Чарговае касмічнае фіяска ў Расеі


Чарговае касмічнае фіяска ў Расеі. Пры старце на дзевятай хвіліне ракета-носьбіт “Пратон-М” пацярпела аварыю. Разам з ёю згарэў спадарожнік сувязі “Экспрэс-АМ4Р”, які мусіў забяспечыць інтэрнэтам цяжкадаступныя і аддаленыя рэгіёны краіны.

{movie}Крызіс касмічнай галіны |right|16486{/movie}

Адметна, што гэта восьмая аварыя “Пратонаў” за апошнія восем гадоў. Пры гэтым толькі ў выніку апошняй аварыі страты склалі больш за 150 мільёнаў еўраў. Знішчаюцца не толькі ракеты, але і спадарожнікі, апараты “Глонас”. Апошнія, дарэчы, маюць стаць альтэрнатываю міжнароднай сістэмы навігацыі GPS, якую ўлады Расеі вырашылі адключыць ужо з чэрвеня.

Зрэшты, чыноўнікі нашай усходняй суседкі прыгразілі не толькі адмовіцца ад GPS, але і заблакаваць нават найпапулярнейшыя ў свеце сацыяльныя інтэрнэт-сеткі “Facebook” і “Twitter”. Пра такі намер заявілі ў Раскамнаглядзе. У ведамстве абураюцца тым, што нібыта гэтыя рэсурсы не выконваюць расейскага заканадаўства – сярод іншага, у галіне супрацьдзеяння распаўсюду экстрэмісцкай інфармацыі. Прадстаўнікі ж апазіцыі Расеі лічаць, што такім чынам улады імкнуцца абмежаваць распаўсюд незалежнай інфармацыі.

Праўда, актыўны карыстальнік сацсетак прэм’ер Расеі Дзмітрый Мядзведзеў выступіў у іх абарону і параіў чыноўнікам уключаць мазгі ды не казаць пра закрыццё інтэрнэт-сайтаў. Таксама аб недапушчальнасці пераследу медыяў і сацыяльных сетак заявіў прэсавы сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў. Адметна, што Уладзімір Пуцін нядаўна назваў інтэрнэт як такі “праектам ЦРУ”.

Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў