Святлана Ціханоўская: Мы асуджаем любыя спробы замаху на чужую тэрыторыю


Беларуская лідарка Святлана Ціханоўская выказалася пра магчымы ўдзел Беларусі ў ваенным канфлікце. Заяву ў сувязі з прысутнасцю расейскіх войскаў у Беларусі для правядзення вучэнняў на мяжы з Украінаю распаўсюдзіла прэс-служба Ціханоўскай.

«Дэмакратычныя сілы катэгарычна супраць удзелу Беларусі ў ваенным канфлікце на чыім-кольвек баку. Гэта супярэчыць імкненню да нейтралітэту, закладзенаму ў дзейнай версіі Канстытуцыі. Нагадаю, што яна яшчэ не скасаваная», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Беларуская лідарка адзначае, што стан вайсковай эскалацыі робіцца нормаю для рэжыму.

«Лукашэнка не здольны развязваць эканамічных праблемаў, таму шукае ворагаў і адкладае рэформы. Гэта пагаршае і без таго няпростае становішча грамадзянаў Беларусі. Мы заклікаем пачаць развязваць унутраныя праблемы краіны, а не ўмешвацца ў чужыя канфлікты», – гаворыцца ў заяве.

Hавiны
Што трэба ведаць пра вучэнні «Саюзная рашучасць» і звязаныя з імі пагрозы
2022.01.20 10:40

«Мы выступаем катэгарычна супраць уцягвання Беларусі ў гібрыдны канфлікт, што развязваецца супраць Украіны. Рэжым запрашае расейскія войскі на тэрыторыю Беларусі ў перыяд палітычнага абвастрэння, што ўжо ёсць непрыязным крокам у дачыненні Украіны. Вобраз Беларусі як мірнай і дружалюбнай краіны разбураны канчаткова», – адзначае Святлана Ціханоўская.

Лідарка заявіла, што рэгулярнае зʼяўленне на тэрыторыі Беларусі замежных войскаў нясе пагрозу незалежнасці краіны і павялічвае напружанасць у рэгіёне, гэта не адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі:

«Межы і тэрытарыяльная цэласнасць дзяржаваў павінны быць недатыкальныя. Мы асуджаем любыя спробы замаху на чужую тэрыторыю.

Мы заклікаем развязаць усе канфлікты шляхам дыялогу без пагрозаў ужывання сілы або дэманстрацыі ваеннага рыхтавання».

Аб’ектыў
Расейскія вайскоўцы дабраліся да Рэчыцы
2022.01.19 21:59

«І я нагадаю, што Аляксандр Лукашэнка, які зазнаў паразу на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, не мае права займаць пасаду прэзідэнта, рэпрэзентоўваць дзяржаву ва ўнутранай і вонкавай палітыцы, у тым ліку абвяшчаць і праводзіць ваенныя вучэнні», – падсумавала Святлана Ціханоўская.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў