Я ведала Алега Гулака ледзь не ўсё жыццё

Пра смерць праваабаронцы, старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэту Алега Гулака стала вядома 16 снежня. Яму было 55 гадоў.

Даведка
Фота: Алег Гулак / Facebook

Мне падаецца, што я ведаю Алега Гулака ледзь не ўсё жыццё. Хаця для некаторых, хто нарадзіўся ў сярэдзіне 1990-х, гэта і будзе цэлае жыццё. Калі згадваю нашыя сустрэчы і часам нейкія дыскусіі, то не памятаю, каб ён быў нейкім хмурным. У яго была каштоўная манера дыскутаваць, не падвышаючы голасу. Так склалася, што мы з Алегам звычайна жартавалі. Ён любіў нейкія смешныя ці кур’ёзныя гісторыі ды ўжо апошнім часам усё часцей казаў: «Калі не хочаш напісаць кнігі, то напішы хаця б нейкія нататкі пра мянтоў, пра суды. Бо час ідзе, і мы ж не ведаем, што нас чакае. Я не ў тым сэнсе, што ты памрэш і ў магілу забярэш гэтыя ўспаміны. Папросту раптам які патоп здарыцца ці вайна, а людзі ад стрэсу забываюць нешта, як дробязі. Шкада будзе». Я на гэта звычайна жартавала ў адказ. І ён сам пачынаў нешта згадваць.

…Неяк у 1998-м давялося нам паспрачацца істотна. Мы былі на чарговых працэсах над дэманстрантамі ў Цэнтральным судзе, калі ён яшчэ быў на Багдановіча. Напярэдадні мне перадалі з Валадаркі цыдулку, каб я дапамагла чалавеку, якога трымалі ў камеры смяротнікаў. Знайшліся сваякі таго чалавека, перадалі некаторыя матэрыялы справы. Мяне тады ўразілі яўныя нестыкоўкі. Да таго ж выйшлі нейкія публікацыі ў дзяржаўным друку, дзе гэтага чалавека, Івана Фаміна, называлі садыстам і забойцам. А прысуд яшчэ не ўступіў у законную моц. Не было яшчэ «Вясны». Людзі прыходзілі да мяне ва Управу БНФ са сваімі праблемамі. Тады Алесь Бяляцкі, калі даведаўся пра гэтую справу, сказаў мне, што не варта брацца за такое: маўляў, потым на БТ скажуць, што вось яны якія, гэтыя бэнээфаўцы – абараняюць забойцаў. Але я не пагадзілася.

І вось я ў калідоры Цэнтральнага суда распавядаю Алегу пра расстрэльную справу Івана Фаміна. І тут Алег таксама пачынае пераконваць мяне, што тэма слізкая, неадназначная, вельмі мне не раіць ёю займацца. Мяне нешта як падхапіла – і я пачала з жарсцю даказваць сваю правату. Казала, казала, казала… А ён: «Спакойна. Ну, паспрабуй, можа, што і атрымаецца». Потым наступіла паўза. Каля нас з’явіліся міліцыянты. Яны пачалі патрабаваць, каб людзі пасунуліся. Нехта пачаў ім пярэчыць. Пайшлі ў ход абразы. Калі наступіла чарговая паўза, Алег вярнуўся да нашай размовы і сказаў: «Я толькі непакоіўся за твой імідж. Як бы не ўпаў». І раптам вызірае з рогу міліцыянт і кажа: «У мяне з гэтым усё ў парадку. Сам таблетак папі». Мы на яго вылупіліся, пераглянуліся – і як пачалі рагатаць… Не маглі спыніцца.

…Апошні раз Алега бачыла нажыва, калі запісвала нейкі каментар. Як толькі скончыўся запіс, пачалі гаварыць і гаварылі ледзь не адначасова. Неўзабаве аператар пачаў нервавацца, казаў, што трэба ехаць. Мы развіталіся. Калі садзілася ў машыну, убачыла, што Алег яшчэ стаіць і глядзіць услед. Мы памахалі адно аднаму рукой, і гэта была нашая апошняя сустрэча. Вельмі шкада, што чалавек сышоў у такім узросце, калі меў столькі планаў. І асабліва шкада, калі гэты чалавек быў, як цяпер высветлілася, і не зусім чужы для цябе на гэтым свеце.

Меркаванні
Не трэба жартаваць наконт пазбаўлення грамадзянства
2022.12.18 11:10

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў