Канфлікт нарастае. «Chatham House» прэзентаваў даследаванне пра сацыяльную напружанасць у Беларусі


Даследаванне брытанскага цэнтру «Chatham House» сведчыць, што ў краіне цяпер высокі ўзровень непрымірымасці паміж прыхільнікамі пераменаў і электаратам Аляксандра Лукашэнкі, але адначасова праз страх ды апатыю пашыраецца дэпалітызацыя грамадства.

Даследаванне грамадскай думкі 20 студзеня прэзентаваў дырэктар Цэнтру новых ідэяў у справе даследаванняў і кіраўнік Беларускай ініцыятывы «Chatham House» Рыгор Астапеня.

Стаўленне да Лукашэнкі і пратэстаў

Самым вядомым палітыкам у Беларусі застаецца Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым адметна, што Святлана Ціханоўская мае амаль такі ж узровень пазнавальнасці. За ёй ідуць яшчэ пяць апазіцыйных палітыкаў: Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, Валер Цапкала, Марыя Калеснікава і Павел Латушка (72–89 %). Толькі пасля іх ў спісе размяшчаюцца Наталля Качанава, Уладзімір Каранік і Уладзімір Макей. Пры гэтым асаблівасць заключаецца ў тым, што прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі лепш ведаюць прыхільнікі пераменаў, чымся прыхільнікі дзейнай улады.

«Напрыклад, Наталлю Качанаву ведаюць 9 з 10 прыхільнікаў пратэсту і толькі 6 з 10 прадстаўнікоў «бастыёну Лукашэнкі» або нейтралаў. Гэта сведчыць пра тое, што прыхільнікі пратэсту – больш актыўныя людзі. Яны больш ведаюць, больш цікавяцца палітыкаю наагул», – тлумачыць Рыгор Астапеня.

Даследаванне «Chatham House». Скрыншот з відэа: Press Club Belarus / YouTube

Паводле даследавання, самыя папулярныя палітыкі ў Беларусі – гэта Лукашэнка і Бабарыка. 30 % беларусаў назвалі іхныя імёны ў ліку тых, за каго гатовыя прагаласаваць. Лукашэнку найбольш годным кандыдатам на пасаду прэзідэнта лічаць 27 %, а Бабарыку – 19 %. Але гэты разрыў не мусіць уводзіць у зман.

«Электарат Лукашэнкі скансалідаваны вакол ягонай асобы. А дэмакратычны электарат падзелены на некалькі палітыкаў. Калі дэмакратычных палітыкаў аб’яднаць, то іхны агульны электарат, натуральна, большы, чым у Лукашэнкі», – адзначае Астапеня. Пры гэтым 22 % рэспандэнтаў кажуць, што наагул не бачаць сярод палітыкаў людзей, якія былі б вартыя пасады прэзідэнта. «Аднак нейтралы, хутчэй, схільныя падтрымліваць дэмакратычных палітыкаў, чымся Лукашэнку», – дадае ён.

У Лукашэнкі вельмі высокі антырэйтынг – 46 %. А вось у Бабарыкі антырэйтынг нізкі, 24 %. Даволі значны антырэйтынг пры гэтым у Святланы і Сяргея Ціханоўскіх – 41 і 37 %.

Даследаванне «Chatham House». Скрыншот з відэа: Press Club Belarus / YouTube

Астапеня лічыць, што такое стаўленне да Ціханоўскіх тлумачыцца пэўным уплывам дзяржаўных медыяў. Гэта прытым, што дзяржаўнай прэсе большасць беларусаў (62 %) адназначна не давярае. Узровень даверу да недзяржаўных медыяў непараўнальна вышэйшы: 41 % ім давяраюць і толькі 24 % не давяраюць.

Даследаванне «Chatham House». Скрыншот з відэа: Press Club Belarus / YouTube

Давер да дзяржаўных органаў і інстытутаў вельмі нізкі. Прычым самы нізкі давер да Цэнтрвыбаркаму – 16 %. То бок гэтаму органу не давярае нават палова прыхільнікаў Лукашэнкі. Адзіная арганізацыя, якой давяраюць больш, чымся не давяраюць, – гэта армія (38 % супраць 37 %).

