news
Рэпартаж
Багаслоў Андрэй Кураеў у Варшаве: Лукашэнку патрэбная царква, але патрэбная – як яшчэ адзін камсамол
Паслухалі лекцыю пра гісторыю Царквы як катастрофу
19.11.202315:00

Вядомы расейскі багаслоў, блогер і дысідэнт Андрэй Кураеў выступіў у Варшаве з адкрытай лекцыяй пра гісторыю Царквы як катастрофу. Яго выступ у канферэнц-зале факультэту «Artes Liberales» Варшаўскага ўніверсітэту з дэбатамі, якія рушылі за ім, расцягнуўся амаль на тры гадзіны. Сам Кураеў папрасіў успрымаць сваю лекцыю як правакацыю. Пасля яе ён адказаў на тры пытанні «Белсату».

Андрэй Кураеў падчас выступу ў Варшаўскім універсітэце.
Фота: Таццяна Верамеева/ Белсат

На самым пачатку выступу Андрэй Кураеў прызнаўся, што лекцыя, з якой ён выступіць, «спазнілася на 25 гадоў», таму што найбольш дарэчная яна была б напярэдадні міленіуму – на мяжы стагоддзяў. Тады гэта стала б «падвядзеннем вынікаў духу хрысціянства за гэтыя тысячагоддзі».

Колькі душ выратавала царква за 2000 гадоў?

«На жаль, у нас няма самай галоўнай царкоўнай статыстыкі. Колькі душ царква выратавала за гэтыя дзве тысячы гадоў?.. Таму нам даводзіцца даваць справаздачу пра нешта нашмат менш важнае. Казаць, што царква падарыла алфавіт і пісьменнасць гэткаму народу, натхніла гэткіх мастакоў, выхавала гэткіх выдатных пісьменнікаў і гэтак далей. Але гэта нешта другаснае», – наракаў Андрэй Кураеў.

У выступе багаслоў паспрабаваў прасачыць, пра што марыла хрысціянская царква з самага свайго заснавання, а дакладней – пра што бачыла сны («Што табе сніцца, крэйсер «Аўрора» – гэта вельмі важна. Скажы мне, што табе сніцца, і я скажу, хто ты»).

Слушатели лекции протодиакона Андрея Кураева «История Церкви как катастрофа» в Варшавском университете. Варшава, Польша. 15 ноября. Фото: Татьяна Верамеева / Белсат

«Каноны – гэта мара царквы пра сябе самую. Яны ніколі не выконваліся, але гэта мара царквы. Каноны царкоўнага права. А абраз – гэта мара Бога пра чалавека. Менавіта так», – тлумачыў Кураеў.

Ні адна з гэтых мараў, з гэтых «сноў царквы», па думцы Кураева, так і не спраўдзілася. Не ажыццявілася мара першых хрысціянаў аб неўміручасці («…і раптам, пасля гэтай агульнай велікоднай перакананасці, мы, пакаленне пераможцаў смерці, пачынаем паміраць»). Не спраўдзілася і мара аб хуткім вяртанні Хрыста, які павінен прыйсці і «усіх забраць з сабою».

«І гэта не спраўдзілася. Прыйшлося атрымліваць пастаянную прапіску. А здавалася, мы тут ненадоўга… А не, мы тут не выпадкова, гэта значыць не проста на хвілінку зайшлі і хутка ўцячэм, а трэба абжывацца. А значыць: з ваўкамі жыць – па-воўчы выць», – адзначае Андрэй Кураеў.

Не быў таксама ўвасоблены ў жыццё сон пра «містычны анархізм» – мара хрысціянаў аб роўнасці ўсіх перад Богам і адсутнасці ўсялякіх »прафесійных пасярэднікаў».

«Вось гэтая мара пра тое, што магчымы такі містычны онлайн з Богам, містычны анархізм, роўны доступ для ўсіх – гэта даволі хутка сышло ў мінулае», – кажа Кураеў.

Царква як вулкан, які астывае

Раз усяго гэтага не адбылося, свет царквы вяртаецца ў свет людзей са сваімі звычайнымі чалавечымі законамі – сацыялогіі, палітыкі і гэтак далей. Замест таго, каб «не клапаціцца пра заўтрашні дзень», царква пачынае займацца вялікай геапалітыкай. А потым з’яўляецца царкоўнае права.

