, сувязі і перспектывы». Крыніца: https://newbelarus.vision/

Найбольш карыснымі для Беларусі рэспандэнты лічаць намаганні дзеля недапушчэння змешвання беларусаў і рэжыму Лукашэнкі ў вачах суседзяў («Беларусь – не роўная Лукашэнку!») і ўзаемнае падтрыманне («Беларус беларусу беларус») як сярод дыяспары, так і паміж тымі, хто застаецца ў Беларусі. Далей паводле ступені важнасці ідуць лабіяванне санкцыяў супраць любых кампаніяў рэжыму Лукашэнкі, а таксама журналісцкая, праваабарончая і экспертная дзейнасць.

Цікава, што і іерархія, і размеркаванне адказаў у гэтым пытанні сярод дыяспары і беларусаў у Беларусі вельмі падобныя, што кажа і аб падабенстве ў ацэнках сітуацыі дзвюх актыўных частак беларускага грамадства – тых, хто зʼехаў, і тых, хто застаўся.

Адрозненні паміж беларусамі ўнутры краіны і дыяспараю не маюць значнага характару. Скрын з прэзентацыі вынікаў даследавання «Беларуская дыяспара: партрэт, сувязі і перспектывы». Крыніца: https://newbelarus.vision/

Разам з тым ёсць і адрозненні:

  • беларусы замежжа часцей як у два разы за беларусаў у краіне выбіралі неабходнасць падтрымання ініцыятываў у Беларусі (37,6 % супраць 16,5 %). Магчыма, на гэта ўплывае інфармацыйны вакуум і рэпрэсіўны ціск на грамадства, праз што беларусы ў Беларусі губляюць веру ў магчымасць актыўнай дзейнасці ў краіне;
  • беларусы ў Беларусі робяць яшчэ большы акцэнт, чым дыяспара, на прасоўванні ідэі аб тым, што «Беларусь – не роўная Лукашэнку» (58,8 % супраць 51,8 %). То бок для актыўнай часткі беларускага грамадства, якая застаецца ў Беларусі, вельмі важна адмежавацца ад рэжыму;
  • журналісцкая, праваабарончая і экспертная дзейнасць, якую вядуць беларусы замежжа, беларусамі ў Беларусі ацэньваецца вышэй, чым самой дыяспарай (3-е месца сярод адказаў «у Беларусі» супраць 5-га месца ў беларусаў замежжа);
  • пазіцыя «Магчымасць выступаць у якасці публічных лідараў пратэставых групаў, каардынацыя дзеянняў» беларусамі ў Беларусі выбіралася амаль у два разы часцей, чым прадстаўнікамі дыяспары (21, 5 % супраць 12, 2 %).

Такім чынам, прадстаўнікі дыяспары, на меркаванне беларусаў у Беларусі, недаацэньваюць функцыю рэпрэзентацыі ўсіх беларусаў, недастаткова бачаць сябе голасам, які зыходзіць ад беларускага грамадства і выступае супраць рэжыму Лукашэнкі.

Ці хочуць беларусы дадому?

Адно з самых балючых пытанняў, звязаных з міграцыяй, – ці збіраюцца беларусы вяртацца ў Беларусь? На гэты момант звесткі дэманструюць хутчэй аптымістычную карціну: хочуць вярнуцца ў Беларусь 42,1 % апытаных (кажуць, што дакладна вернуцца – 17,8 %), не плануюць вяртацца 25,3 % (сцвярджаюць, што дакладна не вернуцца 5,5 %). Пры гэтым самым распаўсюджаным варыянтам адказу застаецца «цяжка сказаць» – яго выбралі 35,6 %. Але гэта адказы ў фармаце «тут і цяпер». Калі ж глядзець на размеркаванне адказаў у часовым разрэзе, то становіцца відавочны просты факт: чым даўжэй чалавек застаецца нават у вымушанай эміграцыі, тым слабейшыя ягоныя ўстаноўкі на вяртанне дадому.