У параўнанні з мінулымі даследаваннямі павялічылася колькасць тых, хто не можа вызначыцца ў сваім стаўленні да органаў улады. «У грамадстве ёсць рост апатыі. Мы бачым, што большая колькасць людзей стараецца трымацца ў баку ад палітыкі, што звязана са страхам – у тым ліку пры правядзенні апытанняў», – канстатуе Астапеня.

Даследаванне «Chatham House». Скрыншот з відэа: Press Club Belarus / YouTube

Сярод недзяржаўных структураў акрамя незалежных медыяў самы высокі рэйтынг даверу ў незалежных прафсаюзаў, праваабарончых арганізацыяў і праваслаўнай царквы (па 36 %). Офісу Ціханоўскай давярае 25 %, Каардынацыйнай радзе – 24 %, а штабу Бабарыкі – 29 %.

Сацыяльная напружанасць

Даследаванне «Chatham House». Скрыншот з відэа: Press Club Belarus / YouTube

Толькі 10 % беларусаў адчуваюць сябе ў поўнай бяспецы і яшчэ 25 % хутчэй з гэтым згодныя. Не адчуваюць сябе ў бяспецы 48 % рэспандэнтаў (23 і 25 % адпаведна).

«Мы бачым, што сітуацыя тут даволі даўно не змяняецца. Беларусы не адчуваюць сябе ў бяспецы ў Беларусі», – кажа Астапеня.

У Беларусі паменшылася колькасць людзей, якія станоўчы ставяцца да акцыяў пратэсту: іх цяпер толькі 33 %, хаця ў лістападзе 2020 года было 46 %.

«Але тут важна разумець, што рэч не толькі ў стаўленні да пратэстаў, але і ў жыццяздольнасці такіх акцыяў. Людзі могуць не падтрымліваць пратэсту, бо бачаць: у сённяшніх умовах пратэст бессэнсоўны, ён не толькі не можа прывесці да перамогі, але і пацягне за сабою рэпрэсіі», – кажа Астапеня.

Разам з тым большасць беларусаў станоўча ставіцца да патрабаванняў пратэстоўцаў. За новыя выбары выступаюць 60 %, за вызваленне палітвязняў – 59 %, за сумленнае расследаванне злачынстваў сілавікоў – 68%, за поўнае спыненне гвалту – 60 %, за адстаўку Лукашэнкі – 44 %. «Колькасць тых, хто не падзяляе гэтых патрабаванняў, не павялічваецца. Але павялічваецца колькасць тых, хто не можа даць адказу. Гэта звязана з ростам апатыі, расчараваннем і страхам у грамадстве», – рэзюмуе Астапеня.

Даследаванне «Chatham House». Скрыншот з відэа: Press Club Belarus / YouTube

Прыхільнікі пратэстаў лічаць, што сацыяльная напружанасць у грамадстве вельмі вялікая ці нават катастрафічная. Гэтую думку падзяляюць і большасць так званых нейтралаў. 94 % прыхільнікаў пратэстаў і 60 % нейтралаў не атаясамліваюць сябе з дзяржавай і лічаць, што дзяржава не абараняе іхных інтарэсаў. У цэлым колькасць тых, хто лічыць, што Беларусь – гэта не іхная дзяржава, павялічылася.

«Мы бачым, што год прайшоў для беларускага адзінства няўдала. Больш за палову беларускага грамадства лічыць, што ў краіне сацыяльны канфлікт нарастае. Толькі адзін з дзесяці лічыць, што ніякай сацыяльнай напружанасці і канфліктаў няма, – канстатуе Астапеня. – Мы бачым, што раскол у грамадстве стаў значна большым у параўнанні з тым, што было раней».

Павялічылася і сацыяльная дыстанцыя паміж прыхільнікамі пераменаў і электаратам Лукашэнкі.

«Паміж «ядром пратэсту» і «бастыёнам Лукашэнкі» існуе істотнае ўзаемная непрыязнасць. Яны вельмі негатыўна ставяцца адно да аднаго: не хацелі б быць ні сваякамі, ні сябрамі, ні суседзямі, ні калегамі», – падкрэслівае Астапеня. «Бастыён Лукашэнкі» пры гэтым менш талерантны наагул да ўсіх іншых сацыяльных групаў.