Протадыякан Андрэй Кураеў выступае з лекцыяй у Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 15 лістапада 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Вельмі хутка аказалася, заўважае Кураеў, што нават «віртуоз рэлігійнасці», прафесіянал рэлігійнасці можа апынуцца чалавекам абсалютна бясталентным з пункту гледжання сумлення і этыкі.

«Чалавек можа быць рэлігійным, вельмі ўражлівым, спагадным і пры гэтым – этычна тупым. Проста вось без эмпатыі, без пачуцця дабра і зла. Гэта тое, што мы бачым нават сёння ў жыцці Расеі, калі нібыта прыстойныя царкоўныя людзі, святыя падзвіжнікі, пустэльнікі, старцы не могуць адрозніць элементарнай агрэсіі ад абароны», – кажа Андрэй Кураеў.

Падчас лекцыі святар падмацоўваў свае думкі цытатамі з паэзіі Марыны Цветаевай і Андрэя Вазнясенскага, цытаваў герояў «Матрыцы» і «Снежнай каралевы». Пагружаў слухачоў у сэнс і этымалогію словаў.

У выніку ён прыйшоў да высновы, што царква нагадвае цяпер вулкан Эйяф’ядлайёкюдль у Ісландыі (апошняе вывяржэнне адбылося ў 2010 годзе). Яго распаленыя, падпаленыя камяні ўзляталі ў стратасферу, падалі і астывалі – «і цяпер валяюцца дзесьці на дне акіяну або на беразе».

«Са словаў Амара Хаяма, «гэтыя камяні ў пылу – пад нагамі ў нас»… І вось царква падобная на гэта жарала патухлага вулкану, які, можа быць, дыміцца часам, а часам, можа быць, нейкі гейзер прачынаецца. Турысты могуць там імбрычак паставіць і каву зварыць да свайго задавальнення або зрабіць фотаздымку, але не больш за тое», – правёў паралель Андрэй Кураеў.

«Не высновы, а правакацыя»

«Вось у гэтым сэнсе я і кажу, што царква стала катастрофай, дакладней – гісторыя царквы. Гэта значыць тое, пра што марылася спачатку, не спраўдзілася… І ў гэтым ёсць і плюсы, і мінусы. Таму што гэта вялікае дабро для царквы, што яна змагла пайсці шляхам мінімізацыі сваіх патрабаванняў. Гэта дазволіла ёй утрымацца на зямных арбітах і не зляцець яшчэ ніжэй. Але гэта і тое, што не дало ёй узляцець вышэй», – падвёў вынік Андрэй Кураеў.

У канцы багаслоў адзначыў, што не ставіць «канчатковай ацэнкі», і што яго задачай было проста «пазначыць праблемнае поле». Падчас дыскусіі пасля лекцыі Кураеў падкрэсліў, што ягоныя «разважанні – гэта не высновы, а правакацыя» («Думайце, шукайце…»).

Удзельнікі дыскусіі слухаюць выступ дыякана Андрэя Кураева з лекцыяй «Гісторыя Царквы як катастрофа» у Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 15 лістапада.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Удзельнікі дэбатаў, сярод якіх прафесары Варшаўскага ўніверсітэту Міхал Яноха, Ежы Аксер, Томаш Тэрлікоўскі, Томаш Гербіх, а таксама прысутныя на сустрэчы слухачы, выказвалі сваё меркаванне аб пачутым і задавалі лектару нямала пытанняў (дыскусія доўжылася каля дзвюх гадзін). Пункты гледжання – ад захаплення да непрымання. Але абсалютна ўсё выказвалі падзяку лектару за арыгінальнасць і «цікавыя думкі».

«Камсамол для старэйшага ўзросту»

Адразу пасля заканчэння сустрэчы Андрэй Кураеў надаў некалькі хвілін журналісту «Белсату». Мы задалі святару пытанне аб нашым, беларускім, сне – аб Беларусі без Лукашэнкі. Калі дакладней, спыталі, што стане з Беларускай праваслаўнай царквой, калі не будзе Лукашэнкі. На думку Кураева, усё будзе залежаць ад таго, хто стане на яе чале.