На 2022 год хочуць вярнуцца ў Беларусь 42,1 % апытаных, не плануюць вяртацца 25,3 %. Шмат залежыць ад часу і «фактару Лукашэнкі». Скрын з прэзентацыі вынікаў даследавання «Беларуская дыяспара: партрэт, сувязі і перспектывы». Крыніца: https://newbelarus.vision/

Значнасць часавага фактару падмацоўваецца і размеркаваннем адказаў на пытанне аб уплыве знаходжання ва ўладзе Лукашэнкі. Так, з аднаго боку, 95 % апытаных паказалі, што існаванне рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі ўплывае на іхнае рашэнне аб вяртанні ў краіну (35 % – «толькі гэты факт і ўплывае», 33 % – у значнай меры ўплывае, 27 % – уплывае разам з іншымі прычынамі). Адпаведна, пасля змены рэжыму можна разлічваць на маштабную хвалю рээміграцыі – гэта значыць, вяртання беларусаў у Беларусь.

З іншага боку, эксперты адзначаюць, што калі ў першыя гады эміграцыі толькі гэты фактар («фактар Лукашэнкі») і замінае вярнуцца ў Беларусь, то з цягам часу ступень яго ўплыву пачынае змяншацца. То бок з адаптацыяй на новай тэрыторыі даводзіцца браць у разлік і іншыя фактары, якіх становіцца ўсё больш (дзеці ходзяць у садок/школу, новая праца, абавязацельствы і перспектывы і г. д.).

Прынятае часткаю дыяспары рашэнне «не вяртацца» не азначае разрыву з Беларуссю. 70 % разлічвае потым, калі Лукашэнкі не будзе ва ўладзе, браць удзел у развіцці Беларусі. Скрын з прэзентацыі вынікаў даследавання «Беларуская дыяспара: партрэт, сувязі і перспектывы». Крыніца: https://newbelarus.vision/

Адказы беларусаў, якія застаюцца ў Беларусі, паказваюць, што яны нашмат больш аптымістычна глядзяць на перспектывы вяртання беларусаў з-за мяжы, чым самі прадстаўнікі дыяспары: пра тое, што пасля падзення рэжыму Лукашэнкі ў Беларусь вернуцца 50 і больш адсоткаў тых, хто з’ехаў, кажуць 58,9 % беларусаў у Беларусі, а вось з прадстаўнікоў дыяспары – толькі 45 %.

Прынятае часткай дыяспары рашэнне «не вяртацца» не азначае разрыву з Беларуссю. З тых, хто не плануе вяртацца, 70 % разлічваюць пазней, калі Лукашэнкі не будзе ва ўладзе, прымаць удзел у развіцці Беларусі. Асноўнымі формамі такога ўдзелу ёсць:

  • інвестыцыі сваіх ведаў, уменняў і навыкаў у праекты на карысць Беларусі (у тым ліку і на яе тэрыторыі) – аб такой гатоўнасці заявілі 53 % тых, хто пакуль не плануе вяртацца ў Беларусь;
  • краўдфандынг на карысць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі – 51 %;
  • фінансавая дапамога адукацыйным і культурным праектам у Беларусі – 50 %.

Інвеставаць у бізнес-праекты ў новай Беларусі гатовыя 34 %, адкрываць свой бізнес у Беларусі – 29 %, аказваць фінансавую дапамогу для рэалізацыі інфраструктурных праектаў у Беларусі – 26 %.

Планы на будучыню тых, хто пакуль вяртацца не збіраецца: інвестыцыі ведаў, уменняў у праекты на карысць Беларусі (53 %), краўдфандынг на карысць грамадзянскай супольнасці ўнутры Беларусі (51 %), фінансавая дапамога адукацыйным і культурніцкім праектам у Беларусі (50 %). Скрын з прэзентацыі вынікаў даследавання «Беларуская дыяспара: партрэт, сувязі і перспектывы». Крыніца: https://newbelarus.vision/

Беларусы ўнутры краіны больш пазітыўна ацэньваюць намаганні дыяспары, чым сама дыяспара

І дыяспара, і беларусы ўнутры краіны разумеюць, што аказваць уздзеянне на рэжым і дасягаць мэтаў пратэсту можна толькі супольнымі намаганнямі. У той жа час для беларусаў унутры краіны больш характэрныя песімістычныя настроі, якія падводзяць іх да надзеі на дыяспару як на галоўнага актара ў абароне сваіх інтарэсаў і магчымым пазітыўным развіцці сітуацыі ў краіне.