Астапеня кажа, што прыхільнікі Лукашэнкі радыкалізуюцца і ўсё больш непрымірэнча ставяцца да тых, хто прытрымліваецца іншых пунктаў гледжання:

«У нейкай ступені яны змушаныя гэта рабіць, Лукашэнка іх змушае. Бо калі яны не будуць верыць, што Ціханоўская – тэрарыстка, то як можна апраўдаць усе дзеянні ўладаў? Таму градус негатыўнага стаўлення да прыхільнікаў пратэсту расце».

Даследаванне «Chatham House». Скрыншот з відэа: Press Club Belarus / YouTube

«Chatham House» даследавала і стаўленне да дзяржаўных сімвалаў. Чырвона-зялёны сцяг падтрымліваюць 49 % рэспандэнтаў, бел-чырвона-белы сцяг – 26 %, а 25 % не блізкі ні тыя, ні іншыя сімвалы. Астапеня падкрэслівае: шмат для каго чырвона-зялёны сцяг звязаны з успрыманнем Беларусі ў прынцыпе як дзяржавы, то бок падтрыманне гэтых сімвалаў не азначае падтрымання Лукашэнкі ды ягонай палітыкі.

Стаўленне да Расеі і Захаду

39 % рэспандэнтаў выступаюць за тое, каб Беларусь адначасова была ў саюзе і з Расеяй, і з ЕЗ. Яшчэ каля 20 % супраць любых геапалітычных саюзаў.

«У краіне ёсць запыт на тое, каб Беларусь мела роўнанабліжаныя або роўнааддаленыя стасункі з ЕЗ і Расеяй ды не ўваходзіла ў геапалітычныя саюзы», – адзначае Астапеня.

Даследаванне «Chatham House». Скрыншот з відэа: Press Club Belarus / YouTube

Саюз з Расеяй, паводле даследавання, падтрымліваюць 29 % беларусаў. Аднак такі саюз беларусы пераважна ўспрымаюць як эканамічную супрацу – зону свабоднага гандлю і адзіную эканамічную прастору без палітычнай інтэграцыі падтрымліваюць 27 і 41% рэспандэнтаў адпаведна. За палітычнае аб’яднанне выступаюць толькі 12 %, а за ўваходжанне ў склад Расеі – 4 %. Саюз з Расеяй найчасцей выбіраюць прыхільнікі Лукашэнкі, і толькі электарат дзейнай улады падтрымлівае палітычную інтэграцыю. «Бастыён Лукашэнкі» таксама любіць Уладзіміра Пуціна.

Даследаванне «Chatham House». Скрыншот з відэа: Press Club Belarus / YouTube

Прыхільнікі пераменаў, наадварот, пераважна дрэнна ставяцца да Пуціна і выступаюць у асноўным за роўнанабліжаныя стасункі з Расея і ЕЗ або за курс на еўрапейскую інтэграцыю.

Стаўленне да вайсковага нейтралітэту ў беларусаў супярэчлівае. З аднаго боку, 57 % выступаюць за тое, каб Беларусь заставалася чальцом АДКБ (апытанне праводзілася да аперацыі блоку ў Казахстане), але пры гэтым 63 % выступаюць за імкненне да нейтралітэту. Пры гэтым у параўнанні з летам 2021 года ў Беларусі вырасла колькасць людзей, якія рэзка супраць размяшчэння ў краіне расейскай вайсковай базы – іх цяпер 48 %.

***

Даследаванне «Chatham House» праводзілася з 1 да 10 лістапада 2021 года метадам інтэрнэт-інтэрв’ю сярод гарадскіх жыхароў Беларусі. Аўтары даследавання заклікаюць улічваць гэты фактар: магчыма, у цэлым па краіне ўзровень падтрымання Лукашэнкі можа быць вышэйшы. Але адначасова варта ўлічваць фактар страху: ва ўмовах палітычных рэпрэсіяў людзі могуць не заўсёды шчыра адказваць на пытанні. Як адзначыў Астапеня, пра фактар страху сведчыць, напрыклад, той факт, што з кожным апытаннем «Chatham House» памяншаецца колькасць рэспандэнтаў, якія прызнаюцца ў тым, што галасавалі ў 2020 годзе за Святлану Ціханоўскую. Агулам Рыгор Астапеня ацэньвае ўплыў фактару страху памерам да 9 %.

Hавiны
Палітолаг Рыгор Астапеня: Беларусь стане вялікім канцлагерам або ўлады пойдуць на саступкі
2020.08.30 08:40

РР belsat.eu

 

Стужка навінаў