«Адрозненне рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі ад расейскай у тым, што ў Беларусі ёсць жывая канкурэнцыя канфесіяў. Ёсць альтэрнатыва ў выглядзе каталіцкай царквы і ёсць ідэя адраджэння беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы.

Таму пытанне ў тым, ці зможа гэтую ідэю аўтакефаліі ўзначаліць хтосьці з цяперашніх або будучых лідараў беларускай царквы, якая пад Маскоўскім патрыярхатам, ці ж гэта будуць зусім іншыя людзі, а можа быць – Канстанцінопальскі патрыярхат. Вось ад гэтага ўсё залежыць», – адказаў Андрэй Кураеў.

Слухачы лекцыі протадыякана Андрэя Кураева «Гісторыя Царквы як катастрофа» у Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 15 лістапада.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Папрасілі таксама выказацца з нагоды рэпрэсіяў, якім падвяргаюцца сёння святары і вернікі розных канфесіяў у Беларусі. На думку Кураева, гэта не рэпрэсіі супраць рэлігійных дзеячаў, а спроба заглушыць наогул усе «нязгодныя галасы».

«Гэта проста жаданне, каб любыя нязгодныя галасы не выкарыстоўвалі ніякія магчымыя трыбуны – ні ў інтэрнэце, ні ў прэсе, ні ў царкоўным народзе», – лічыць Андрэй Кураеў.

Hавiны
Замест кадзіла – аўтамат? У беларускае войска набіраюць святароў
2023.11.17 15:27

На яго погляд, Аляксандру Лукашэнку царква патрэбная, але патрэбная «у якасці паслухмянага інструмента».

«Яшчэ адзін камсамол. Камсамол для старэйшага ўзросту», – сказаў Кураеў.

«Біскуп можа адмовіцца ад катлеты, але не ад кавалка ўлады»

«Што трэба будзе зрабіць, каб царква не была камсамолам, каб у будучыні падзяліць царкву і дзяржаву?» – задаем апошняе пытанне.

«Для гэтага патрэбны сацыяльны заказ. Трэба каб сацыяльныя эліты разумелі неабходнасць кіравання строгім прынцыпам аддзялення царквы ад дзяржавы. Таму што сама царква аддзяляцца ад дзяржавы па ўласнай ініцыятыве не будзе ніколі.

У праваслаўную традыцыю не ўшыты палітычны аскетызм. Гэта значыць, што біскуп можа адмовіцца ад мясной катлеты, але ён не адмовіцца ад кавалка ўлады, калі яму дзяржава прапануе нешта яшчэ ўзяць пад кантроль. Таму пытанне толькі ў сацыяльнай эліце і ў самой дзяржаве: бачыць яна плюсы ў гэтым партнёрстве з царквой ці ж мяркуе, што ўсё ж такі будзе лепш для ўсіх трымаць дыстанцыю», – адказаў Андрэй Кураеў.

Багаслоў Андрэй Кураеў у Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 15 лістапада.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Андрэй Кураеў – расейскі рэлігійны і грамадскі дзеяч, багаслоў, філосаф, публіцыст, блогер, місіянер. Протадыякан маскоўскага храму Архангела Міхаіла (расейская прэса называе яго «былым протадыяканам»). Кандыдат філасофскіх навук і багаслоўя, прафесар Маскоўскай духоўнай акадэміі (2004–2013).

  • У 2020 годзе ў сваім блогу, які ён вядзе з 2008 года, не раз выказваўся ў падтрымку беларускага народу, які пратэстуе супраць рэжыму Лукашэнкі.
  • Кураеў выступіў супраць вайсковай агрэсіі Расеі супраць Украіны, і ў жніўні 2022 года быў аштрафаваны за «дыскрэдытацыю» войска РФ.
  • 29 снежня 2020 года епархіяльны царкоўны суд Масквы прыняў рашэнне аб пазбаўленні Кураева сану, якое ўступіла ў сілу пасля яго зацвярджэння Патрыярхам Маскоўскім Кірылам 28 красавіка 2023 года. Сам Кураеў гэтае рашэнне не прызнаў.

На пачатку лістапада 2023 года Андрэй Кураеў пакінуў Расею і з’ехаў у Чэхію.

Шчыра кажучы
РПЦ у Беларусі бегае на пасылках у Лукашэнкі
2023.11.14 17:00

Дзмітрый Міраш / ІР belsat.eu