Адносна найбольш эфектыўных сродкаў дасягнення мэтаў пратэсту беларусы пераважна салідарныя. Галоўны акцэнт робіцца на рэалізацыі інфармацыйна-камунікатыўных метадаў: актыўная асвета і пераконванне сваякоў, знаёмых, калегаў (58 % – беларусы ўнутры краіны, 67,7 % – дыяспара); захаванне і ўмацаванне сувязяў паміж пратэстава настроенымі беларусамі для ўзаемнага падтрымання і каардынацыі супольнай дзейнасці (54,7 % і 69,4 % адпаведна); наладжванне і падтрыманне сувязяў з беларускімі арганізацыямі, суполкамі і праектамі, якія працуюць з-за мяжы (39,1 % і 42,1 %).

Разам з тым, беларусы ўнутры краіны больш пазітыўна ставяцца да праектаў, якія запускаюцца беларусамі замежжа, чым сама дыяспара (27,2 % і 23,7 %). Дыяспара наадварот у значнай ступені больш эфектыўнай бачыць падтрыманне ініцыятываў, якія застаюцца ў Беларусі (28,6 % і 45,7 %).

І дыяспара, і беларусы ўнутры краіны разумеюць, што ўплываць на рэжым і дасягаць мэтаў пратэсту можна толькі супольнымі намаганнямі. Разам з тым, беларусы ўнутры краіны маюць больш песімістычныя настроі, дзе галоўным актарам бачыцца хутчэй дыяспара. Дыяспара ў сваю чаргу больш праактыўная і патрабавальная – да сябе і да беларусаў у Беларусі. Скрын з прэзентацыі вынікаў даследавання «Беларуская дыяспара: партрэт, сувязі і перспектывы». Крыніца: https://newbelarus.vision/

Ключавое адрозненне паміж беларусамі ўнутры краіны і дыяспарай назіраецца ў ацэнцы эфектыўнасці больш радыкальных метадаў процідзеяння рэжыму. Дыяспара нашмат часцей выказваецца за такія дзеянні беларусаў унутры краіны, чым яны самі: адмова ад пакупак тавараў, звязаных з рэжымам Лукашэнкі (27,4 і 37,5 %); распаўсюджванне друкаваных матэрыялаў антываеннага зместу (17,2 і 31,1 %); размяшчэнне на вуліцах антываенных ці антырэжымных надпісаў, сімволікі (14,3 і 24,6 %); адмова ад выплаты камунальных плацяжоў і/ці падаткаў (3,8 і 12,7 %). Беларусы ўнутры краіны больш песімістычныя ў сваіх ацэнках. Пад страхам магчымых рэпрэсіяў яны не разглядаюць актыўных формаў пратэставай дзейнасці як эфектыўных для дасягнення мэтаў пратэсту. Дыяспара, наадварот, у значнай ступені накіраваная на падтрыманне ўнутрыбеларускіх ініцыятываў і акцыяў, знаходзячы гэтыя дзеянні найбольш значнымі.

Беларусы пераважна не згодныя з тым, што пратэст прайграў, бо самыя актыўныя зʼехалі, а тыя, хто застаўся, перасталі штосьці рабіць для дасягнення мэтаў пратэсту. Сярод дыяспары сваю нязгоду з гэтым выказалі 69,2 % рэспандэнтаў, а сярод беларусаў унутры краіны – 60,7 %.

Беларусы ўнутры краіны больш пазітыўна ацэньваюць палітычныя намаганні дыяспары, чым сама дыяспара. У той жа час эксперты адзначаюць элемент «веры ў іншага»: дыяспара крыху больш верыць у беларусаў унутры краіны (39,9 %), чым самі беларусы ў Беларусі (36,5 %).

Прадстаўнікі дыяспары больш катэгарычныя ў негатыўных ацэнках працы беларусаў у дзяржкампаніях / на дзяржпасадах, а таксама выплаты падаткаў. Акрамя таго, дыяспара мае больш чаканняў актыўных дзеянняў ад беларусаў, якія застаюцца ў краіне.

Адрозненні паміж пратэстава настроенымі беларусамі ўнутры краіны і дыяспарай, зыходзячы са звестак даследавання, не маюць значнага характару. Значна большая розніца (у поглядах і на сітуацыю, і адно на аднаго) паміж прыхільнікамі і супернікамі ўлады ўнутры краіны, чым паміж тымі, хто прытрымліваецца аднолькавай палітычнай пазіцыі па абодва бакі мяжы.

СП  belsat.eu

Стужка навінаў