STARавіны. У здаровым целе – здаровы дух


Як жылі нашыя продкі? Што елі, дзе бавіліся, як апраналіся? Што іх хвалявала і весяліла? Гісторыя – гэта не толькі даты і войны. Гісторыя – гэта і тое, з чаго складаецца штодзённае жыццё. А што, як ні газеты, якія выдаваліся 100 гадоў таму, распавядзе нам пра гэта? У падарожжа ў штодзённасць мінулага запрашае вас гісторык, прафесар Вячаслаў Швед.

Хутка нас чакае чэмпіянат свету па хакеі. А якія віды спорту былі папулярныя сярод беларусаў 100 гадоў таму?

На здзіўленне, у прагледжаных мною старых газетах вельмі мала гаворыцца пра спорт і фізкультуру. Відаць, у пачатку ХХ стагоддзя яны толькі пачыналі развівацца як модны від баўлення часу. А яшчэ менавіта тады «пацягнула да здаровай атмасферы», як напісаў аўтар артыкулу «Фізічнае выхаванне», які схаваўся пад псеўданімам «Черномор». З ягоных словаў: «Жыццё Расеі ўскладняецца і ў шэрагу яе ўскладненняў яно ставіць задачы стварэння здаровай, моцнай воляю творчай індывідуальнасці» («Могилёвский вестник», № 73, с. 2).

Напэўна, першымі за развязанне гэтай задачы ўзяліся вайскоўцы. Загадам № 111 вайсковага ведамства для афіцэраў увялі спартовае адзенне, якое трэба насіць падчас выканання спартовых практыкаванняў, а таксама падчас паездкі ў чыгуначным вагоне. Акрамя таго, дазволена насіць агульнапрынятыя паляўнічы касцюм для гімнастыкі, касцюм для атлетыкі і грэблі, касцюм для лаўн-тэнісу і касцюм для яхтавага спорту (МВ, 1913, 17(30).04).

Гарадзенская футбольная каманда WKS Grodno. Фота Narodowe Archiwum CyfroweГарадзенская футбольная каманда WKS Grodno. Фота Narodowe Archiwum CyfroweПачалі стварацца розныя таварыствы і гурткі для развіцця фізкультуры ды спорту. Магілёўскае таварыства садзеяння фізічнаму выхаванню вучняў у сярэдніх навучальных установах 14 жніўня 1913 года арганізавала на гімнастычным пляцы спаборніцтва па лаўн-тэнісе з узнагароджаннем пераможцаў срэбным жэтонам (МВ, 1913, № 176, c. 3). 1 верасня таварыства правяло спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы: кіданне металічнага дыску, ядра, кіданне дроцікаў, скачкі ў даўжыню і вышыню, бег на хуткасць. У пераможцаў былі наступныя вынікі: дыск кінулі на 31,2 м, ядро – на 9,5 м, скачок у даўжыню – на 5,32 м, у вышыню – на 1,5 м, 100 м прабеглі за 13,2 хвіліны (МВ, № 194, с. 3).

У сакавіку 1913 года некалькі жыхароў Гомля падалі хадайніцтва ў губернскае ўпраўленне ў справах пра таварыствы заяву аб рэгістрацыі гуртку «Спорт», які будзе для целавага развіцця і ўмацавання здароўя арганізоўваць гульні ў футбол, хакей, лаўн-тэніс і г. д., спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы ды гімнастыцы, водны і веласіпедны спорт, зімовыя віды – лыжы, канькі, сані, буер. Недзе ў траўні–чэрвені 1913 года гурток пачаў дзеяць (МВ, № 67, с. 3; № 115, с. 3).

З 15 да 25 жніўня 1913 года праходзіла першая расейская алімпіяда, арганізаваная расейскім алімпійскім камітэтам і алімпійскім камітэтам усерасейскай выставы ў Кіеве. Права браць удзел атрымалі спартоўцы-аматары (мужчыны ды жанчыны) ва ўзросце не маладзей за 17 гадоў. Пераможцаў узнагароджвалі медалямі і дыпломамі (МВ, № 146, с. 3).

Вячаслаў Швед, для belsat.eu
Стужка навінаў